У Полацкім раённым цэнтры рамёстваў і нацыянальных культур адкрылася выстава Віктара Любавіцкага

Главное

Ні на хвілінку не прысеў славуты полацкі мастак Віктар Казіміравіч Любавіцкі падчас адкрыцця сваёй выставы, якое доўжылася амаль гадзіну. І гэта на дзевяноста чацвёртым годзе жыцця!

У Полацкім цэнтры рамёстваў і нацыянальных культур адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы «Мастацтва — маё жыццё», прымеркаванай да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Падарункі, кветкі, пажаданні — і, вядома, шчырыя позіркі гасцей, якія зацікаўлена разглядалі віткі алею на палатне, пяшчотныя і рэзкія мазкі фарбы, якімі мастак стварыў шыкоўныя вобразы, натуральна перадаючы адценні і колеры. Рэалістычныя кветкі, нацюрморты, знаёмыя пейзажы наваколля… Галоўнае, што прысутнічае ва ўсіх карцінах Віктара Казіміравіча, — шчырасць­, спакой і цеплыня. Не захапляцца гэтымі творамі, у кожны з якіх мастак уклаў часцінку душы, проста немагчыма.

Цёплую атмасферу сустрэчы мастак задаў яшчэ да пачатку імпрэзы, са шчырай усмешкай вітаючы гасцей, звяртаючыся да іх з добрымі словамі. Неаднаразовыя прапановы прысесці Віктар Казіміравіч адхіляў: маўляў, непрыгожа ся­дзець, калі жанчыны стаяць!

У пачатку сустрэчы вучаніцы Полацкай дзіцячай школы мастацтваў віталі мастака скрыпічнай музыкай. Са словамі віншаванняў з нагоды адкрыцця выставы і ўдзячнасці выступілі яго сябры, прадстаўнікі Полацкага райсавета ветэранаў, у тым ліку — яго старшыня Галіна Пятроўна Муравей. Сваю падзяку за мастацтва выказалі навучэнцы педагагічнага каледжа, а таксама дачка мастака Тамара Віктараўна Ру­дзянок.

Віктар Казіміравіч распавядаў пра сябе. Ён узгадаў цяжкія часы вайны, якія правеў, абараняючы Ленінград, распавёў пра жонку, з якой пражыў у шлюбе ўжо амаль 65 год, а яшчэ падзяліўся сакрэтам свайго даўгалецця:

— Цяжка ўспамінаць тое, што было ў ваенныя часы. Таму гэтай тэмы няма ў маіх карцінах. Я люблю прыроду. Люблю маляваць кветкі, нацюрморты, ад гэтых работ мне лёгка на сэрцы і на душы. Мабыць, таму і жыву столькі!

Выстава, прымеркаваная да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, — важная вяха ў жыцці мастака. Віктар Казіміравіч удзельнічаў у Вялікай Айчыннай вайне, мае шмат узнагарод, у тым ліку — ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені, медаль «За абарону Ленінграда». Усё жыццё мастак пражыў у Полацку. Любоў да роднага краю і абумовіла тое, што амаль усе творы Віктара Любавіцкага прысвечаны Полаччыне.

Віктар Казіміравіч прынёс на выставу свае новыя работы, выкананыя акварэллю. Ён падзяліўся, што працаваць у гэтай тэхніцы не так шкодна, як алеем, што немалаважна ў яго ўзросце. Ён прадэманстраваў гэтыя цудоўныя творы прысутным, каротка характарызуючы кожны. Апісваючы некаторых з іх, Віктар Любавіцкі напяваў радкі з вядомых песень, рамансаў. Аказалася, што ён — не толькі таленавіты мастак, але і выдатны спявак! Карціны выклікалі захапленне ў публікі, асабліва тыя, дзе выяўлены блізкія кожнаму тэмы — нацюрморты з садавінай, кветкамі, закаткамі на зіму…

Напрыканцы імпрэзы выступіла дырэктар Полацкага раённага цэнтра рамёстваў і нацыянальных культур Валянціна Іосіфаўна Крук. Яна яшчэ раз падкрэсліла бязмежны талент мастака, яго светлую душу і яго шчодрасць — на свой мінулы дзень нараджэння мастак падарыў 30 карцін Полацкаму раёну, якія і склалі выставу. Шмат палотнаў і зараз дорыць школам, музеям і проста знаёмым і незнаёмым людзям. На добры ўспамін.

Дар’я ПАЛЫНСКАЯ.
Фота Ігара ПАЛЫНСКАГА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *