Полацкі ліцэй сельгасвытворчасці пачаў уборку зерневых

Главное Экономика

Да пачатку ўборкі зерневых у Полацкім ліцэі сельгасвытворчасці, які знаходзіцца ў пасёлку Ветрына, падрыхтаваліся грунтоўна. Тэхніку адрамантавалі, кадры падабралі адказныя — самыя лепшыя. Адна з сушылак ужо прымала рапс, другая, новая, будзе хутка зманціравана. Самі «Зажынкі» наладзілі апоўдні ў суботу ва ўрочышчы Бадзінава. І атрымалася свята, якое можна без перабольшвання назваць узорным, за яго дырэктару ліцэя Ірыне Кісялёвай не сорамна ні перад сваімі падначаленымі, ні перад героямі жатвы-2014, ні перад прыехаўшымі гасцямі.

Ірына Леанідаўна, прыняўшы першы сноп з каласоў новага ўраджаю, шчыра вітала камбайнераў, былых навучэнцаў іх навучальнай установы. Ігар Амяльчук, Алег Кратовіч і Дзяніс Прасолаў уважліва слухалі дырэктара, якая адзначала, што хлебная ніва цяжкімі каласамі нахіляецца долу, хлеб саспеў, трэба ў кароткія тэрміны ўбраць яго з палёў. Ірына Кісялёва параўнала камбайны з вялікімі караблямі, якія плывуць па хлебным моры. І капітаны гэтых караблёў маюць намер убраць вырашчаны хлеб да апошняга зярнятка. Удзельнікам жніва — камбайнерам, памочніку Эльнуру Азізаву, вадзіцелям Міхаілу Філіповічу, Васілю Судаку, Васілю Чумаку, Мікалаю Шнітко і галоўнаму аграному вучэбнай гаспадаркі ліцэя Святлане Захаравай павязалі прыгожыя чырвоныя стужкі з залатымі літарамі «Жніво-2014», а таксама ўручылі духмяныя хлебныя караваі — сімвал багатага будучага ўраджаю.

У гонар герояў жніва гучалі цудоўныя песні і вершы на роднай беларускай мове ў выкананні педагогаў дадатковай адукацыі ліцэя. Усхвалялася праца хлебаробаў, сноп — як сімвал нязгаснай хлебаробскай працы, хлеб — як крыніца жыцця і сілы.

Да камбайнераў звярнуўся старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Аляксандр Дабраслаўскі. Ён прапанаваў ім удзельнічаць у раённым вытворчым спаборніцтве сярод камбайнераў і вадзіцеляў, арганізаваным упраўленнем райсельгасхарчу райвыканкама і райкамам прафсаюза, а таксама нагадаў пра захаванне правілаў тэхнікі бяспекі. Прафсаюзны лідар пажадаў усім моцнага здароўя, удачы і поспехаў у працы.

Тры экіпажы камбайнераў атрымалі папкі з дакументамі, якія ўтрымлівалі маршруты руху тэхнікі, памятку пра электрабяспеку, загад аб працы і аплаце ў вучэбнай гаспадарцы ліцэя на перыяд уборкі зерневых, талоны камбайнера, рэестр адпраўкі зерня з поля і практычныя рэкамендацыі па наладцы камбайна на ўборку без страт перад жнівом. Такія дакументы выдаюцца камбайнерам штогод, яны для іх — надзейныя памочнікі ў працы.

Айцец Валерый у суправаджэнні пеўчых са Свята-Пакроўскай царквы г.Полацка правёў малебен, падчас якого гучалі малітвы пра багацце зямлі, каб яна давала плады. І пра тое, што чалавек павінен па Божым запавеце дапамагаць ёй сваёй працай. Свяшчэннаслужыцель дадаў, што багацце прымнажаецца ў тых, хто ўслаўляе Бога. Святой вадой акрапілі ўсіх удзельнікаў мерапрыемства і тэхніку, якую выстраілі ў лінейку гатоўнасці.

Стартавала ўборачная па загадзе дырэктара Ірыны Кісялёвай. Пачатак гарачай пары камбайнеры абвясцілі дружнымі гудкамі сваіх «караблёў». У кароткі тэрмін, пакуль спрыяе надвор’е, ліцэістам прадстаіць убраць зерневыя на плошчы 398 гектараў. З іх 140 га займае пшаніца, 18 га — жыта, 80 га — ячмень, 160 — авёс.

Адразу пасля свята ў камбайнераў надышоў час абеду. На поле прыехаў «ГАЗ-53», пераабсталяваны пад зручную сталовую. Абед з трох страў прывезла Таццяна Буднік. Дзяўчына зазначыла, што ў машыне хлебаробы могуць і крыху адпачыць, і паесці.

На зернетаку нас вітала кладаўшчык Ульяна Раманенка. Дзяўчына кіравала працай наведвальнікаў лагера для дзяцей-сірот Віцебскай вобласці, які працуе на базе ліцэя. Хлопцы Яўген Крамянцоў і Сцяпан Конышаў старанна раскідвалі зерне. Тут, у лагеры, яны прывучаліся да сялянскай працы, зараблялі свае першыя грошы…

Аліна БАЛЬШАКОВА (тэкст і фота).



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *