Палачанін Алесь Хайдараў перасягнуў тысячны рубеж

Главное Заботы сельские

Мінулая пятніца для Алеся Хайдарава, вадзіцеля ААТ «Кушлікі», выдалася асаблівай: да канца працоўнага дня ён перасягнуў тысячны рубеж на перавозцы збожжа ўра­джая-2015, стаўшы другім вадзіцелем-тысячнікам у Полацкім раёне.

IMG_4691 фото А.Марцинкевича

У суботу перадавіка з самага ранку віншавала з працоўным поспехам старшыня прафкама гаспадаркі Людміла Ахрамёнак, а апоўдні з ім сустрэўся старшыня Полацкага райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Аляксандр Дабраслаўскі. Уручаючы Падзячны ліст ад упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Полацкага райвыканкама і райкама прафсаюза работнікаў АПК, грашовае ўзнагароджанне і прафсаюзную атрыбутыку — майку і кепку з сімволікай Беларускага прафсаюза работнікаў АПК — Аляксандр Міхайлавіч зычыў вопытнаму вадзіцелю далейшых поспехаў у працы.

Алесю Эргашавічу зараз 45 год, з іх 25 ён працуе ў ААТ «Кушлікі». На яго думку, іх гаспадарка — лепшая з усіх. Свайго жалезнага сябра — «МАЗ 551605», на якім працуе ўжо 7 год, вадзіцель называе сваім карміцелем. На ім ён працуе круглы год, і зараз, у адказную ўборачную пару, здзяйсняе хлебныя рэйсы, перавозіць за раз па 20 тон збожжа. Перадавік расказаў, што ён штогод працуе сумленна, заўсёды пападае ў лік тысячнікаў. Сёлета адвозіць збожжа ад аднаго камбайна, а не ад двух, як у былыя гады, таму яго шлях да тысячнага рубяжа крыху зацягнуўся. Але ён зразумеў, што знаходзіцца па­блізу да гэтай перамогі, калі за адзін з уборачных дзён здзейсніў 13 рэйсаў, перавёз 167 тон залатога збожжа.

Радасць асабістага працоўнага поспеху падштурхнула ва­дзіцеля да яшчэ больш адказнай працы. Алеся Эргашавіча дома віншавалі жонка Алена Іванаўна, сын Яўген і дачка Юліана. Бацька паказвае сваім дзецям прыклад адказнага стаўлення да справы, якая прыносіць карысць роднай гаспадарцы, краіне, іх сям’і. І дзеці на яго раўняюцца: сын сёлета паспяхова скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту, а дачка пасля заканчэння Кушлікоўскай СШ з залатым медалём паступіла вучыцца ў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт.

Нягледзячы на тое, што па нацыянальнасці Алесь Хайдараў — узбек, Полаччыну ён лі­чыць сваёй радзімай. Яго бацька тут знайшоў сваё каханне ў час службы ў арміі. Пасля ажаніўся, забраў маладую жонку дамоў. А ў 1989 годзе сям’я Хайдаравых вярнулася ў Беларусь. Яго бацькі выхавалі траіх дзяцей. Алесь вельмі ўдзячны ім за рашэнне памяняць месца жыхарства. У Кушліках склаўся яго лёс, ён знайшоў справу свайго жыцця і сэнс — жыць і працаваць дзеля росквіту роднай гаспадаркі, Полацкага раёна, дзеля шчасця сваёй сям’і, у якой пануюць мір і згода.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *