На беразе возера Боўныра ў Полацкім раёне ўсталявалі памятны знак лётчыку Аляксандру Мамкіну

Великой Победе посвящается Главное

…Нямецкае акупацыйнае камандаванне вырашыла выкарыстоўваць выхаванцаў Полацкага дзіцячага дома №1 у якасці донараў крыві для параненых нямецкіх салдат. Гэтага нельга было дапусціць. 154 хлопчыка і дзяўчынкі, 38 работнікаў дзіцячага дома, а таксама членаў падпольнай групы «Бесстрашные» і іх сем’і патаемна вывелі ў глыбіню партызанскай зоны. Наступным этапам аперацыі стала эвакуацыя сіламі 3-й паветранай арміі за лінію фронту на савецкую тэрыторыю.

Подзвіг

У дзявяты раз прыляцеў па дзяцей у ноч з 10 на 11 красавіка 1944 года лётчык Аляксандр Пятровіч Мамкін. У яго самалёт Р-5 памясціліся 10 дзяцей, выхавацелька і двое параненых партызан. На падлёце да лініі фронту самалёт атакавалі нямецкія знішчальнікі… Лінію фронту лётчык перасёк ужо на самалёце, які гарэў. Полымя перакінулася ад рухавіка ў кабіну пілота, згарэла перагародка, якая аддзяляла кабіну ад пасажыраў, адзенне на некаторых пачынала тлець…

…Як пісала Людміла Жукава, акадэмік Усерасійскай акадэміі праблем бяспекі, абароны і правапарадку, пасля медыкі не маглі растлумачыць, як мог кіраваць палётам і пасадкай цяжка паранены чалавек у палаючай кабіне, у акулярах-«кансервах», якія ўплавіліся ў твар. Якім цудам ён выбраўся з кабіны і крочыў да пасажыраў — на абгарэлых да костачак нагах?

Паводле інструкцыі, Мамкін мусіў набраць вышыню і катапультавацца з парашутам. Аднак у самалёце былі пасажыры. Лётчык знайшоў здатную пляцоўку для пасадкі самалёта на беразе возера Боўныра, што непадалёку ад вёскі Труды (сёння — Маласітнянскі сельсавет). Аляксандр Мамкін выбраўся з кабіны самастойна. Перш чым страціць прытомнасць, ён спытаў: «Дзеці жывыя?»…

Аляксандр Мамкін памёр у шпіталі праз шэсць дзён, 17 красавіка 1944 года. Усе пасажыры самалёта выратаваліся. Героя пахавалі ў вёсцы Маклок, што недалёка ад горада Веліжа Смаленскай вобласці, а ў 1970-х яго ўрачыста перапахавалі на воінскіх мемарыяльных могілках «Лідава гара».

Мемарыяльны знак

Недалёка ад вёскі Малое Сітна усталяваная гранітная пліта з імёнамі Мікалая Іванавіча Гусева і Івана Іванавіча Сініцкага — на гэтым месцы быў збіты іх самалёт. Раней там знаходзілася пірамідка, якая не ўтрымлівала ніякіх звестак — ужо пасля яе ўстаноўкі знайшліся дакументы. Пірамідка захавалася, і старшыня Маласітнянскага сельсавета Андрэй Іванавіч Героеў прапанаваў усталяваць яе на месцы падзення самалёта. Ён самастойна зрабіў шыльду са звесткамі пра подзвіг Аляксандра Мамкіна.

Мы рушылі да возера Боўныра ў адзін з апошніх дзён зімы. Некалькі дзясяткаў кіламетраў па лясной дарозе сталі нялёгкім выпрабаваннем нават для сучасных машын — пару разоў думалі: не выедзем. Але, як патлумачыла дырэктар Дрэтунскага лясгаса Валяціна Паўлаўна Пятрова, у іншы час да месца дабрацца яшчэ цяжэй: глыбокай зімой усё ў снезе, а летам мясціны моцна забалочаныя. Дарэчы, па замерзламу балоту да самага берага возера прыйшлося ісці пешшу: дарогі больш не было.

Андрэй Іванавіч паказаў месца, дзе пасадзіў свой самалёт лётчык Аляксандр Мамкін. Тут дагэтуль можна знайсці рэшты паршнявой рухавіка самалёта, праўда, у той дзень яны былі схаваныя пад ільдом. Менавіта там, расчысціўшы пляцоўку, усталявалі памятны знак. Паўтары дзясяткі чалавек, што не пабаяліся няпростай дарогі, прынялі ўдзел ва ўрачыстым мітынгу, прысвечаным адкрыццю мемарыяла. Андрэй Іванавіч распавёў пра подзвіг лётчыка. Памяць пра Аляксандра Мамкіна, дзякуючы якому выжылі дзеці, прысутныя ўшанавалі хвілінай маўчання, усклалі вянок.

…Аперацыю «Зорачка» — так называўся план эвакуацыі дзяцей з акупаванай зямлі — здымалі аператары, адмыслова накіраваныя да партызанаў. Кадры кінахронікі з лётчыкам Мамкіным увайшлі ў фільмы «Народныя мсціўцы», «Дарога без прывалу», 4 серыю эпапеі «Вялікая Айчынная вайна», а таксама ў сёмы фільм беларускага дакументальнага цыкла «Вайна. Вядомая і невядомая». У 227-й школе Масквы існуе музей баявой славы 105-га авіяпалка грамадзянскага паветранага флоту, дзе служыў Аляксандр Пятровіч. У школе №1 горада Веліжа створаны музей Аляксандра Мамкіна, а на школе ў Рэп’яўскім раёне Варонежскай вобласці, дзе вучыўся лётчык, устаноўлена мемарыяльная дошка. Імем А.П.Мамкіна названа вуліца ў Полацку. Каля вёскі Сяляўшчына Расонскага раёна Віцебскай вобласці на месцы партызанскага аэрадрома ўзведзены помнік, у вёсцы Труды Полацкага раёна ўстаноўлены абеліск. Невялічкі музей Аляксандра Мамкіна існуе ў будынку Маласітнянскага сельскага Савета. І памятны знак, які ўсталяваны на месцы падзення самалёта, — чарговы крок ва ўшанаванні памяці чалавека, які не пашкадаваў жыцця, каб выжылі дзеці. У год, калі адзначаецца 70-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, гэта асабліва важна.

Ігар ПАЛЫНСКІ (тэкст і фота).



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *