Дзякуй, хлебаробы!

Главное

У мінулую суботу ўрачы­ста, ва ўзнёслай святочнай атма­сферы працаўнікоў вёскі прыдзвінскага краю сустракаў горад Талачын, які паўстаў перад удзельнікамі абласнога фестывалю-кірмашу «Дажынкі-2015» абноўленым і памаладзеўшым. На галоўнае свята ўраджаю-2015 прыехалі высокія госці: старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарстнёў, старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрэйчанка, мініст­ры, начальнікі шматлікіх рэспубліканскіх камітэтаў і ведамстваў. У Талачын з’ехаліся дэлегацыі з усіх раёнаў Віцебскай вобласці, гандляры і творчыя калектывы.

Традыцыйна дэлегацыю нашага раёна ўзначальваў старшыня Полацкага райвыканкама Мікалай Шаўчук. У яе склад увайшлі кіраўніцтва райвыканкама і ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, дырэктары сельгаспрадпрыем­стваў.

Гаспадары свята сустракалі дэлегацыі гасцей хлебнымі караваямі і шчырай беларускай песняй. Пачаліся «Дажынкі-2015» са зводнага маршу-параду духавых аркестраў і барабаншчыц вобласці «Айчына святкуе Перамогу», а затым прадоўжыліся святочным шэсцем удзельнікаў абласнога фестывалю-кірмашу.

Наша калона выглядала годна: прыгожую шыльду з надпісам і сцяг Полацкага раёна неслі артысты ў прыгожых нацыянальных строях. За імі ішлі барабаншчыцы і добра вядомыя на Полаччыне творчыя калектывы — «Заманіха» і «Нявіда». За імі — старшыня Полацкага райвыканкама Мікалай Шаўчук і старшыня Полацкага райсавета дэпутатаў Іосіф Грыбовіч. Кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў упершыню на абласным свяце хлебаробаў неслі блакітныя сцягі з назвамі сваіх гаспадарак. Удзельнікаў шэсця жыхары Талачына віталі шчырымі апладысментамі.

Да шматлікіх удзельнікаў свята звярнуўся старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарст­нёў, які адзначыў, што сёлета хлебаробы Віцебшчыны сабралі 1 мільён 440 тысяч тон зерня, дасягнуўшы лепшага выніку ў гісторыі вобла­сці за апошнія 40 гадоў! Упершыню сярэдняя ўраджайнасць на Віцебшчыне дасягнула 36,6  цэнт­нера з гектара. Атрыманыя вынікі сведчаць, што ў адзінстве навуковага падыходу да земляробства, практычнай кемлівасці сяльчан, правільнай арганізацыі працы можна дасягаць новых вышынь у сельскагаспадарчай вытворчасці. Кіраўнік вобла­сці выказаў падзяку за дапамогу ва ўборцы ўраджаю работнікам прамысловых прадпрыемстваў і ўстаноў гарадоў, сельскім працаўнікам — усім, ад каго зале­жыць канчатковы вынік у атрыманні прадукцыі раслінаводства.

З рук кіраўніка вобласці атрымалі дыпломы героі жніва, якія паказалі найлепшыя вынікі на ўборцы збожжавых і зернебабовых культур. Грашовымі прэміямі і каштоўнымі падарункамі ўша­навалі лепшыя сельгас­арганізацыі вобласці, камбайнераў-лідараў у розных групах, маладзёжныя экіпажы камбайнераў, вадзіцеляў, старшых аператараў зернесушыльных уста­новак, галоўных аграномаў і галоўных інжынераў. Шчыра вітаў удзельнікаў свята апошняга снапа старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрэйчанка. Са сцэны гучала шмат шчырых, цёплых віншаванняў у адрас лепшых аграрыяў Віцебшчыны.

Ганаровага права падняцца на святочную сцэну «Дажынак-2015» былі ўдастоены і палачане. Заслужаныя падарункі атрымалі дырэктар ААТ «Кушлікі» Фёдар Завадскі, дырэктар філіяла «Гараны-Агра» ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў» Аляксандр Калтуноў, галоўны аграном філіяла «Гараны-Агра» ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў» Тамара Макарава, дырэктар сельгаспрадпрыем­ства «ПС-Карпекі» Аляксандр Кавалёў, дырэктар ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў» Васіль Хамёнак, дырэктар УП «Палімір-Агра» Віктар Яноўскі, дырэктар філіяла «Вясна-энерга» РУП «Віцебскэнерга» Андрэй Нікіфараў і дырэктар КУСГП  «Палата» Лідзія Батура.

Дзякуючы спонсарам, на галоўнай сцэне «Дажынак-2015» сельгасарганізацыям вобла­сці былі ўручаны сертыфікаты на кормаўборачны камбайн «ККС-3000», 21 трактар «МТЗ-82», 53 веласіпеды і камп’ютары.

У святочным канцэрце на галоўнай сцэне, да нашага гонару, бралі ўдзел і творчыя калектывы Полацкага раёна.

Свята раскінулася па ўсім Талачыне. Працавалі выстава сельскагаспадарчай тэхнікі, пляцоўкі брэндаў і выстава караваяў раёнаў вобласці. Упершыню прайшлі абласныя спаборніцтвы па ба­рацьбе «Асілак сяла», пера­можцы якіх атрымалі ў якасці прызоў хатніх жывёл.

«Арганізатары «Дажынак- 2015» зрабілі ўсё, каб свята ў Талачыне прайшло на высокім узроўні, запомнілася цудоўнымі песнямі, жаданымі сустрэчамі і прыемнымі сюрпрызамі», — за­верыў у сваёй прамове старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарстнёў.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *