У Гарадку прайшлі абласныя «Дажынкі»

Главное

У суботу сталіцай абласнога фестывалю-кірмашу «Дажынкі-2014» стаў Гарадок. Гэты раённы цэнтр Прыдзвінскага краю свята такога маштабу яшчэ не бачыў. Узровень правядзення кірмашу наблізіўся да рэспубліканскага: са здачай новых аб’ектау, святочным шэсцем, ушанаваннем пераможцаў жніва-2014.

На фестываль у Гарадок прыехалі старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Мікалаевіч Косінец, намеснік Прэмьер-міністра Рэспублікі Беларусь Пётр Пятровіч Пракаповіч, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — галоўны інспектар па Віцебскай вобласці Мікалай Мікалаевіч Шарстнёў, кіраўнікі міністэрстваў і ведамстваў рэспублікі, члены Савета Рэспублікі, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, ганаровыя госці з Масквы і Санкт-Пецярбурга, дэлегацыі гарадоў і раёнаў Віцебскай вобласці, у ліку якіх і прадстаўнікі Полаччыны на чале са старшынёй Полацкага райвыканкама Мікалаем Мікалаевічам Шаўчуком.

І хоць удзельнікам свята з-за дажджу прыйшлося апрануць плашчы і раскрыць парасоны, кожны ведаў, што такое надвор’е — добрая прыкмета. Ідзе дождж — значыць, быць у наступным годзе добраму ўраджаю. Па традыцыі цырымонія адкрыцця свята пачалася з урачыстага моманту: на сцэну быў вынесены вялізны каравай з мукі новага ўраджаю, які хлебаробы Аршанскага раёна ўручылі Аляксандру Косінцу.

Аляксандр Мікалаевіч шчыра павіншаваў усіх прысутных і адзначыў, што фестываль працаўнікоў вёскі — добрая нагода для падвядзення вынікаўуборачнай кампаніі.

— У гэтым годзе мы намалацілі 1 мільён 302 тысячы тон збожжа, такога высокага ўраджаю Віцебшчына яшчэ ніколі не атрымлівала. Мы збіраемся дапоўніць яго яшчэ 50-70 тысячамі тон зерня кукурузы, — адзначыў губернатар.

1

Аляксандр Косінец падкрэсліў, што аграпрамысловы комплекс Віцебшчыны развіваецца страбільна, дынамічна і планамерна. Толькі за апошнія пяць год  поўнасцю  мадэрнізаваны машынна-трактарны парк, што дала магчымасць, нягледзячы на надвор’е, своечасова ўбраць ураджай. Сумесна з Нацыянальнай Акадэміяй навук на Віцебшчыне забяспечана эфектыўная сістэма землекарыстання, якая дазволіла Віцебскай вобласці штогод атрымліваць больш за мільён тон збожжа, добрыя ўраджаі кармоў. 3 2010 года наша вобласць не завозіць з другіх рэгіёнаў кармы. Дзякуючы рэалізацыі праграмы «Чыстыя палі», за апошнія пяць год уведзена ў севазварот 210 тысяч гектараў, што дае магчымасць весці эфектыўнаю сістэму земляробства.

Адзначыў старшыня  Віцеб скага аблвыканкама, што вялікая ўвага надаецца і «другому хлебу». Сёння будуюцца сховішчы для бульбы ў Талачынскім раёне, у ААТ «Кушлікі» Полацкага раёна, фермерскай гаспадарцы «Вармас». Жыхары вобласці поўнасцю забяспечаны бульбай, якая рэалізуецца не толькі ў краіне, але і на знешніх рынках.

Вялікая работа праведзена па мадэрнізацыі жывёлагадоўчага комплексу. За пяць год 488 ферм з даеннем у вядро практычна ліквідавана, а абслугоўванне 350 тысяч галоў буйной рагатай жывёлы конна-ручной працай заменена механізаванымі кормараздатчыкамі.

Не адстае і перапрацоўчая індустрыя. Праведзена мадэрнізацыя 8 малаказаводаў, 4 мясакамбінатаў — прадпрыемствы поўнасцю адпавядаюць сусветным стандартам. Усё гэта дае магчымасць забяспечыць харчовую бяспеку краіны.

За апошнія гады шмат зроблена і для атрымання добрага ўраджаю кукурузы, бульбы, лёну, ураджай насць якога сёлета складае каля 10 ц/га. Ёсць добрыя перспективы развіцця АПК Прыдзвінскага краю:

— Перш за ўсё гэта выкананне праграмы «Вітагра», інтэграцыя сельгаспрадпрыемстваў. Інтэнсіўны шлях развіцця, зніжэнне сабекошту, выпуск канкурэнтназдольнай экспартаарыентаванай прадукцыі. Стварэнне буйных біятэхналагічных замкнутых цыклаў прадпрыемстваў і прамысловасці. У выніку гэта значна павысіць сацыяльна-эканамічны ўзровень жыцця насельніцтва.

Губернатар падкрэсліў, што Гарадок у ходзе падрыхтоўкі да абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі» вельмі змяніўся.

Валянціна ШАВЯКА (тэкст), Аліна БАЛЬШАКОВА (тэкст і фота), Андрэй МАРЦЫНКЕВІЧ (фота).
Працяг чытайце ў наступным нумары газеты «Полацкі веснік» за 3 кастрычніка 2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *