На Полаччыне пачалася сяўба азімых

Главное Экономика

За гарачай парой жніва для аграрыяў Полаччыны пачаўся не менш адказны перыяд земляробчых работ — сяўба азімых культур. На мінулым тыдні надвор’е не давала ў поўную сілу разгарнуць сяўбу на палетках сельгаспрадпрыемстваў Полацкага раёна. З-за дажджоў, што ішлі амаль кожны дзень, тэхніка не магла заехаць на поле. Затое апошнімі днямі хлебаробы набралі добры тэмп, з раніцы да позняга вечара шчыруюць на закладцы будучага ўраджаю. У лідарах — хлебаробы філіяла «Гараны-Агра». Пад азімыя збожжавыя ў гаспадарцы адведзены вялікі клін — 910 га. І амаль палова гэтых плошчаў ужо засеяна.

IMG_2153Галоўны аграном гаспадаркі Тамара Мікалаеўна Макарава расказала, што большая частка ад усяго кліна — 660 га — адведзена пад азімую пшаніцу.

— Як паказвае практыка, ураджайнасць азімых вышэй, чым яравых збожжавых, таму зараз вельмі важная і адказная пара, необходна якасна засеяць палі і ўкласціся ў тэрмін, — падкрэсліла галоўны аграном.

Тамара Мікалаеўна адзначыла, што засяваюць палі сваім насеннем. І ў гэтым годзе азімая пшаніца двух гатункаў: «Капылянка» і «Ода» эліта.

На закладцы новага хлеба ў сельгаспрадпрыемстве сёлета працуюць Сяргей Гарбаценка, Віталій Гой, Андрэй Саўкін, і Сяргей Анісковіч. Яны як ніхто ведаюць, што ад іх працы залежыць, наколькі важкі будзе каравай у наступным годзе. І з усёй адказнасцю падыходзяць да восеньскай сяўбы. У дзень хлебаробы засяваюць каля 50 га.

Калі мы прыехалі ва ўро­чышча Арцюхі, на полі сеялі азімую пшаніцу два трактары. Тут у пары працавалі Андрэй Саўкін і Сяргей Анісковіч. Хлебаробы на некалькі хвілін спынілі працу, каб адказаць на нашы пытанні.

IMG_2174Сяргей Анісковіч працуе ў філіяле «Гараны-Агра» з сакавіка гэтага года. Родам ён з Казахстана, некаторы час працаваў у Мінску, а нядаўна пераехаў да родных у Гараны і ўладкаваўся на працу ў гаспадарку.

— Я нарадзіўся ў вёсцы, да работы на зямлі прывык. Ды і працаваў у сельскай гаспадарцы. Бацька мой быў механізатарам, так што гэтая праца знаёма з дзяцінства, — падзяліўся Сяргей Анісковіч.

IMG_2199А вось Андрэй Саўкін працуе ў гаспадарцы даўно. Працягвае справу бацькі, які быў механізатарам. Андрэй Іванавіч да працы прывычны з дзяцінства, ніякай работы не баіцца.

— Класа, мабыць, з шостага быў у таты памочнікам на камбайне, — усміхаецца хлебароб.

З жонкай Людмілай яны выхоўваюць двух сыноў: Антона і Мішу. Хлопчыкі пайшлі ўжо ў шосты клас. І ў кожнага свае інтарэсы. Мішу больш да спадобы камп’ютар, а вось Антон цягнецца да тэхнікі, як бацька. Дарэчы, Андрэй Саўкін з жонкай трымаюць сваю гаспадарку. І каб паспець усю жывёлу накарміць, устае раненька і да працы спраўляецца.

— Андрэй ў нас птушка ранняя, калі трэба і ўпрыцемак выязджае на работу, — гаворыць намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Ала Васільеўна Баркун.

Доўга займаць размовамі хлебаробаў не сталі, пакуль стаіць надвор’е, трэба сеяць. Бо, як адзначылі механізатары, многае залежыць зараз ад нябеснай канцэлярыі, дзень на дзень не прыходзіцца. Да таго ёсць яшчэ на полі вымачкі, якія будуць засявацца пазней, як падсох­не. Нягледзячы на сюрпрызы надвор’я, аграрыі імкнуцца не збаўляць тэмп і скончыць сяўбу ў вызначаны тэрмін.

…Заракаталі маторы — і зярнятка за зярняткам пасыпаліся роўнымі радамі ў мяккую, падрыхтаваную руплівымі гаспадарамі раллю.

Валянціна ШАВЯКА.
Фота Ігара ПАЛЫНСКАГА.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *