У Полацку ўручылі пашпарты юным грамадзянам Беларусі

Главное

…Любоў да Радзімы, адказнасць за лёс сваёй краіны, клопат пра яе росквіт. Гэтыя якасці ўласцівы кожнаму грамадзяніну нашай краіны. Дзе б ні быў беларус, на сваёй зямлі ці далёка за мяжою, ён заўсёды ганарыцца прыналежнасцю да сваёй сінявокай Беларусі.

У той сакавіцкі, па-сапраўднаму цёплы дзень 22 юныя жыхары Полаччыны сталі паўнавартаснымі грамадзянамі Беларусі з усімі правамі і абавязкамі, якія прапісаны ў Канстытуцыі. Асноўны закон Рэспублікі Беларусь адзначыў дваццацігоддзе ў мінулую суботу, 15 сакавіка. Пашпарт, а таксама копію Канстытуцыі і кнігу «Я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь» вучні школ Полацка і Полацкага раёна атрымалі ад намесніка старшыні Полацкага раённага выканаўчага камітэта Пятра Пяткевіча і намесніка начальніка аддзела па грамадзянству і міграцыі Полацкага раённага аддзела ўнутраных спраў Наталлі Шаўчук. Хлопцы і дзяўчаты, якія стаялі ў шэрагу са шчырай усмешкай і яскравымі, поўнымі гонару вачыма, ніколі не забудуць­ гэты дзень!

Са зваротным словам ад імя юных грамадзян Рэспублікі Беларусь выступіў Дзмітрый Прыймак, вучань СШ №10: «Мы — маладое пакаленне — уступаем у адзін з самых важных і адказных этапаў у лёсе кожнага чалавека. Перад намі адкрытыя ўсе шляхі, і кожны з нас выбярэ сваю дарогу!».

На гэтым урачыстым мера­прыемстве, апанаваным энергіяй маладосці, таксама ўручаны членскія білеты Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі вучням і (упершыню!) маладым педагогам Полацкай дзяржаўнай гімназіі №1, а таксама вучням СШ №10. Гэтыя дакументы яны атрымалі з рук галоўнага спецыяліста аддзела адукацыі, спорту і турызму Полацкага райвыканкама Іны Волчак, першага сакратара Полацкай раённай арганізацыіі ГА «БРСМ» Ганны Кашчэва, старшыні Полацкай раённай ветэранскай арганізацыі Галіны Муравей, а таксама ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны Віктара Любавіцкага і Мікалая Сушкова.

Мікалай Піліпавіч выступіў перад прысутнымі, выказаўшы спадзяванне, што хлопцы і дзяўчаты — юныя беларусы — у будучым здзейсняць шмат добрых спраў на карысць нашай краіны. А Іна Волчак пажадала, каб гэтая падзея стала новым імпульсам для поспехаў у вучобе і творчасці. «Будзьце дастойнымі грамадзянамі Рэспублікі Беларусь!» — заклікала яна.

Музычнымі нумарамі віншавалі прысутных навучэнка Полацкага каледжа УА «Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава» Вікторыя Паплеўчанка, вакальная група «Мелодыя» з гэтага ж каледжа, а таксама вучаніца СШ №1 Дар’я Крупская. Юных грамадзян Рэспублікі Беларусь павіншавалі і піянеры з СШ №10.

…Рана ці позна дзяцінства заканчваецца. Надыходзіць новы час — для ўвасаблення мараў, час стварэння і перамен. Будучыня Беларусі — у руках гэтых пакуль яшчэ зусім юных, але актыўных і мэтанакіраваных грамадзян нашай краіны. Верыцца, што з уласцівымі ім энергіяй і энтузіязмам, ведамі і здольнасцямі яны зробяць усё неабходнае для таго, каб квітнелі Полаччына і ўся Беларусь!

Ігар ПАЛЫНСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *