Полацкі Музей беларускага кнігадрукавання

Главное Культура

8 верасня 1990 года ў слаўным гора­дзе Полацку (менавіта так называў свой родны горад Францыск Скарына) быў урачыста адчынены Музей беларускага кнігадрукавання. Падзея была прымеркавана да святкавання 500-годдзя з дня нараджэння першага беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукара.

Рашэнне аб стварэнні такога музея ў Полацку было прынята Міні­стэрствам культуры БССР яшчэ ў 1987 годзе. З гэтай нагоды быў даследаваны і адрэстаўраваны помнік архітэктуры канца XVIII ст. — былы жылы корпус Богаяўленскага манастыра, пабудаваны паводле праекта знакамітага італьянскага архітэктара Джакома Кварэнгі.

З’яўленне такога музея менавіта ў Полацку было заканамерным. Гэта не толькі радзіма Францыска Скарыны. Полацк — адзін з самых старажытных гарадоў усходніх славян, самая першая наша сталіца. Ён заўсёды быў важным цэнтрам духоўнай і матэрыяльнай культуры — дойлідства, ікана­пісу, прыкладнога мастацтва і, вядома ж, кніжнасці. Тут перапісвала кнігі Еўфрасіння Полацкая, якая стала святой апякункай Беларусі. Можна ўзгадаць бібліятэку Сафійскага сабора, што існавала ў ХІ-XVI стст., а таксама бібліятэку пры Полацкім езуіцкім калегіўме, якая на пачатку ХІХ стагоддзя налічвала больш за 23 тысячы тамоў. У Полацку таксама нарадзіўся і пачынаў сваю літаратурную дзейнасць выдатны паэт, драматург, педагог XVIІ стагоддзя Сімяон Полацкі.

Праўда, на момант прыняцця рашэння аб стварэнні Музея беларускага кніга­друкавання горад ужо не меў тых кніжных багаццяў, якімі мог пахваліцца ў мінулым. Шматлікія пажары, войны, рэвалюцыі сталі прычынай гібелі або вывазу кніжных скарбаў. Пачалося мэтанакіраванае камплектаванне калекцыі будучага музея. У яго фонд перадаваліся кнігі з абменна-рэзервовых фондаў бібліятэк, набываліся кнігі ў букіністычных крамах, дарылі кнігі і прыватныя асобы.

У выніку быў створаны музей, якім Полацк па праву можа ганарыцца! Прайшоўшы па яго 15-ці залах, наведвальнік здзяйсняе захапляльнае падарожжа ў кніжны свет. Тут можна пазнаёміцца з рознымі матэрыяламі для пісьма і з гісторыяй алфавітаў, з рукапіснай кнігай на белару­скіх землях і гісторыяй беларускага кніга­друкавання. Галоўная частка экспазіцыі, вядома ж, — адлюстраванне жыццёвага шляху і дзейнасці першадрукара Францыска Скарыны. Асвятляецца таксама дзей­насць яго паслядоўнікаў — Сымона Буднага, Васіля Цяпінскага, Пятра Мсціслаўца і інш. Паказаны газеты, часопісы, календары, альбомы рознага часу. Завяршае экспазіцыю паказ паліграфічнага абсталявання і сучасных кніг ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў лаўрэатаў розных конкурсаў.

Пры гэтым наведвальнік мае магчымасць убачыць, як стваралася кніга ў скрыпторыі (майстэрні перапісчыка) і ў друкарні ХVІ-ХVІІ стагоддзяў, пазнаёміцца з кабінетам вучонага ХVІІІ стагоддзя і майстэрняй сучаснага мастака-графіка.

Сярод найбольш каштоўных экспанатаў музея — рукапісныя кнігі на пергаменце («Тора») і на паперы («Гадавы рымскі цырыманіял»), беларускія і заходнееўрапейскія выданні ХVІ-ХVІІІ стагоддзяў. У тым ліку такія рарытэты, як «12 прамоў» Іераніма Фалецкага (Венецыя, 1558) і «Евангелле вучыцельнае» (Вільня, друкарня Мамонічаў, 1595).

Вялікую цікавасць выклікаюць выданні твораў беларускіх пісьменнікаў Янкі Купалы, Якуба Коласа, Цёткі, Максіма Багдановіча, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Янкі Журбы, Змітрака Бядулі і інш., падручнікі Максіма Гарэцкага, Браніслава Тарашкевіча, Язэпа Лёсіка, слоўнікі Вацлава Ластоўскага, Яна Станкевіча, календары пачатку ХХ стагоддзя, газета «Наша ніва», часопісы «Наш край», «Маладняк», «Полымя», «Узвышша» 1920-30-х гадоў.

Супрацоўнікамі музея сабрана нямала цікавых і каштоўных матэрыялаў, але праца па збіранні працягваецца. Часта ў музей перадаюцца кнігі сучасных аўтараў з дароўнымі надпісамі. Так, даўнім і шчырым сябрам Музея беларускага кнігадрукавання з’яўляецца Уладзімір Арлоў. Вядомы пісьменнік, які нарадзіўся ў Полацку, кожную сваю новую кнігу абавязкова перадае музею. А не раз здаралася і так, што музей атрымліваў у падарунак і вельмі каштоўныя старыя выданні. Напрыклад, некалькі гадоў таму Андрэй Макагон (палачанін, які жыве зараз у Маскве) перадаў у музей «Рымскі імшал», выдадзены ў 1826 годзе ў Полацку ў былой езуіцкай друкарні каталіцкім ордэнам піяраў. Зараз гэтае выданне можна ўбачыць у экспазіцыі.

Музей на працягу ўсіх дваццаці пяці гадоў існавання карыстаецца вялікай папулярнасцю ў наведвальнікаў. За год праз яго праходзяць да 45 тысяч чалавек.

У гэтым годзе Музей беларускага кнігадрукавання адзначае 25-годдзе. З гэтай нагоды 10 верасня плануецца правесці круглы стол «Кніжная спадчына ў музейным адлюстраванні», падчас якога музейшчыкі і навукоўцы абмяркуюць самыя розныя пытанні, звязаныя з кніжнай тэмай. А яшчэ на верасень запланавана аж дзве выставы. Адну прывязуць да нас з Вялікага Ноўгарада. На ёй будуць прадстаўлены каштоўныя выданні XVI-XІХ стагоддзяў, звязаныя з беларускімі землямі.

А другая дасць магчымасць палачанам на працягу верасня ўбачыць сапраўдныя выданні Францыска Скарыны, якія захоўваюцца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Гэта «Кніга царстваў» і «Эклезіяст».

Запрашаем усіх палачан і гасцей горада выкарыстаць унікальную магчымасць прыйсці на спатканне з кніжнымі скарбамі.

Вера АШУЕВА,
старшынавуковы супрацоўнік Музея
беларускага кнігадрукавання.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *