Юныя палачане заваявалі 10 дыпломаў на заключным рэс­пу­бліканскім этапе алімпіяды па вучэбных прадметах

Главное

На працягу мінулага тыдня юныя інтэлектуалы з розных куткоў Беларусі абаранялі гонар сваіх абласцей на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах.

На нашай старажытнай полацкай зямлі больш за 120 юных філолагаў змагаліся за званне лепшых знаўцаў беларускай мовы і літаратуры. Пяць дзён дзяўчаты і хлопцы выконвалі няпростыя заданні, а калі выдавалася вольная хвілінка — каманды-ўдзельніцы знаёміліся з багатай гісторыяй Полацка.

Самым хвалюючым быў апошні дзень алімпіяды, калі ўсе выпрабаванні скончыліся, і дзяўчаты і хлопцы з нецярпеннем чакалі вынікаў. Ва ўтульнай зале СШ  №18 на ўрачыстай цырымоніі закрыцця  алімпіяды па прадметах «Беларуская мова» і «Беларуская літаратура» былі названыя лепшыя знаўцы роднай мовы з усёй краіны.

44571

Першым павіншаваў прысутных намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыкан­кама Сяргей Арэхаў:

— Вы ўсе малайцы! Вы — будучыня нашай краіны, ад таго, наколькі вы будзеце гатовыя кіраваць кра­інай, залежыць моц  дзяржавы, а гэта значыць, яе росквіт.

Усе члены журы, якія выхо­дзілі ўручаць Пахвальныя водгукі і дыпломы пераможцам, зазначалі, што вынікі алімпіяды вельмі іх парадавалі, дзеці паказалі выдатную падрыхтоўку.

Старшыня журы, доктар філалагічных навук, прафесар кафедры беларускага літа­ратуразнаўства Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна Зоя Мельнікава, перш чым узнагародзіць лепшых з лепшых, ад усёй душы падзякавала кіраўніцтву Полацкага раёна, аддзелу адукацыі, спорту і турызму Полацкага райвыканкама, кіраўнікам устаноў адукацыі Полацка, якія стварылі ўдзельнікам і членам журы выдатныя ўмовы для працы.

— Удзельнікі вельмі ўзрадавалі нас сваімі глыбокімі ведамі! Мы вам вельмі удзячныя за тое, што беларуская мова жыве ў вашых сэрцах! Поспехаў у жыцці, стаўце высокія мэты і дасягайце іх, — пажадала яна.

Намеснік старшыні Полацкага райвыканкама Пётр Пяткевіч шчыра павіншаваў усіх з заканчэннем алімпіяды: «Спадзяюся, што дні, праведзеныя ў нашым старажытным горадзе, сталі для вас крыніцай творчых пошукаў, гістарычных адкрыццяў і карысных зносін. Лічу, што ўсе ўдзельнікі перамаглі ў галоўным — набылі не толькі веды, але і сяброў з усіх куткоў краіны.

 Спецыяльныя прызы Полацкага райвыканкама Пётр Мяфо­дзьевіч уручыў двум юным знаўцам роднай мовы. Адна ўзнагарода засталася ў Полацку, яе атрымала Віялета Ускова, вучаніца СШ №16.

І гэта яшчэ не ўсе сюрпрызы. Прызы ад Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта некалькім знаўцам беларускай мовы ўручыў дэкан гісторыка-філалагічнага факультэта Дзяніс Кандакоў. А вось падарункі ад кніжнага выдавецтва «Аверсэв» атрымалі ўсе ўдзельнікі заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па прадметах «Беларуская мова» і «Беларуская літаратура».

Радасна, што сярод лепшых знаўцаў роднай мовы і палачанкі. Наталля Краско (ПДГ №1) і Арына Танана (СШ №18) заваявалі Дып­ломы ІІІ ступені. Для адзінаццацікласніц гэта апошняя алімпіяда. Дзяўчаты прызналіся, што бу­дуць сумаваць па алімпіядных заданнях.

44568

Наташа і Арына вельмі ўдзяч­ныя сваім настаўніцам Алене Уладзіміраўне Казловай (ПДГ №1) і Таццяне Уладзіміраўне Тарасевіч (СШ №18) за тое, што прывілі ім любоў да роднага слова.

На заключным рэс­пу­бліканскім этапе алімпіяды па вучэбных прадметах юныя палачане заваявалі 10 дыпломаў (1 — першай ступені, 2 — другой, 7 — трэцяй) і два Пахвальныя водгукі. Больш за ўсё пераможцаў у ПДГ №2 — чатыры дыпломы, тры — у СШ №16, па аднаму дып­лому  заваявалі прадстаўнікі ПДГ №1, СШ  №18, СШ №1.

Віншуем  пераможцаў!



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *