Кандытары Полацкага райпо напяклі велікодных кулічоў

Главное

Апошнія дні перад Вялікаднем — самыя гарачыя (ва ўсіх сэнсах гэтага слова!) для кандытараў Полацкага райпо. Майстры салодкай справы добра разумеюць, што без велікоднага куліча палачане і жыхары Полацкага раёна не адчуюць напоўніцу свята, да якога з трапяткім пачуццём ставіліся яшчэ нашы продкі.

Майстар-кандытар 6-га разраду Алена Карунная напярэдадні сустрэчы з намі працавала ўсю ноч. «Чаравала» над пячэннем, пірожнымі і велікоднымі кулічамі. Расказала, што да прыгатавання апошніх у іх з калегамі асаблівае стаўленне. Яны імкнуцца, каб кожны  куліч, які стане часцінкай свята для шматлікіх па­купнікоў, выглядаў прывабна і быў смачным. Гэта важна, таму што яны панясуць іх на асвячэнне ў царкву, а потым куліч і велікодныя яйкі як галоўныя атрыбуты Вя­лікадня ўпрыгожаць святочныя  сталы.
Кулічы, прыгатаваныя кандытарамі райпо, будуць распаўсюджвацца праз гандлёвую сетку іх прадпрыемства, праз аўталаўкі, а таксама іх бу­дуць рэалізоўваць на кірмашы, які разгорнецца ля Полацкага Дома гандлю ў перадвелікодныя дні.
— Галоўнае тое, што нашы кулічы вырабляюцца толькі з натуральных прадуктаў. У іх складзе — мука, яйкі, алей, ванілін і разынкі, якасць прадукту і клопат пра здароўе спажыўцоў для нас — першая
справа, — расказала кандытар.
Алена Віктараўна — вопытны спецыяліст, працуе ў кандытарскім цэху прадпрыемства ўсё жыццё. Як майстра 6-га разраду, яе часта запраша­юць да ўдзелу ў конкурсах і выставах. На нядаўнім кулінарным савеце ў Талачыне прапанаванае ёй пячэнне з пернікавым смакам было зацверджана ў масавую вытворчасць. А яшчэ яна прыдумала шакаладныя цукеркі з рознымі начынкамі, ад смаку якіх — пальчыкі абліжаш!
Акрамя як на любімай працы, якой жанчына аддае душу і сэрца, яна гатуе выпечку дома, песціць сваю сям’ю. У мужа і дачкі любімы ласунак — салодкія рулеты з рознымі начынкамі. «Калі ў доме ёсць мука — абавязкова будзе і дэсерт!» — жартуе кандытар і дадае, што выхоўвае сабе памочніцу. 5-гадовая ўнучка Сафія праяўляе цікавасць да бабулінай працы. І апетыт у дзяўчынкі значна лепшы, калі ў працэсе прыгатавання страў яна брала ўдзел!
Цікава, што на паперы Алена Віктараўна маляваць не любіць. А вось на булачках, пірожных, кулічах — калі ласка! Больш часу, расказала наша гераіня, займае прыгатаванне рознакаляровых памадак, а само маляванне — гэта хутка, цікава і нават займальна! Сёлетнія велікодныя кулічы ўпрыгожваюць шакаладныя літары, кандытарскія памадка і пасыпка, какосавая стружка. У кожны малюнак кандытары ўклалі фантазію і шчырую любоў да пакупнікоў.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *