Юные палачане заваявалі 56 дыпломаў на ІІІ этапе Рэспу­бліканскай алімпіяды па ву­чэбных прадметах.

Главное

Удзел у ІІІ этапе Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах прынялі больш за сто юных палачан, якія заваявалі 56  дыпломаў. З іх 28 — трэцяй ступені, 15 — другой, 13 — першай. Дыпломаў вышэйшай ступені ў гэтым годзе ў полацкай скарбонцы больш, а гэта значыць, што больш палачан будуць абараняць гонар роднага Полацка і Віцебскай вобласці на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды. Як і ў мінулым годзе, больш за ўсё дыпломаў па фізіцы — 8, па беларускай мове і літаратуры — 6.
Віншуем пераможцаў і жадаем далейшых поспехаў!

Традыцыйна ў студзені наш старажытны горад прымае ўдзельнікаў ІІІ этапа Рэспу­бліканскай алімпіяды па ву­чэбных прадметах. Сімва­лічна, што ў Год культуры ў Полацку — калысцы беларускай дзяржаўнасці — сустрэліся юныя знаўцы роднай мовы і літаратуры. На працягу некалькіх дзён 87 хлопчыкаў і дзяўчынак з розных куткоў
Віцебскай вобласці дэманст­равалі сваё выдатнае веданне беларускай мовы.

Алімпіяднікі прызналіся, што заданні былі няпростыя, закраналі розныя раздзелы мовы. Адным падалося складаным комплекснае заданне, другім было цяжка сабрацца з думкамі, рыхтуючы вуснае выказванне.

Безумоўна, самы доўгачаканы і хвалюючы момант — узнагароджанне.

IMG_9532Фото А.Марцинкевича

Ва ўтульнай актавай зале СШ  №18 імя Еўфрасінні Полацкай падвядзення вынікаў аб­ласнога этапа з нецярпеннем чакалі юныя знаўцы роднай мовы і літаратуры. Варта было апы­нуцца ў зале, як тут жа ахутвала асаб­лівая атмасфера. Мілагучная беларуская мова чулася паўсюль.

Першым у той святочны дзень алімпіяднікаў віншаваў намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Полацкага райвыканкама Валерый Пунько. Высокі ўзровень ведаў ад­значылі ўсе члены журы. Яны былі ўражаны грунтоўнымі і глыбокімі адказамі ўсіх удзельнікаў ІІІ  этапа Рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры.
А перамаглі лепшыя, сярод іх і шэсць палачанак. Дыпломам І  ступені ўзнагаро­джана Наталля Краско (ПДГ №1 імя Францы­ска Скарыны), Дыпломамі ІІ ступені — Арына Танана (СШ №18) і Віялета Ускова (СШ №16), Дыпломы ІІІ ступені заваявалі Ксенія Рудакова (Ветрынская СШ), Наталля Даргель і Ева Варановіч (ПДГ №1 імя Францыска Скарыны).
Дзяўчаты прызналіся, што займацца мовай ім прапанавалі настаўнікі. Педагогі прывілі сваім вучням бязмежную любоў да прадмета.

IMG_9482Фото А.Марцинкевича

А вось Ксенія Рудакова расказала, што яе бабуля заўсёды размаўляла толькі па-беларуску. Маці таксама вельмі любіць родную мову, так дзяўчынцы перадалася любоў да яе.
— Я атрымліваю задавальненне ад таго, што ўмею і магу размаўляць па-беларуску. Ганаруся тым, што ў мяне ёсць магчы­масць вывучаць родную мову. Адчуваю сябе сапраўдным патрыётам краіны, — падзялілася Віялета Ускова.

IMG_9508Фото А.Марцинкевича

Пераможцы прызналіся, што алімпіяда — гэта не толькі магчымасць прадэманстраваць свае веды, ацаніць свой узровень, але і новыя стасункі, сябры і знаёмыя.
На ўрачыстым закрыцці ІІІ  этапа Рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры сапраўдным падарункам для ўсіх сталі яркія творчыя нумары.
…На старажытнай полацкай зямлі ў душы кожнага ўдзельніка алімпіяды нязгасны агеньчык беларускай мовы запалаў з новай сілай. Так і павінна быць, бо Полацк — горад з асаблівай аўрай…



1 комментарий по теме “Юные палачане заваявалі 56 дыпломаў на ІІІ этапе Рэспу­бліканскай алімпіяды па ву­чэбных прадметах.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *