Даярка філіяла «Мілк-Агра» ААТ «Полацкі малочны камбінат» на працу заўсёды ідзе з пазітыўным настроем

Заботы сельские

У Дзень жывёлавода, які традыцыйна праходзіць у Полацкім раёне напрыканцы працоўнага тыдня, адбыўся сход працаўнікоў на адной з ферм філіяла «Мілк-Агра» ААТ «Полацкі малочны камбінат».

Жывёлаводы выказвалі штодзённыя праблемы, з якімі ім даво­дзіцца сутыкацца. Напрыклад, на ферме няма апілак, бываюць перабоі з гарачай вадой. Дырэктар гаспадаркі Віталь Кузякоў браў пытанні на кантроль, абяцаў паправіць станові­шча. Галоўны заатэхнік філіяла Святлана Курс падвяла вынікі мінулага працоўнага тыдня па вытворчасці малака. Надой малака на карову за суткі, у сярэднім, — больш за 18 кілаграмаў, валавы надой за суткі — амаль 10 000 кілаграмаў «белага золата».

Хоць працэнт выканання плана (125%) — даволі высокі, спецыяліст падкрэсліла, што ўсе даяркі працуюць у аднолькавых умовах, а вынікі працы ва ўсіх — розныя. У чым прычына? Трэба дабівацца якасці малака штодзённай увагай да жывёл, захаваннем правілаў гігіены.

Праўдзівасць слоў вопытнага заатэхніка пацвердзіла і аператар машыннага даення Вольга Грачушнік, якая другі месяц запар выходзіць у лідары сярод калег па працы па вытворчасці малака. Пасля заканчэння сходу мы папрасілі жанчыну расказаць пра сакрэт працоўнага поспеху.

— Ніякага сакрэту няма, кармоў хапае падапечным, мукі — таксама, — расказала даярка. — Каб атрымаць прадукт сорту «экстра», трэба паклапаціцца пра захаванне правілаў гігіены. Перад кожным даеннем трэба як след вымыць вымя, неабходна сачыць за здароўем жывёл, калі што — сказаць ветурачу.

З размовы падалося, што даярка мае шматгадовы вопыт працы, ведае ўсе нюансы. Але суразмоўца расказала, што працуе на ферме толькі чацвёрты год. Прыехала з Полацка па прапанове кіраўніцтва Полацкага малочнага камбіната, дзе працавала кухоннай рабочай. Жанчыне далі кватэру, з’явілася магчымасць трымаць на падворку і хатнюю жывёлу.

— Ніколькі не шкадую, што змяніла месца жыхарства, пераехала ў вёску Нача і ўладкавалася ў сельскую гаспадарку, да працы іду 10 хвілін пешшу, — задаволена расказвала Вольга.

Вопыт працы на ферме ў яе меўся яшчэ з маладосці. Нарадзілася яна ў Міёрскім раёне, потым сям’я пераехала ў вёску Зялёнка Полацкага раёна. Пасля заканчэння школы Вольга спасцігала прамудрасці сялянскай працы на мясцовай ферме. Прывяла яе ў калгас любоў да жывёл. Працавала даяркай, потым — загадчыцай фермы. Пераехала ў Полацк. Паколькі фізічнай працы не баялася, уладкавалася на цагельны завод. Пашанцавала — сям’і далі кватэру.

— Як толькі прыйшла на ферму філіяла «Мілк-Агра» — рукі адразу ўспомнілі, што і як трэба рабіць. Уцягнулася лёгка і ў новы рэжым працы, — расказала даярка. — Розныя паказчыкі працы ва ўсіх даярак — таму што групы кароў адрозніваюцца. Мае, напрыклад, 68 рагуль — маладыя і не вельмі. Тыя, якія толькі ацяліліся, канешне, даюць больш малака. Апошнія два месяцы, магчыма, у маёй групе было больш ацёлаў. Ёсць у мяне і любімыя кароўкі з мянушкамі Лысоня, Дуняша, Верба і Муха, якія, як мне падаецца, радуюць высокімі надоямі за маю ўвагу да іх. Шчыра скажу, я вельмі люблю сваіх каровак і стаўлюся да іх з разуменнем і любоўю. Толькі паглядзіце — якія яны прыгожыя! А цяляткі якія ладненькія, і вагу добра набіраюць — іх у мяне зараз 7, — эмацыянальна расказвала жывёлавод.

Жанчына — маці траіх дарослых дзяцей, клапатлівая бабуля для 4 унучак і дваіх унукаў. Апошні хлапчук толькі нядаўна нара­дзіўся, бабуля чакае выхадных, каб яго ўбачыць. Дзеці задаво­лены, што маці жыве ў вёсцы. Яны часта прыязджаюць да яе ў госці. Ведаюць, што частаваць іх яна бу­дзе сваімі «фірменнымі» блінамі. «Не параўнаць, канешне, бліны, з дамашнім яйкам і магазінным, — разважае Вольга, і дадае, што гатаваць ежу яна любіць. Яшчэ адно захапленне даяркі — разгадванне красвордаў. Гэтаму хобі яны з мужам (ён — тутэйшы, працуе ў філіяле «Мілк-Агра» трактарыстам) пры­свячаюць вольную гадзіну.

Прышоўшы на працу, Вольга цалкам аддаецца любімай справе. У іх працоўным калектыве пануе добразычлівая атмасфера. З некаторымі з калег яны сябруюць не толькі на працы, але і ў побыце. Сваім пазітыўным настроем да жыцця Вольга Грачушнік зараджае тых, хто побач.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *