Дружная каманда Полацкага ліцэя сельгасвытворча­сці шчырую на палях

Заботы сельские

Прымаўка «Што пасееш — тое і пажнеш» для сяльчан не толькі народная муд­расць, але праўда жыцця, і ў гэтыя дні сяўба яравых культур — задача нумар адзін для ўсіх аграрыяў Полаччыны.

Зараз на палях раёна шчыруюць аграрыі 17 сельгаспрадпрыемстваў. У гэтай кагорце — дружная каманда Полацкага ліцэя сельгасвытворча­сці. Навучальнай установе таксама, як і іншым гаспадаркам, даве­дзены план яравой сяўбы, і, на думку дырэктара ліцэя Ірыны Кісялёвай, заданне райсельгасхарчу — ім па плячы.

«Восенню мы пасеялі пшаніцу, азімыя жыта і рапс, на вясну запланавалі засеяць 80 гектараў ячмянём, 50 — яравым рапсам, 70 — зернебабовымі культурамі», — распавяла Ірына Леанідаўна. І дадала, што на сёлетняй пасяўной ужо вызначыліся першыя лідары.

Добра зарэкамендавалі сябе майстры вытворчага навучання Генадзь Устымчук, Сяргей Чмара, Аляксей Асомчык, Уладзімір Гваздоўскі, Мікалай Шнітко і Дзмітрый Сямёнаў. Кожны з іх сваёй адказнай працай на сяўбе, на падвозцы збожжа, на культывацыі глебы, на абслугоўванні тэхнікі ўнеслі свой важкі ўклад у агульную справу.

IMG_7875

З гэтымі і іншымі ўдзельнікамі пасяўной-2016 мы пазнаёміліся на полі ў вёсцы Бадзінава. Ролю «галоўнага дырыжора», які адказвае за сяўбу і кіруе працай, выконвае Святлана Захарава. Яе пасада ў ліцэі — кіраўнік гаспадаркай, а абавязкі — як у агранома. Спецыяліст распавяла, што ячмень і яравы рапс — ужо пасеяны, засталіся толькі зернебабовыя. Заданне па сяўбе ўжо выканана на 70  працэнтаў.

IMG_7887

Акрамя выканання плану, у кожнага з працаўнікоў на полі — свае задачы. У пасяўной кампаніі ўдзельнічаюць майстры вытворчага навучання і навучэнцы ліцэя. Выкладчыкі зацікаўлены, каб іх падапечныя замацавалі на практыцы тэарэтычныя веды. Навучэнцам такі падыход па душы, толькі і глядзяць, каб ім да­зволілі кіраваць тэхнікай!

«Адпаведна з праграмай, за час навучання хлопцы могуць некалькі разоў прымаць удзел у пасяўных і ўборачных кампаніях. Гледзячы, кіраванне якой тэхнікай яны засвойваюць. Трэба ж паспрабаваць папрацаваць і на трактары, і на машыне, і на камбайне!» — удакладніла дырэктар ліцэя. І дадала, што ганарыцца выпускнікамі, якія добра зарэкамендавалі сябе на працоўных месцах. Большасць з іх працуюць у галіне сельскай гаспадаркі. Яна звярнула ўвагу на адзін важны фактар: не ўсё залежыць ад педагогаў, трэба, каб навучэнцы свядома выбіралі прафесію механізатара, вадзіцеля ці электрыка, каб любілі тэхніку і імкнуліся дасканала авалодаць ведамі!

IMG_7860

Удзельнікі пасяўной былі ў добрым настроі. Навучэнец Сяргей Каралёў расказаў, што ён — тутэйшы, з Полацкага раёна. Пасля заканчэння вучобы плануе працаваць на зямлі, быць апорай для маці. Майстар вытворчага навучання Сяргей Чмара мае 5-гадовы вопыт удзелу ў веснавой сяўбе, гатовы перадаць веды маладым. Генадзь Устымчук — родам з Брэсцкай вобласці, у ліцэі працуе ўжо сёмы год. Яму па душы праца майстра вытворчага навучання, склаліся добрыя адносіны і з калегамі. Ігар Шаблоўскі — з Ушацкага раёна. Пайшоў па слядах бацькі-вадзіцеля. Любіць «круціць баранку», але на трасе, на ажыўленых участках дарогі пакуль сядзіць побач з кіроўцай-майстрам.

Андрэй Акуцёнак мінулым летам працаваў дома, у Новых Гаранах, пастухом і меў намер кінуць вучобу. Педагогі ліцэя пераканалі хлопца, што заканчэнне вучобы і атрыманне дыплома — больш важная задача. Уладзімір Гваздоўскі майстрам вытворчага навучання працуе нядаўна, першыя поспехі падапечных і праца на зямлі прыносяць яму задавальненне.

IMG_7890

Вопытны працаўнік Мікалай Шнітко зазначыў, што сёлетняя веснавая пасяўная ў ліцэі праходзіць больш зладжана, чым у іншыя гады. Гэтаму паспрыяла новая тэхніка, назапашаныя запчасткі.
У адзін голас вопытныя і будучыя механізатары адзначалі, што для імпэту ў працы ім не хапае толькі добрага надвор’я. Канешне, весялей працуецца, калі грэе сонейка і дзьме лёгкі ветрык.

Як сведчаць сіноптыкі, хутка так і будзе. Сонца дзень ада дня ўсё вышэй і вышэй ходзіць па небе, вясна ўступае ў свае правы і яшчэ парадуе ўсіх наспекнымі, слаўнымі дзянькамі.
.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *