У Полацкім медыцынскім каледжы прайшоў экалагічны фестываль

Главное

Апошнім часам усё больш увагі надаецца праблемам экалогіі. Стан навакольнага асяроддзя, чысціня паветра, кліматычныя зрухі — усе часцей гэтыя тэмы адлюстроўваюць загалоўкі вядучых сродкаў масавай інфармацыі.

Хвалююць гэтыя пытанні і грамадства. Яскравы прыклад таму — экалагічны фестываль, які прайшоў у Полацкім медыцынскім каледжы.

Адкрываючы мерапрыем­ства, дырэктар каледжа Таццяна Іванаўна Яфрэменка падкрэсліла, што экалогія — сумежная з медыцынай дысцыпліна: медыкі займаюцца здароўем людзей, а эколагі — здароўем Зямлі.

— Калі мы не будзем імкнуцца жыць на здаровай планеце, то і ў нас саміх здароўя не будзе, — падзялілася меркаваннем Таццяна Іванаўна.

Пра праблемы экалогіі распавяла Наталля Фёдараўна Іванец, навуковы супрацоўнік Прыродна-экалагічнага музея Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. Яна расказала пра свой музей, які, дарэчы, існуе ўжо 9 год, распавяла пра экалагічныя праблемы, як глабальныя, так і рэгіянальныя, лакальныя. Расказала Наталля Фёдараўна і пра тое, як ажыццяўляецца збор другасных рэсурсаў у нашым рэгіене. Дарэчы, на Полаччыне на сенняшні дзень на 2 палігонах, адзін з якіх закрыты для паступлення смецця, захоўваецца 2 мільярда тон цвёрдых побытавых адходаў.

— Экалогія — навука пра сувязь жывых істот з навакольным асяроддзем, — падкрэсліла яна. — Многія экалагічныя праблемы ўзнікаюць па віне чалавека менавіта з-за адсутнасці элементарных экалагічных ведаў.

Каб пашырыць гэтыя веды, Наталля Іванец дэманстравала ілюстрававаныя прэзентацыі, паказвала відэаролікі. Расказала яна і пра «Экалагічны каляндар», створаны, каб прывабіць увагу грамадскасці ўсяго свету да праблем экалогіі, навакольнага асяроддзя.

— Існуюць самыя разнастайныя даты, напрыклад, «Гадзіна зямлі», калі ва ўсім свеце на гадзіну выключаецца святло. А 15 лістапада з 1997 года адзначаецца Дзень другаснай перапрацоўкі — «Другое жыцце смецця», — распавяла Наталля Фёдараўна.

Наступным мерапрыемствам фестывалю стала гульня «Што? Дзе? Калі?». Яе вядучы, загадчык аддзялення павышэння кваліфікацыі медыцынскіх работнікаў, выкладчык каледжа Аляксей Віктаравіч Войчанка прадставіў каманды, якія складаліся з навучэнцаў медкаледжа: «Крепкий орешек», «Молодежь», «Астра» и «Груднички».

— Пра праблемы экалогіі кажуць даўно, — зазначыў Аляксей Віктаравіч. — Чалавецтва стала задумвацца пра іх шмат дзесяцігоддзяў таму. Праблемы, аднак, існуюць і дагэтуль, і мы зможам даведацца пра тое, як з імі змагаюцца па ўсім свеце.

Удзельнікі гульні адказалі на 20 вельмі цікавых пытанняў па экалагічнай тэме. На абмеркаванне камандам давалася хвіліна. Пасля абвяшчаліся правільныя адказы. Навучэнцы каледжа прадэманстравалі эрудыцыю і вынаходлівасць. Першае месца раздзялілі каманды «Астра» і «Груднички», на другім — «Крепкий орешек», 3 месца ў каманды «Молодежь».

У перапынках, падчас якіх юныя знаўцы і гледачы маглі адпачыць, падводзіліся прамежкавыя вынікі гульні, а таксама ла­дзіліся цікавыя рэчы. Напрыклад, хлопцы і дзяўчыны ў самых разнастайных касцюмах, зробленых з пакетаў для смецця, газет, выйшлі на сапраўднае дэфіле! Адна з удзельніц нават прызналася, што збіраецца апрануць такую сукенку на выпускны!

Культарганізатар Вольга Міхайлаўна Новік прадставіла паліцу «Букрывер» — своеасаблівы варыянт буккросінгу, месца, дзе можна абмяняць кнігі. А выкладчык экалогіі, гігіены і мікрабіялогіі Алена Іванаўна Шаўчэнка прадэманстравала прыстасаванні для дэзінфекцыіі медыцынскага абсталявання, прыбор для ўтылізацыі аднаразовых іголак.

Навучэнкі каледжа падарылі прысутным цудоўную песню. А закрываючы фестываль, дырэктар каледжа Таццяна Яфрэменка так падсумавала мерапрыемства:

— Для каледжа, які рыхтуе медыцынскіх работнікаў, сённяшняе мерапрыемства — вельмі значнае, таму мы вырашылі зрабіць яго традыцыйным, яно будзе праводзіцца штогод. Бо кепскі той медык, які не разбіраецца ў экалогіі!

А яшчэ існуе верагоднасць, што ў будучым мерапрыемства будзе праводзіцца паміж сярэднімі спецыяльнымі і прафесійна-тэхнічнымі навучальнымі ўстановамі Полаччыны. І гэта было б вельмі карысным крокам, бо менавіта такія фестывалі абуджаюць экалагічную свядомасць. А гэта так важна ў час, калі трэба вырашыць столькі экалагічных праблем!..

Ігар ПАЛЫНСКІ (тэкст і фота).



Добавить комментарий для Аноним Отменить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *