Палачанін перасягнуў тысячны рубеж па збору жніва.

Главное Заботы сельские Люди

У вадзіцеля ААТ «Новыя Гараны» Аляксандра Каралевіча дзень пачаўся з прыемнай навіны: з дыспетчарскай гаспадаркі паведамілі, што ён з пачатку ўборкі перавёз больш за тысячу тон збожжа і стаў першым у гаспадарцы тысячнікам-вадзіцелем. Па выніках працы ўсіх удзельнікаў жніва-2015, аказалася, што Аляксандр першым перасягнуў тысячны рубеж і ў Полацкім раёне.

IMG_2160 фото АБольшаковой (1)

Дождж спыніў працу ў полі, таму наша сустрэча з нагоды працоўнага поспеху з першым перадавіком сёлетняга жніва адбылася на мехдвары гаспадаркі. Павіншаваць 29-гадовага вадзіцеля прыехаў старшыня Полацкага райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Аляксандр Дабраслаўскі. Моц­на пажаўшы руку, зычыў яму новых дасягненняў, уручыў Па­дзячны ліст ад упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Полацкага райвыканкама і райкама прафсаюза АПК, грашовае ўзнагароджанне, прадугледжанае Палажэннем аб арганізацыі спаборніцтва сярод удзельнікаў жніва-2015, а таксама стаўшыя ў апошнія гады традыцыйнымі падарункі ад Беларускай федэрацыі прафсаюзаў — кепку і майку з сімволікай.

Аляксандр прабываў ва ўзвышаным настроі. Дзень, калі ён стаў перадавіком-тысячнікам, супаў з днём нараджэння любімай жонкі Аксаны. Яна першая парадавалася яго працоўнай перамозе.

Аляксандр працуе на аўтамашыне «МАЗ 555-103» не першы год. І перадавіком станавіўся і ў мінулыя гады. Кожная новая працоўная перамога надае яму ўпэўненасці ў сваіх сілах, выклікае жаданне працаваць яшчэ лепш.

Аляксандр — родам з Лепеля. Пераехаў у аграгарадок Новыя Гараны ў 2007 годзе ўслед за двума роднымі сёстрамі. Адна з іх вярнулася дамоў, а другая — таксама, як і ён, працуе адказна дзеля росквіту гаспадаркі «Новыя Гараны», якая стала для яе роднай. Агульны стаж працы першага тысячніка-вадзіцеля — амаль дзесяць год. Спачатку ў ААТ «Новыя Гараны» ён працаваў на аўтамабілі «ГАЗ-53», потым перасеў на «МАЗ 555-103». Акрамя вадзіцельскіх, ёсць у Аляксандра здольнасці механізатара. Калі ў гаспадарцы бывае неабход­насць — ён можа перасесці і на трактар. І дапамагчы, напрыклад, у час пасяўной.

За адказнасць у працы, сур’ёзнасць і добразычлівы характар калегі па працы і аднавяскоўцы абралі Аляксандра Каралевіча дэпутатам Гаранскага сельскага Савета дэпутатаў. Ён заўсёды з ахвотай удзельнічае ў грамадскім жыцці аграгарадка, на сесіях мясцовай улады ўносіць прапановы па паляпшэнні жыцця сяльчан. У Аляксандра падрастае 5-гадовая дачка Ульяна. Дзеля яе шчаслівага дзяцінства працуе бацька. Яго ўдарная праца (з ранку да позняга вечара ён робіць па 15  рэйсаў на велікагрузнай машыне) — прыклад для ўсіх.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *