Галоўным аграномам філіяла «Гараны-Агра» ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў» працуе ў гаспадарцы больш за 30 год

Главное Люди

З Тамарай Макаравай, галоўным аграномам філіяла «Гараны-Агра» ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў», мы заўсёды сустракаемся ў полі. У любую пару года, у любое надвор’е. «Ну не кабінетны я чалавек», — адкрыта кажа Тамара Мікалаеўна і шчыра прызнаецца, што яе стыхія, яе працоўнае месца — гэта поле. Ралля або ніва — няма розніцы…

Нядаўняя наша сустрэ­ча адбылася з нагоды юбілею гэтай працавітай жанчыны. У мінулым годзе яна адзіная з аграномаў Полацкага раёна атрымлівала падарунак на абласным фестывалі-кірмашы працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2015». За якія заслугі? Паказчык валавага збору зерня ў іх гаспадарцы быў самы высокі.

Канешне, у агульным поспеху ёсць уклад усіх працаўнікоў гаспадаркі, але ж роля галоўнага агранома — адна з найважнейшых. Ці атрымаецца сёлета вырасціць добры ўраджай — вопытны аграном не загадвае. Яе зусім не радуе зацяжная вясна, пара падсілкоўваць азімыя, але надвор’е такое няўстойлівае… У дадатак не хапае ўгнаенняў. Тамара Мікалаеўна ведае, што для дасягнення поспеху ў раслінаводстве трэба захоўваць тэхналогіі, выкарыстоўваць якаснае насенне, высокаэфектыўныя сродкі аховы, падсілкоўваць культуры, захоўваць аптымальныя тэрміны сяўбы.

Па памяці вопытны аграном называе лічбы — свае ўладанні. Усяго ў гаспадарцы 4 326 гектараў сельгасугоддзяў, з іх 3109 — ворыва. Яравыя культуры займаюць 1 203 гектары, плошча азімых зерневых — 912 гектараў. Для кагосьці гэта проста лічбы, а для Тамары Макаравай — што­дзённая праца і клопат. З культур больш за іншыя яна любіць гарох, а з асаблівай цікавасцю і задавальненнем займаецца насен­няводствам мнагалетніх траў.

У нашай размове мы павярнулі кола часу назад. Тамара Мікалаеўна вырасла ў шматдзетнай сям’і ў Аршанскім раёне. У бацькоў, якія прысвяцілі жыццё сельскай гаспадарцы, былі тры дачкі. Тамара — старэйшая. Маці хацела, каб дзяўчынка стала медработнікам. Пасля школы Тамара падала дакументы спачатку ў медвучылішча, але хутка перадумала, паступіла ў Лужаснянскі сельгастэхнікум. Менавіта ў гэтай навучальнай установе яна атрымала фундамент  ведаў, які  дапамог  засвоіць тонкасці прафесіі агранома. Потым яна падмацавала веды ў Горацкай сельгасакадэміі.

Першым месцам працы быў саўгас «Чырвоны партызан», куды маладая дзяўчына прыехала па размеркаванні. Адпрацавала тры гады і пераехала ў Гараны. Тут яна ўжо 34 гады. «Такіх кіраўнікоў у галіне раслінавод­ства, як Тамара Мікалаеўна, — адзінкі», — упэўнена адзначыў дырэктар гаспадаркі Аляксандр Калтуноў. «Тамара Мікалаеўна заўсёды дасць слушную параду. Калі яна ўбачыць, што ў падначаленага ці ў кагосьці з калектыву здарылася нешта — адразу б’е ў званы!» — расказалі калегі.

Тамары Мікалаеўне пашанцавала сустрэць у жыцці калег-настаўнікаў, якія аддалі працы агранома душу і сэрца, многаму яе навучылі. Гэта Пётр Ягоравіч Чумакоў, Валянціна Міхайлаўна Лёўкіна і Аляксандр Юльянавіч Рагацень. Юбілярка можа ганарыцца, што паслядоўнікі ёсць і ў яе. Любоў да агранаміі яна змагла перадаць Аксане Рагоў­скай і Алёне Івашкевіч. На маладых калег Тамара Мікалаеўна ўскладае вялікія надзеі.

Юбілярка любіць вучыцца. Шмат чытае, спрабуе, аналізуе. Новыя тэхналогіі дыктуюць сучасныя ўмовы працы. «Калісьці ўраджайнасць зерневых была 10-15 цэнтнераў з гектара, зараз — 60-70…» — задаволена адзначае Тамара Мікалаеўна. Безумоўна, новая тэхніка, насенне, захаванне тэхналогій, догляд прыносяць свой плён.

Пасля любімай працы Тамара Макарава з задавальненнем ідзе дамоў. З мужам Фёдарам, які працуе ў філіяле «Гараны-Агра» вадзіцелем, яны абмяркоўваюць сямейныя і вытворчыя  пытанні. Нядаўна да іх пера­ехала жыць маці Тамары Мікалаеўны. Пажылой жанчыне па­трэбная ўвага родных. Цікавяцца бацькі і жыццём свайго адзінага сына Андрэя, які жыве ў Полацку і працуе настаўнікам. Яны ганарацца сваім нашчадкам і спадзяюцца, што лёс падорыць ім шчасце быць дзядулям і бабуляй.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *