Хутка ў Полацкім раёне адкрыецца новая аграэкасядзіба (+ фота)

Главное

У кожнага з нас сваё ўяўленне пра адпачынак. Хтосьці імкнецца ў далёкія далі, каб пагрэцца паўднёвым сонцам на беразе мора, кагосьці вабяць экскурсіі ў Еўропу. Тыя, хто паспрабавалі і тое, і іншае, шукаюць штосьці новае. І знаходзяць. Недалёка ад дома, у прыгожым куточку роднага краю.

Апошнім часам у нашай краіне стаў распаўсю­джвацца сельскі агра­экатурызм. Полацкі раён таксама крочыць у нагу з часам, некаторыя нашы аграэкасядзібы ўжо занялі сваю нішу ў гэтай справе і паспяхова працуюць. Хутка колькасць аграэкасядзіб Полацкага раёна (зараз іх — 24) папоўніцца яшчэ адной, якая будзе створана на базе сялянска-фермерскай гаспадаркі «Канашы-Агра», што знаходзіцца ў Вароніцкім сельсавеце.

Мы завіталі ў «Канашы-Агра» 19 студзеня, як раз на свята Хрышчэння Гасподняга. У выхадны дзень на адпачынак, на бераг маляўнічага возера Канашы прыехалі каля 50 чалавек — госці з Віцебска, Полацка і Наваполацка.

Намеснік галавы сялянска-фермерскай гаспадаркі Анатоль Радзько правёў для нас экскурсію, якая, шчыра кажучы, уразіла. На пустыры плошчай 7 гектараў за некалькі год (з 2008 года) вырас сучасны комплекс для адпачынку. Госці могуць размясціцца ў 5 камфартабельных доміках, у якіх праведзена вада, ёсць санвузел, прыгожая зручная мэбля. Пабудаваны асобныя будынкі, у якіх размешчаны вялікая кухня, зала для правядзення ўрачыстасцяў і лазня. Анатоль Радзько расказаў, што мінулым летам на тэрыторыі гаспадаркі гараджане з задавальненнем святкавалі вяселлі, адзначалі юбілеі, прафесійныя святы. Мы звярнулі ўвагу на некалькі катамаранаў, якія чакаюць свайго часу на беразе, і даведаліся, што госці ў летнюю пару вельмі любяць на іх катацца. Падзівіліся мы і на незвычайны зімовы атракцыён, які Анатоль Радзько зрабіў сам. На возеры да апоры прыстасаваны санкі, якія, калі іх штурхнуць, ездзяць па крузе…

На фермерскім падворку гадуюцца гусі, авечкі, куры. Наш экскурсавод расказаў, што сваіх гасцей, якія прыехалі на Хрышчэнне на адпачынак, яны будуць частаваць засмажанымі гусакамі, яешняй з дамашняй каўбасой.

Пакуль мы знаёміліся з ся­дзібай, многія госці ўжо пабывалі ў лазні і далучыліся да народнай традыцыі акунання ў лунцы. Смельчакі былі задаволены, што гаспадары сядзібы прадаставілі ім такую магчымасць: вытапілі лазню, падрыхтавалі лунку, нават святы абраз павешалі ля яе…

На вуліцы скрыпеў мароз, а ў зале адпачынку было цёпла і весела. Грала музыка, госці пілі гарбату. Тыя, хто браў з сабой мяса, смажылі шашлыкі. Для іх прыгатавання (як і для іншай ежы) тут створаны добрыя ўмовы. Госці расказалі, што ў «Канашы-Агра» яны прыехалі ўжо не першы раз. Тут іх заўсёды гасцінна сустракаюць, тут ім рады. Тут блізка возера — можна парыбачыць і зімой, і летам.

Анатоль Радзько расказваў, што сядзіба будзе развівацца. У планах ёсць нават будаўніцтва рэстарана. Няхай так і будзе!

Як дамовіцца на арэнду доміка ў «Канашах-Агра»? Мы з лёгкасцю знайшлі кантакты гаспадароў у Інтэрнэце. Паспрабуйце і вы, калі зацікавіліся.

Аліна БАЛЬШАКОВА.
Фота Андрэя МАРЦЫНКЕВІЧА.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *