Калектыў фермы «Нача» ўзнагароджаны Дыпломам II ступені па выніках абласнога спаборніцтва па вытворчасці малака за сакавік

Главное Экономика

Нядаўна на малочнатаварную ферму «Нача» філіяла «Мілк-Агра» ААТ «Полацкі малочны камбінат» завітаў старшыня Полацкага райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Аляксандр Дабраслаўскі. Нагода для яго візіту ў гаспадарку была прыемная: прафсаюзны лідар прывёз Дыплом ІІ ступені, якім калектыў гэтай фермы ўзнагароджаны па выніках абласнога спаборніцтва па вытворчасці малака сярод малочнатаварных ферм Віцебскай вобласці за сакавік 2014 года.

milk1Уручаючы дыплом загадчыцы фермы Ганне Панкратавай, Аляксандр Дабраслаўскі зазначыў, што сёлетнія абласны дыплом і прэмія — не першыя высокія дасягненні ў працы жывёлаводаў філіяла «Мілк-Агра». У лютым мінулага года калектыў гэтай фермы ўжо заахвочваўся Дыпломам за І месца ў абласным спаборніцт­ве. Аляксандр Міхайлавіч падзякаваў калектыву фермы за стабільную добрасумленную працу і заклікаў даярак гаспадаркі да перамог у індывідуальным спаборніцтве.

Якія складальнікі чарговага абласнога поспеху жывёлаводаў фермы «Нача»? Сярэдні ўдой на карову за месяц склаў 505 кілаграмаў малака, прырост валавой вытворчасці малака да адпаведнага ўзроўню мінулага года — 119%, колькасць рэалізаванага малака сортам «экстра» — 100%.

Безумоўна, у добрым выніку працы фермы рашаючую ролю маюць людзі і ўменне кіраўніцтва гаспадаркі, загадчыцы фермы мабілізаваць калектыў на выкарыстанне ўсіх рэзерваў вытворчасці і, перш за ўсё, за кошт росту прадукцыйнасці кароў. Спецыялісты філіяла «Мілк-Агра» абралі менавіта гэты шлях развіцця жывёлагадоўчай галіны. Час паказаў, што высокія надоі малака садзейнічаюць росту прадукцыйнасці працы работнікаў, паляпшэнню культуры вытворчасці. Важным сродкам павышэння працоўнай актыўнасці работнікаў фермы з’яўляецца іх матэрыяльнае заахвочванне. З далучэннем гаспадаркі да ААТ «Полацкі малочны камбінат» значна палепшыліся ўмовы працы на ферме, павялічылася заработная плата, і працоўныя поспехі жывёлаводаў — іх своеасаблівая падзяка інвестару і кіраўніцтву філіяла за падтрымку і разуменне.

Загадчыца фермы Ганна Панкратава і галоўны заатэхнік гаспадаркі Святлана Курс упэўнены, што ў абласны дыплом унеслі свой уклад усе работнікі фермы. Іх — каля 50-ці: даяркі, слесары, кармачы, лабарант, электрыкі і іншыя. Ферма функ­цыянуе кругласутачна, і бесперабойную яе працу забяспечваюць адказныя работнікі. У складзе фермы — 5 кароўнікаў, адзін з іх — робатазаваны, на фермах Нача і Сялко — малакаправоды. Спецыялісты філіяла адзначылі, што асабліва добрай працай вылучаецца калектыў фермы «Нача» (на фота). Тут работнікі імкнуцца працаваць з поўнай аддачай сіл, нават хварэюць рэдка. Высокі прафесіяналізм у працы дэманструюць даяркі, зладжана і адказна працуюць слесары па малакаправодах, гноевыдаленні, надзейныя работнікі — дзённыя і начныя кармачы.

milk2Штодзень у 4 гадзіны раніцы загадчыца фермы і даяркі прыходзяць на ферму. Абмяркоўваюць пытанні, праз паўгадзіны пачынаецца ранішняя дойка. У 11 гадзін каровам раздаюць муку, у 11.30 — наступная дойка. Напрацягу дня даяркі даглядаюць сваіх рагатых падапечных, у 17.30 — каровы гатовыя да вячэрняй дойкі.

…Рэжым працы даярак — не з лёгкіх. Не ўсе яго вытрымліваюць. На вёсцы кадраў не хапае, таму ў філіяле побач з мясцовымі жыхарамі працуюць прыезжыя. У прыватнасці, ферму з робатамі абслугоўваюць аператары з Полацка і Глыбоцкага раёна.

Добрых слоў заслугоўвае стаўленне да працы работнікаў, якія штодзённа ўкладваюць у агульны поспех старанне і душу, — Таццяны Харытоновай, Алены Квачонак, Таццяны Прашковіч, Алены Аносавай, Вольгі Грачушнік, Анжэлы Волавай, Валянціны Шастакевіч, Святланы Кавалёнак, Алены Русаковіч, Міхаіла і Васіля Куляшовых, Валерыя Камкова і Міхаіла Латышава.

Загадчыца фермы Ганна Панкратава адзначала, што ў апошні час у калектыве значна палепшылася працоўная дысцыпліна, у работнікаў з’явілася зацікаўленасць у добрым выніку працы. Ганна Аляксандраўна шчыра дзякавала яшчэ аднаму чалавеку, ад якога залежыць паспяховая праца фермы, — дырэктару гаспадаркі Эдуарду Альхімовічу, які ў любы час сутак гатовы прыйсці на дапамогу жывёлаводам.

Аліна БАЛЬШАКОВА (тэкст і фота).



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *