Полацк духоўны

Духовность

Гутарка пра самыя простыя жыццёвыя ісці­ны — дапамогу, падтрымку, міласэрнасць, а яшчэ — пра саму сутнасць прастольнага свята — адбылася з протаіерэем, настаяцелем храма Пакрава Прасвятой Багародзіцы г.Полацка Уладзімірам Рацьковічам.
— Айцец Уладзімір, Царк­ва нясе і місію сацыяльнага служэння народу. Якім чынам гэтае служэнне наладжана ў Пакроўскім прыходзе?
— Хацеў бы звярнуць увагу на некалькі момантаў. Давайце разгледзім першы. Царква — не проста рэлігійная арганізацыя — гэта ўсе мы, хрысціяне, народ Божы.
Што датычыцца нашага Пакроў­скага прыхода, то за адзінаццаць гадоў, як адрадзіўся храм, назапашаны і пэўны вопыт у сацыяльным служэнні.
Пры храме працуе сястрыцт­ва, якое з’яўляецца падраздзяленнем епархіяльнага брацтва святога Мікалая Цудатворца і прападобнай Еўфрасінні Полацкай. На сённяшні дзень у нашым сястрыцтве на службе 14 сясцёр. Яны маюць духоўніка і больш за 60 добраахвотнікаў, якія з’яўляюцца прыхаджанамі храма. Сястрыцтва займаецца духоўнымі клопатамі, дапамагае святарам храма пры здзяйсненні Таінстваў на даму або ў бальніцах, аказвае сацыяльную дапамогу.

Сем сацыяльных устаноў — пад апекай сястрыцтва прыхода. Гэта і Полацкі міжраённы анкалагічны дыспансер, і Полацкая абласная псіхіятрычная бальніца, і Вароніцкая бальніца сястрын­скага догляду…

Пры храме сястрыцтва аказвае пасільную матэрыяльную і фінансавую дапамогу шматдзетным сем’ям, маламаёмасным, інвалідам і людзям без пэўнага месца жыхарства.
Ажыццяўля­ем супрацоў­ніцтва з дзяржаўнымі арганізацыямі. У Тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва сумесна з духавенствам праводзяцца планавыя семінары для сацыяльных работнікаў. Маюцца дамоўленасці па аказанні дапамогі ў аднаўленні дакументаў асобам, якія не маюць пэўнага месца жыхарства.
Імкнемся працаваць і з навучальнымі ўстановамі.

— Бадай, самае складанае ў існаванні людзей — узаемаадносіны ў сем’ях, працоўных і вучнёўскіх калектывах. Хацелася б пачуць ваша пастыр­скае слова на гэтую тэму.
— Мы прыходзім у гэты свет усе розныя. Не толькі знешне, але і таленты ў нас розныя, і фізічнае развіццё далёка не аднолькавае, і псіхічнае… Чаму гэта так, нам невядома. Гэта Боская да­дзенасць. Мы атрымалі яе, каб на гэтай, вельмі няпростай аснове расці духоўна. А пуцяводная зорка — наш Гасподзь і яго запаведзі. Ставіцца трэба адно да аднаго міласэр­на, з разуменнем. Дапамагаць, падтрымліваць, вучыць, умець цярпець… Усё, што нам дадзена, не наша, а дадзена Богам, з тым разлікам, каб вельмі абачліва гэтымі дарамі карысталіся. І жыць з усімі ў міры. Словам, вучыцца быць хрысціянамі.

Гутарыла
Вольга ГАВЯЙНОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *