Святлана Шнітко: «Поспех — у сяброўстве!»

Главное

Каб быць сапраўдным мала­дзёжным лідарам, трэба мець моцны ўнутраны стрыжань, умеючы пры гэтым знайсці асабісты падыход да кожнага. А яшчэ — трэба ўмець сябраваць. У гэтым упэўнена сакратар пярвічнай арганізацыі ГА «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» ААТ «Кушлікі» Святлана Шнітко.

7_1…З 2006 года Святлана працуе юрыстам ў гэтай гаспадарцы, якая на ўсю краіну славіцца сваімі дасягненнямі ў бульбаводстве. А нарадзілася дзяўчына ў Латвіі, дзе жыла да 6-гадовага ўзросту. Пасля сям’я пераехала ў вёску Ваўкалаты Докшыцкага раёна, да дзядулі.

У Ваўкалатах Света, якая марыла быць настаўнікам альбо міліцыянерам, скончыла сярэднюю школу, спрабавала паступіць на гістарычны факультэт ВДУ імя П.М.Машэрава. Дзяўчыне не хапіла ўсяго паловы бала, і маці параіла паступаць на юрыста ў Полацкі дзяржаўны аграрна-эканамічны каледж.

Вучыцца ёй вельмі падабалася. У 2006 годзе, пасля заканчэння каледжа, яна выйшла замуж. Маладая сям’я пераехала ў Кушлікі, дзе Святлана стала працаваць юрыстам, а муж — загадчыкам фельчарска-акушэрскага пункта.

— З Дзянісам мы пазнаёміліся ў Ваўкалатах: я захварэла і патрапіла ў бальніцу, дзе ён працаваў, — распавяла Святлана сваю рамантычную гісторыю. — Кіраўніцтва гаспадаркі выдзеліла нам дом, дзе жывём і зараз. У 2010-м я завочна скончыла юрыдычны факультэт ВДУ імя П.М.Машэрава, а ў 2011-м у нас нарадзілася дачка Ксюша.

З 2007 года Святлана ўзначальвае пярвічку ГА «БРСМ» сельгаспрадпрыемства.

— Спачатку нас было ўсяго 5 чалавек, сёння — ужо 17, і на падыходзе — новыя сябры, — расказвае дзяўчына. — Штомесяц, а бывае — і часцей, мы збіраемся, абмяркоўваем навіны, падзеі ў Беларусі і ў свеце. Разам адзначаем святы — напрыклад, перад Новым годам павіншавалі работнікаў гаспадаркі міні-спектаклем. У нас ёсць цудоўная спартыўная зала, дзе кожны можа займацца. Таксама мы ладзім суботнікі, на якіх добраўпарадкоўваем тэрыторыю на сваіх рабочых месцах. Стараемся ўдзельнічаць і ў раённых мерапрыемствах. Гэта няпроста з улікам занятасці кожнага з нас, да таго ж, трэба трымаць марку і не проста адзначацца, а імкнуцца да перамог. У 2009-м, да прыкладу, мы занялі ІІ месца ў раённым турыстычным злёце, намераны ўдзельнічаць і сёлета!

Па словах Святланы Шнітко, яднае маладых працаўнікоў ААТ «Кушлікі» не толькі ўдзел у Саюзе моладзі.

— У першую чаргу, мы — сябры, — прызнаецца сакратар. — І ў гэтым — аснова поспеху!

Адзначыла Святлана і вялікую падтрымку з боку кіраўніцтва ААТ «Кушлікі» і асабістую падзяку выразіла дырэктару прадпрыемства Фёдару Завадскаму:

— Фёдар Фёдаравіч на ўласным прыкладзе паказвае моладзі, што, калі добра працаваць, можна дабіцца многіх поспехаў!

…Калі мы гутарылі са Святланай, ні на хвіліну не змаўкаў тэлефон, дзясяткамі прыходзілі факсы, не спыняла прымаць лісты электронная пошта. Зусім няпроста працаваць юрыстам у такой буйной арганізацыі, як ААТ «Кушлікі», а яшчэ і маладзёжная актыўнасць!..

— У мяне ёсць памочнікі, якія працуюць разам са мной, актывісткі Ганна Папуга і Анжаліка Бумага. У любых справах яны гатовыя падтрымаць, прыйсці на дапамогу! — шчыра дзякуе Святлана.

Атрымліваецца, што вольнага часу ў Светы застаецца няшмат. Аднак яна мае хобі — вышывае крыжыкам. Захапілася гэтай справай, калі знаходзілася ў дэкрэтным адпачынку.

— Яшчэ вельмі люблю кветкі, вырошчваю іх дома, і клумбы штогод разбіваю, — расказвае дзяўчына. — А яшчэ люблю чытаць!

— Святлана — вельмі адказны чалавек, да таго ж яна ўмее зацікавіць маладых людзей, — кажа другі сакратар Полацкай раённай арганізацыі ГА «БРСМ» Яна Лапановіч. — Пярвічка ААТ «Кушлікі» — самая вялікая сярод сельгаспрадпрыемстваў Полаччыны, і яе дзейнасць — не толькі на паперы, а ў справах. І ў гэтым — вялікая заслуга менавіта Светы Шнітно. Яна дэманструе, што БРСМ — сапраўды цікавая і карысная для моладзі арганізацыя!

Ігар ПАЛЫНСКІ (тэкст і фота).



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *