У Полацку пройдзе дзіцячы форум, прысвечаны Дню беларускага пісьменства

Главное

Пад такой назвай з 3 па 5 верасня ў самым старажытным горадзе Беларусі пройдзе дзіцячы форум, прысвечаны Дню беларускага пісьменства. Ён абяцае быць напоўненым цікавымі падзеямі, крэатыўнымі праектамі.

Адкрые форум Скарынаў­ская алімпіяда па аратарскім мастацтве, а таксама напісанні эсэ і комплекснай работы па гісторыі.

Хлопцы і дзяўчаты з розных гарадоў Беларусі і Расіі пры­муць удзел у рэалізацыі адкрытага творчага праекта «Нашачадкі Скарыны», які ўключае ў сябе чатыры конкурсы: інтэрактыўны квест «Вароты гісторыі» (у яго межах пройдзе інтэрнэт-віктарына «Таямніца забытага ключа»), конкурсы альбомаў выяўленчага мастацтва «Знакамітаму земляку прысвячаецца…», мастацкага чытання «Відэаталент» і мультымедыйных прэзентацый «Спадчына Скарыны — нацыянальны здабытак беларусаў».

Цікавай і пазнавальнай абяцае быць і культурна-забаўляльная праграма: 4 верасня госці пабываюць на экскурсіях па Полацку, а потым прымуць удзел у Вечары сустрэчы сяброў «Маладосць! Эрудыцыя! Сяброўства!», дзе падзеляцца ўражаннямі, абмяняюцца адрасамі з мэтай далейшага супрацоўніцтва.

Завершыць свята ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання «Мы — нашчадкі Скарыны»: пераможцы і прызёры конкурсаў будуць узнагароджаны каштоўнымі прызамі, адзначаны Скарынаўскімі дыпломамі.

Трэба дадаць, што ў гэтым годзе арганізатары конкурсу (Полацкі райвыканкам, аддзел адукацыі, спорту і турызму Полацкага райвыканкама, Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі ЮНІСЕФ) падышлі да арганізацыі Дня пісьменства ў Полацку незвычайна. Пад дэвізам «У нас ёсць будучыня! І нам яе ствараць!», «Цябе люблю! Табою ганаруся! Мой Полацк, наша Беларусь!».

5 верасня школьнікі прымуць удзел у правядзенні адкрытых урокаў, тэматычных пляцовак ля помнікаў і скульптурных кампазіцый старажытнага горада.

Педагогі будуць выкарыстоўваць інавацыйныя формы правядзення заняткаў, максімальна задзейнічаюць тэатралізацыю, дадуць магчымасць падрастаючаму пакаленню палачан і гасцям горада раскрыць творчыя здольнасці і таленты. Сваю тэматычную пляцоўку пад назвай «Моладзь, якая чытае» прадставяць і члены Маладзёжнага парламента Полацка і Полацкага раёна.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *