У в. Азіна Полацкага раёна правялі хрэсьбіны па старадаўняй вясковай традыцыі

Главное Культура

Калісьці на вясковых вуліцах было шматлюдна. Сяльчане самааддана працавалі і ўмелі ладзіць прыгожыя святы, на якія збіраліся жыхары вёсак — ад паважаных старажылаў да самых маленькіх. Па вечарах моладзь танчыла і спявала пад гармонік, гулялі вяселлі і хрэсьбіны, а адышоўшых у нябыт аднавяскоўцаў у апошні шлях праводзілі таксама разам, захоўваючы звычаі і абрады, якія, як найвышэйшая каштоўнасць, перадаваліся з пакалення ў пакаленне. 

43938

Зараз, на жаль, адышлі ў мінулае многія традыцыі, якія калісьці былі адметнай рысай пэўнай мясцовасці. Усё менш застаецца тых, хто памятае, як ладзіліся народныя святы, але пакуль жывуць у вёсках людзі, якія з’яўляюцца носьбітамі аўтэнтычных звычаяў і абрадаў, ёсць шанц іх адрадзіць, захаваўшы бясцэнную нематэрыяльную спадчыну беларусаў. 80-гадовая Валянціна Дзмітрыеўна Кохан, жыхарка вёскі Азіна, захавала ў памяці хрэсьбінныя песні і традыцыі, якія на працягу многіх гадоў былі характэрнымі для навакольных вёсак. Калісьці іх спявалі яе маці і бабуля, потым — яна з сяброўкамі. Да паважанай жанчыны і вырашылі звярнуцца ўдзельніцы народнага ансамбля «Бела чайка» Азінскага сельскага дома культуры. Менавіта яе расказ паклаўся ў аснову абрада «Хрэсьбіны», які мясцовыя спявачкі правялі нядаўна ў роднай вёсцы.

43936

Сапраўднае, запамінальнае, яскравае свята прыйшло ў сям’ю Алены і Аляксандра Флажковых, у якіх 7 месяцаў таму нарадзілася дачушка Соф’я. Хрэсьбіны яны вырашылі адзначыць у бацькоўскім доме Алены, маці якой, шчаслівая бабуля Станіслава Іванаўна Ракець, прызналася, што для ее гэта не толькі вялікая радасць, але і гонар. Жанчына расказала, што абрад крыху памятае з дзяцінства, але не магла нават спадзявацца, што зноў калісьці пачуе знаёмыя спевы, тым больш на хрэсьбінах сваёй унучкі. «Абавязкова зробім відэаздымку. А калі ўнучачка вырасце, пакажам ёй, як адзначалі такі важны дзень у яе жыцці», — прызналася яна.

43935

З самага ранку ў доме панавала прыўзнятая атмасфера — упрыгожвалі ганак і пакоі, гатавалі адмысловыя пачастункі і чакалі гасцей. Па старадаўняй вясковай традыцыі бацькоў з дачушкай Соф’яй ды кума з кумой праводзілі ў касцёл, дзе мелася адбыцца хрышчэнне, даўшы ім адпаведныя настаўленні і выканаўшы ўсе належныя абрады. А тым часам у дом пачалі збірацца шаноўныя госці з падарункамі ды пачастункамі, кожны з якіх меў асаблівы сэнс: «Хай усё ў вас вядзецца і памнажаецца! Аладачкі ў хустачцы, каб дачушка гаварыць пачала рана! Даю грошы, каб дзіця жыло ў раскошы!» Госці зычылі сям’і здароўя ды згоды, шчасця ды багацця. А калі на ганку з’явіліся маладыя бацькі з дачушкай ды кумы, пачалося іх шанаванне. Знайшліся добрыя словы і пажаданні для кожнага.

І зноў загучалі народныя спевы, ахутваючы энергетыкай дабрыні і любові маленькага анёла, прыгожую дзяўчынку Соф’ю, якая спачатку збянтэжылася і нават ледзь не расплакалася, убачыўшы мноства незнаёмых людзей, а потым заўсміхалася, зачаравана слухаючы мілагучныя спевы вясковых артыстаў і назіраючы, як ладна рухаюцца яны ў імправізаваным  карагодзе.

«Дзіцятка стамілася. Час адпачыць. Пакладзем у калыску вугольчык, хлеб-соль ды лыжачку, каб добра спалося», — прыгаворвалі жанчыны, як калісьці гэта рабілі прадстаўніцы старэйшых пакаленняў. І, дзіўная справа, стомленае, расхваляванае дзіцятка супакоілася… Значыць, ёсць у даўніх звычаях сакральны сэнс і моцная энергетыка.

…А потым надышоў час застолля. Атрымалася яно вясёлым — з прыказкамі і прымаўкамі, песнямі ды пажаданнямі. «Дай, Божа, дзіцяці здароўя — быць вумнай-разумнай, шчаслівай, багатай! Няхай жа Божа Соф’юшку нашу гадуе ды долю ей лёгкую рыхтуе! Дай, Божа, нашаму дзіцяці Хрэсьбінкі згуляці і вяселля дачакаціся! Чалавек нарадзіўся — сонейка ўсміхнулася. Няхай свеціць гэта сонейка нам усім на радасць!» — шчыра жадалі госці. Не абыйшлося і без традыцыйнай Бабінай кашы, якой шчодра частавалі кожнага з прысутных, зноў жа, выконваючы старадаўні беларускі звычай.

Чалавек нарадзіўся… Запалілася на небасхіле яшчэ адна зорачка лёсу. Няхай ён будзе шчаслівым ды светлым. Няхай хораша жывецца дзяўчынцы Соф’і на родная зямлі, сярод зялёных лясоў, залатых палеткаў ды блакітных азёраў. На зямлі, якая захавала спрадвечную мудрасць продкаў.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *