Па полацкаму краю ідзе Каляда

Главное Культура


Нарэшце дачакаліся мы са­праўднай зімы. З марозамі ды чысцюткім, белым снегам: такая прыгажосць наўкола! У гэтыя дні, у пачатку каляндарнага года, нашы продкі ў гонар зімовага сонцавароту адзначалі Зімовыя святкі. Дзень паступова павялічваецца, сонца ўсё часцей з’яўляецца на небе — прыйшла Каляда. Надышла пара выказваць на­дзеі на шчаслівае жыццё ў новым годзе, на багаты ўраджай і дабрабыт сям’і.

У тым, што старадаўні народны абрад святкавання Калядаў жыве і сёння, мы ўпэўніліся, наведаўшы вёску Азіна Полацкага раёна. Здалёк пачулі песню «Ішла Каляда, калядуючы…» ў выкананні калядоў­шчыкаў. Па шырокай вясковай вуліцы ў святочных строях, узяўшы Калядную зорку, ішлі прывабныя вясковыя жанчыны, вялі з сабой Казу і Мядз­ведзя. У кошыках неслі падораныя сяльчанамі пачастункі.

IMG_8167Фото А.Марцинкевича

«Дзе Каза бывае — туды шча­сце завітае, дзе Каза хо­дзіць — там жыта родзіць!» — вершаванымі радкамі распавядалі яны пра сваё каляднае падарожжа. Каза сімвалізуе дабрабыт і багаты ўраджай, яна — жаданы госц­ь у любой хаце. А мядзведзь? Ён — сімвал сілы і здароўя. Без іх ніяк не абысціся! Жанчыны жадалі аднавяскоўцам, «каб у іх былі добрыя каровы, а яны — здаровы, каб вяліся ў іх свінні, цялушкі ды розныя птушкі»! Сяльчане гасцінна сустракалі валачобнікаў.

Адкалядаваўшы, яны накіраваліся ў Азінскі сельскі дом культуры, у гасцёўню Дзеда Мароза. Там і адбылося наша знаёмства. Гаспадар у чырвоным футры (яго ролю выконвае ўжо не першы год старшыня ветэ­ранскай арганізацыі Азінскага сельсавета Вячаслаў Мурашкевіч) быў рады гасцям. Да нашага прыходу ён вабіў час з пяцікласнікам Максімам Сакалоўскім, які прыехаў у вёску на канікулы да сваёй любай бабулі. Хлопчык распавядаў, як знайшоў у навагоднюю ноч пад ёлкай кнігу «Хачу пра ўсё ведаць» і вялікую каробку з канструктарам. А яго брат Лёша атрымаў у падарунак дартс і робата. А яшчэ па сакрэту Дзеду Марозу хлопчык расказаў, што ў іх сям’і хутка народзіцца яшчэ дзіцё… Якія шчаслівыя былі вочы ў Максімкі, калі ён гаварыў пра гэтую навіну!

IMG_8123Фото А.Марцинкевича

Касцюмы калядоўшчыкаў з задавальненнем прымерылі мясцовыя жыхаркі Людміла Петрашкевіч, Галіна Пятрова (у той дзень яна адзначала дзень нараджэння), Марына Костык, дырэктар Азінскага СДК Аксана Валынка, старшыня Азінскага сельвыканкама Алена Чувашэнка, Святлана Цішаловіч і Галіна Гурчонак. Жанчыны шчыра гаварылі пра тое, што чакаюць ад новага года здароўя, стабільнасці, добрага ўраджаю. Дасылаючы дабро іншым, яны бачылі ўсмешкі і ра­дасць — вось яно, сапраўднае каляднае шчасце!

У навагоднія дні яны з задавальненнем заходзяць у Дом культуры. Тут наладжаны цікавыя выставы, можна сфатаграфавацца ў розных парыках і капялюшах, папіць гарбаты і сустрэцца з суседзямі. У святочныя дні з Дзедам Марозам сустрэліся каля 100 чалавек. Для іх вёскі гэтая лічба — нямалая! Сёлета ўпершыню на тэрыторыі сельсавета прайшоў конкурс на самага лепшага снегавіка. Пакуль вынікі не падведзены, на перамогу прэтэндуюць 7 прыгажуноў з морквай замест носа і вядром на галаве.

Разам з Дзедам Марозам мы паехалі ў вёску Цінаўка, каб павіншаваць з Новым годам і Калядамі тутэйшых жыхароў. Гэты населены пункт, дзе пастаянна пражываюць усяго чалавек 20, застаўся адзіным у сельсавеце, які не наведаў галоўны навагодні персанаж.

IMG_8192Фото А.Марцинкевича
…Сяльчане розных узростаў — маладыя і доўгажыхаркі — на чале са старэйшынай вёскі Вольгай Іванскай сустракалі гасцей па старадаўнім звычаі — талакой. У адным з двароў накрылі стол, на які кожны прынёс свой пачастунак да гарбаты. Сустрэчы з Дзедам Марозам і старшынёй Азін­скага сельвыканкама Аленай Чувашэнка асабліва шчыра радаваліся доўгажыхаркі Аляксандра Ільінічна Валуева, 1928 года нараджэння, і Раіса Васільеўна Шаўрукова, 1925 года нараджэння. Пра апошнюю сяльчане расказалі, што хоць бабулі і за 90 — яна яшчэ вельмі рухавая і вясёлая, нягледзячы на тое, што з’яўляецца вязнем, і на яе долю выпалі цяжкія выпрабаванні. Бабуля пасвіць сваіх козачак, робіць зарадку, упэўнена, што рух — галоўнае ў жыцці.

На стале стаяў незвычайны самавар — з вялікай трубой, які награвае ваду з дапамогай вугалёў. Калі ён добра разагрэўся — чорны дым распаўсюдзіўся па ўсёй вёсцы! Гэты рарытэт захавала Раіса Шаўрукова, сказаўшы, што ён дастаўся ў спадчыну. Яму, гэтаму самавару, напэўна, гадоў 100… Мы, канешне, паспрабавалі гарбату з кіпенем з гэтага самавара. Не толькі нам, але і Барысу Іванскаму, Ларысе Гарэлікавай, Марыі Карабчонак, Кацярыне Міхайлавай, Алене Абраменка і Яніне Маслоўскай напой вельмі спадабаўся, паказаўся асабліва духмяным. Тым больш, што пілі мы чай на двары, на марозе.

Сяльчане ўзгадвалі Дзень вёскі, які прайшоў у 2015 годзе. Цеплыня ад гэтага свята сагравае іх душы і сёння. Чым адметная была тая падзея? Тым, што сабраліся дружна, разам, адчулі нейкую асаблівую роднасць ад таго, што жывуць побач, у адной вёсцы, з агульнымі надзеямі… Прыезд у вёску Дзеда Мароза нечым нагадаў тое свята. Падарыў агульную радасць усім. У зносінах з Дзедам Марозам, са старшынёй сельвыканкама Аленай Чувашэнка і з намі бабулі і маладыя жанчыны выказвалі спадзяванні на шчаслівую будучыню, шчыра зычылі адна адной здароўя і дабрабыту. Было заўважна, што да вясковых доўгажыхарак больш маладыя суседкі ставяцца з асаблівай павагай. Яно і зразумела, бо гэтыя жанчыны — жывая гісторыя іх малой радзімы.

На развітанне мы жадалі вяскоўцам моцнага здароўя, дабрабыту і вялікага шчасця, выказвалі надзею на новую сустрэчу падчас чарговага святкавання Дня вёскі Цінаўка. Мы нагадалі вяскоўцам пра Калядны цуд і пра тое, што Зімовыя святкі доўжацца аж да Вадохрышча — 19 сту­дзеня. У гэтыя дні трэба хадзіць у госці, радавацца, дзівіцца з прыгажуні-зімы. Не забывацца, што народныя традыцыі мы павінны перадаць новым пакаленням нашчадкаў.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *