Дзяніс Зайцаў і Уладзімірам Семянько

Главное Заботы сельские Люди

Шчаслівы чалавек

IMG_8929 фото А.МарцинкевичаШчаслівы чалавек той, хто раніцай з задавальненнем ідзе на працу, а вечарам з жаданнем вяртаецца дадому. З гэтай думкай пагадзяцца многія, і такіх шчаслівых людзей, якія крочаць па жыцці поруч з намі, — нямала.

Адзін з іх працуе ў сельскагаспадарчым унітар­ным прадпрыемстве «Палімір-Агра».

Дзяніс Сяргеевіч Зайцаў, ветурач гэтай гаспадаркі, пераехаў на Полаччыну пяць гадоў таму з Міёрскага раёна. Сёлета напярэдадні прафесійнага свята за плённую працу яму аб’яўлена Падзяка міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь.

Нягле­дзячы на малады ўзрост (спецыялісту 34 гады), ён зарэкамендаваў сябе як сапраўдны прафесіянал. У яго адукацыйным партфелі — два дыпломы. Адзін сведчыць аб заканчэнні Лужаснянскага сельскагаспадарчага тэхнікума, другі — аб атрыманні вышэйшай адукацыі ў Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны. Тэарэтычныя веды дыпламаваны спецыяліст упэўнена падмацоўвае практыкай. Вучыцца і працаваць яму дапамагае такая рыса характару як мэтанакіраванасць. Ён ставіць перад сабой задачу (напрыклад, атрымаць вышэйшую адукацыю ён марыў яшчэ са школы) і ўпэўнена яе вырашае.

На пытанне, адкуль у яго асаблівае стаўленне, любоў да жывёл, Дзяніс Сяргеевіч адказаў проста: «Бацькі працавалі ў сельскай гаспадарцы, маці была даяркай». З малодшых класаў, колькі сябе памятае, бегаў на ферму. Дома бацькі заўсёды трымалі на па­дворку кароў і свіней.

У сельгаспрадпрыемстве «Палімір-Агра» працуюць 4 вет­урачы, Дзяніс Сяргеевіч — старшы. За ім замацаваны статак з 530 галоў на ферме «Семянец», а ўсяго ў гаспадарцы пагалоўе буйной рагатай жывёлы — больш за дзве тысячы. Малады ветурач нясе адказнасць за стан здароўя ўсіх рагуль і цялятаў.

Дзяніс лічыць сябе шчаслівым чалавекам, таму што трапіў на працу ў сельгаспрадпрыем­ства з высокім узроўнем вытворчасці. Яму ёсць з чым параўноўваць. На радзіме ён не бачыў, каб у калег блішчэлі вочы ад жадання выканаць сваю справу добра. А тут такое ёсць. У дадатак — парадак, дысцыпліна. Імпэту ў працы надаюць добрыя адносіны з калегамі, якіх аб’ядноўвае агульнае жаданне зрабіць на сваім працоўным ме­сцы як мага больш і лепш. Вядома, што няма мяжы дасканаласці ў любой справе. І жывёлагадоўля — не выключэнне.

Малады ветурач заўсёды імкнецца да паглыблення ведаў. Звяртаецца за парадамі да спецыялістаў з райплемстанцыі і райветстанцыі, шукае інфармацыю ў інтэрнэце, чытае часопісы. «А як без гэтага? Усё ўда­сканальваецца, мяняецца, трэба крочыць у нагу з часам!» — упэўнены ён. «Праца ў «Паліміры-Агра», — шчыра прызнаўся Дзяніс, — для мяне вельмі добрая школа, пасля якой не страшна працаваць на любым буйным сельгаспрадпрыемстве».

Акрамя таго, што Дзяніс Зайцаў — добры спецыяліст на працы, ён з’яўляецца яшчэ і ўзорным сем’янінам. Яны з любімай жонкай жывуць у вёсцы Семянец, вядуць гаспадарку, выхоўваюць дваіх сыноў. Не пустуе ў гаспа­дароў Зайцавых і хлеў: сям’я трымае казу і курэй.

На развітанне наш суразмоўца павіншаваў з прафесійным святам усіх працаўнікоў вёскі, пажадаў ім моцнага здароўя і дабрабыту.

Праца па душы


DPP_002499Знаёмства з тэхнікам-асемянатарам ААТ «Кушлікі» Уладзімірам Семянько выклікала добрыя ўражанні. І ра­дасць. Ад таго, што ў сельскай гаспадарцы працуюць маладыя, адказныя спецыялісты. Значыць — ёсць будучыня ў вёскі, будзем з малаком і хлебам!

Няпростую працу тэхніка-асемянатара герой нашай публікацыі засвоіў 6 год таму, да новага занятку ўжо прывык, стаў прафесіяналам. А да пе­раезду ў Кушлікі 8 год таму і працаўладкавання ў адну з лепшых гаспадарак Полацкага раёна лёс доўга выпрабоўваў яго на трываласць. Пасля школы юнак атрымаў прафесію будаўніка, пайшоў у армію, вярнуўся — ажаніўся з дзяўчынай, з якой разам хадзілі ў школу. Нарадзілася дачка. Маладому бацьку трэба было карміць сям’ю. Ён працаваў будаўніком у Чашніцкім і Лепельскім раёнах, быў слесарам, ездзіў на працу ў Расію. Разам з жонкай яны шукалі месца працы праз цэнтр занятасці насельніцтва.

Паехаць у Кушлікі ім параіла сваячка, якая працаўладкавалася ў гэтую гаспадарку. Дырэктар Фёдар Завадскі прапанаваў Уладзіміру вучыцца на механізатара, а яго жонцы — працу аператара машыннага да­ення. Сям’ю Семянько з дзвюма дочкамі пасялілі спачатку ў інтэрнат, а потым ім далі дом. Праца ў сельгаспрадпрыемстве для новых работнікаў не была навіной. Яны абодва выраслі ў сельскай мясцовасці, любілі хатніх жывёл, ведалі сялянскую працу. Уладзімір не адмаўляўся ні ад якой работы. Спачатку быў вартаўніком на ферме, пастухом. Калегі па працы ўбачылі ў ім адказнага, стараннага працаўніка. І прапанавалі вучыцца не на механізатара, а на тэхніка-асемянатара. Ула­дзімір згадзіўся, не пабаяўся прадстаячай вучобы на курсах у Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны.

Шчыра прызнаўся, што вучыцца было цяжкавата. Думаў спачатку, што не будзе з яго толку. Але потым прыклаў намаганні і перамог сябе. Набываў больш ведаў — і больш упэўнена адчуваў сябе на працы. Спасцігаў тонкасці новай справы на практыцы, вучыўся ў калег. Цяпер Уладзімір Семянько — адзін з лепшых асемянатараў Полацкага раёна, па працоўных паказчыках не першы год абыходзіць сваіх калег з іншых гаспадарак (на 100 кароў у «Кушліках» атрымоўва­юць 89  цялятаў. Гэта высокі вынік.). Яго працу сёлета адзначылі: уручылі падзяку Міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь. У чым сакрэт поспеху? Увесь час імкнецца апраўдаць давер кіраўніцтва гаспадаркі і калег, якія ў яго паверылі, прапанаваўшы авалодаць новай прафесіяй. З ранку да вечара ён клапоціцца пра сваіх любімых рагуль (а іх у гаспадарцы 1300!). Уладзімір удзячны за цеснае супрацоўніцтва ў працы заатэх­ніку-селекцыянеру гаспадаркі Валянціне Федарэнка, падменнаму тэхніку-асемянатару Арцёму Тумчонку. З надзейнымі калегамі працаваць лягчэй!

Стомлены пасля напружанага дня Уладзімір вяртаецца дамоў, дзе яго чакаюць жонка Таццяна (зараз яна знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску) і тры дачкі. Сёлета бацькоў пара­давала старэйшая Алёна — паступіла вучыцца на бюджэтнае аддзяленне ў Полацкі дзяржуніверсітэт. Сярэдняя — Насця — вучыцца ў школе, займаецца спортам. Маленькая Міраслава, якой толькі 2,5  гады, здаецца, радуецца пры­ходу бацькі больш за іншых!

Уладзімір Семянько хутка пойдзе ў чарговы адпачынак. Паедуць сям’ёй да бацькоў, на радзіму, у Магілёўскую вобласць. А потым, з новымі сіламі, — на любімую працу.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *