У Полацку і Полацкім раёне да мёда асаблівае стаўленне

Главное

Мёд… Няма ў свеце чалавека, які не ведае смаку гэтага салодкага пачастунка. Мы з дзяцінства памятаем, што мёд вельмі карысны для здароўя і ім трэба лячыцца падчас хваробы. У Полацку і Полацкім раёне да мёда асаблівае стаўленне, таму дарэчы быў сёлетні конкурс «Самае мядовае меню», які ўпершыню прайшоў на свяце «Полацк — мядовая сталіца» па ініцыятыве аддзела гандлю і паслуг Полацкага райвыканкама. У ім бралі ўдзел кулінарныя пляцоўкі ААТ «Полацк-гандаль», Полацкага райпо, гасцінічнага комлексу «Славянскі» і сталовай №29 ААТ «Полоцк-Стекловолокно».

Лозунг «Надышоў Мядовы Спас, і пчолкі зноў частуюць нас!», якім заклікалі пакупнікоў работнікі прадпрыемства «Полацк-гандаль», прыцягнуў увагу і журы кулінарнага конкурсу, у склад якога ўвайшлі спецыялісты са сферы гандлю і прадстаўнікі грамадскіх арганізацый. Абараняла гонар прад­прыемства загадчыца вытворчасці кафэ «Спатканне» Кацярына Войчанка. Яна распавяла, што дапамагалі гатаваць святочныя стравы калегі, але большасць ідэй належыць ёй. Напрыклад, прыдумала суп «Нектар» з агародніны, салат «Мядок» з морквы з грэцкімі арэхамі, напой з мёду і бярозавага соку «Бурштын». Але галоўным і самым апетытным на стале быў торт «Медавік», ад прыгажосці якога вачэй нельга было адвесці!

Копия Копия IMG_2215

Полацкае райпо прыемна здзівіла журы спачатку цудоўнымі песнямі, загадкамі, прыказкамі пра мёд, а потым — колькасцю страў з гэтага бурштынавага прадукту. Повар Наталля Осіпава раскрыла сакрэты прыгатавання «Свініны святочнай», супчыка «хутарскога», пірага «Медавік». Усе гэтыя стравы ўтрымліваюць мёд і на смак — лепш, здаецца, не бывае!

Мядовае меню рэстарана гасцінічнага комплексу «Славянскі» прадстаўлялі маладыя кадры: Валерыя Жаромская, Дар’я Якаўлева і афіцыянт Генадзь Філіпаў. Гэты стол з прыгожым абрусам выглядаў асабліва: стравы ў прыгожым посу­дзе выклікалі апетыт. Вельмі спадабаўся членам журы салат «Папараць-кветка». Было прыемна даведацца, што таленавітая моладзь — нашы землякі, палачане, выпускнікі хіміка-тэхналагічнага каледжа. Іх больш вопытныя калегі адзначалі, што маладая повар Валерыя Жаромская скончыла навучальную ўстанову з дыпломам «з адзнакай» і цяпер свае выдатныя веды з поспехам выкарыстоўвае на працы.

Халодная закуска «Пчолка», гарачая «Казачныя соты», дэсерт «Мішкіна шча­сце»… Загадчыца вытворчасці сталовай №29 Святлана Прашкевіч разам з калегамі з фантазіяй падышлі да стварэння святочных страў. І, як адзначыла журы, смак адпавядаў прыгожым назвам. Спадабалася ўсім і фірменная закуска з назвай «Гасцінец» — прыгожы румяны блін з курынай начынкай.

Старшыня журы Ірына Юзафовіч, галоўны спецыяліст аддзела гандлю і паслуг Полацкага райвыканкама, расказала, што ўзровень падрыхтоўкі да конкурсу быў вельмі добры. Усе вытворцы мядовых страў заслугоўваюць слоў падзякі і, канешне, узнагарод.

На ўрачыстым падвядзенні вынікаў, якое адбылося ля гасцінічнага комплексу «Славянскі», з рук Мядовага цара дыплом І ступені атрымала Кацярына Войчанка з ААТ «Полацк-гандаль», ІІ ступені — намеснік старшыні Полацкага райпо Святлана Новакрэшчанава, ІІІ ступені — Валерыя Жаромская з гасцінічнага комплексу «Славянскі» і начальнік цэха №910 ААТ «Полоцк-Стекловолокно» Ніна Ісачэнка. Віншуем усіх з заслужанымі ўзнагародамі!



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *