Палачанкі —пераможцы заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры — ідуць з родным словам па жыцці

Главное Молодежь

Таленавітыя настаўнікі, падобна чараўнікам, валодаюць шматлікімі здольнасцямі і сакрэтамі. І адно з іх — уменне запальваць зорачкі на небасхіле ведаў…

Кропелек сонца і апельсінавага настрою!

IMG_0711

Алена Уладзіміраўна Казлова — настаўніца беларускай мовы і літаратуры Полацкай дзяржаўнай гімназіі №1 імя Ф.Скарыны — з ліку такіх педагогаў. А яе вучаніца Наталля Краско — з ліку такіх зорачак. 11-класніца ў трэці раз стала пераможцай заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры. У гэтым годзе ў скарбонцы яе дасягненняў — Дыплом II ступені.

Як настаўнік і здольны вучань знаходзяць, адчуваюць адзін аднаго? «Напэўна, інтуітыўна», — прыхо­дзім мы да высновы ў ходзе размовы.

— Недзе ў шостым класе мне давялося рабіць выбар: якім прадметам больш паглыблена займацца, — узгадваючы, з чаго ўсё пачыналася, кажа Наташа, — і заняткі па беларускай мове падаліся найбольш цікавымі.

Алена Уладзіміраўна на ўласным вопыце ведае, што такое быць удзельнікам прадметнай алімпіяды, сама ў свой час прайшла гэтым шляхам: «Алімпіяда — гэта не толькі падручнікі, слоўнікі і алімпіядныя заданні. Гэта — асаблівы дух спаборніцтва, жаданне дабіцца нечага ў жыцці, быць паспяховым, знайсці сваё месца пад сонцам».

Калі напружаны час падрыхтоўкі і хвалюючых выпрабаванняў перажыты, алімпіяднікі не развітваюцца з роднай мовай, яны падтрымліваюць стасункі, актыўна кантактуюць у сацыяльных сетках. Кола аднадумцаў пашыраецца, і гэта, як правіла, незвычайныя, цікавыя людзі, якія не толькі мовай апантана займаюцца, але маюць шмат цікавых захапленняў. Хто лялек шые, хто на гітары грае, песні піша. І гэта ўзбагачае. Наташа Краско піша прозу, уваходзіць у народнае літаратурнае аб’яднанне «Наддзвінне». Адзінаццаты клас — час вызначацца з будучай прафесіяй. Наталля плануе паступаць у медыцын­скі ўніверсітэт. Але яна ўпэўнена, што ў яе жыцці, у яе сэрцы за­ўсёды будзе месца для белару­скай мовы і літаратуры — нават зараз ужо склала спіс твораў, якія яна марыць прачытаць, калі будзе больш вольнага часу.

Алена Уладзіміраўна такому выбару сваёй вучаніцы не здзіўляецца і не крыўдуе:
— Ніхто з маіх алімпіяднікаў, якія былі пераможцамі на рэспубліканскім узроўні, не звязаў сваё жыццё з філалогіяй. І гэта не мінус, а, наадварот, плюс, бо вопыт поспеху ў адной справе дае ім магчымасць стаць паспяховымі ў іншых напрамках дзейнасці. Я жадаю сваім вучням раскрываць для сябе новыя гарызонты! Алімпіяда — не самамэта, а адно з жыццёвых выпрабаванняў, якое трэба прайсці годна: развіць сябе, знайсці сябе, убачыць, на што ты здольны. А яны — здольныя! Космас дапамагае! І мы жадаем адзін аднаму апельсінавага настрою, незвычайнага натхнення, карамельных аблокаў і кро­пелек сонца!

УлосевичЛарыса Сяргееўна УЛАСЕВІЧ, дырэктар ПДГ №1 імя Ф.Скарыны:
— У гімназіі навучаюцца шмат высокаматываваных і таленавітых дзяцей. Штогод, падво­дзячы вынікі навучальнага года, мы запальваем у нашай «Галерэі зорак» новыя зорачкі. Асаблівае месца ў ёй займаюць зоркі намінацыі «Інтэлект». Мы ганарымся нашымі вучнямі: стыпендыятамі Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў, пераможцамі абласнога і заключнага этапаў рэспубліканскай алімпіяды, міжнароднай фізічнай алімпіяды.

Але кажуць, што ні адна зорка не заззяе, пакуль не знойдзецца чалавек, які будзе трымаць ззаду яе цёмнае палатно. І на такіх людзей багатая наша гімназія — людзей, якія сваім талентам і бязмежнай любоўю да дзяцей, прафесіяналізмам і невычэрпнай верай дапамагаюць зоркам нараджацца і ззяць, плённа працаваць, пераадольваць усе цяжкасці і атрымліваць перамогі над сабою. Гэта Алена Уладзіміраўна Казлова, Алена Андрэеўна Дранец, Галіна Сяргееўна Сутовіч, Валянціна Пятроўна Каняева, Наталля Вячаславаўна Салавей, Алена Уладзіміраўна Міхно, Наталля Іванаўна Завістоўская, Наталля Міхайлаўна Нялюбава, Алёна Рыгораўна Палій. І, канечне ж, зорка не будзе гарэць, калі ў ёй не падтрымліваць «агонь». Выказваю шчырую падзяку нашым бацькам, якія дапамагаюць вырошчваць нашых зорак.

Каштоуны вопыт дасягнення поспехау

IMG_0804

Жыццё — гэта не заўсёды перамогі. Гэта спробы, памылкі, творчы шлях адкрыццяў і каштоўнага вопыту. Але калі ты дасягаеш поспеху — гэта заўсёды становіцца трывалай прыступкай да новай мары. Алімпіяда вучыць жыць цікава. І гэтым незвычайным шляхам ішла яшчэ адна полацкая школьніца — навучэнка 11 класа сярэдняй школы №18 імя Еўфрасінні Полацкай Арына Танана, якая таксама ўвайшла ў лік пераможцаў IV заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры.

Акрамя таго, Арына знаходзіла час разам з аднакласніцай Дзіянай Тарасевіч займацца навукова-даследчай працай, якая была прадстаўлена на гарадскім, абласным і рэспубліканскім этапах канферэнцыі і адзначана Дыпломам.

— Тэма складаная, але цікавая, яна мае практычнае значэнне, — тлумачыць дзяўчынка, — «Фразеалагізмы з кампанентам-заонімам у беларускай мове. Структурна-семантычны і нацыянальна-культурны аспекты». Мы імкнуліся да таго, каб вынікі гэтай працы можна было прадставіць усім жадаючым, і стварылі пэўны сайт, які нават па­дзякі атрымлівае ад карыстальнікаў.

— Калі чалавек таленавіты, яго таленты праяўляюцца ў самых розных накірунках, — упэўнена настаўніца беларускай мовы і літаратуры СШ  №18 Таццяна Уладзіміраўна Тарасевіч. — Наша Арына менавіта такая дзяўчынка.

З шостага класа Арына Танана пачала наведваць факультатыўныя заняткі па беларускай мове: «Мова падалася мне цікавай, лёгкай для вывучэння, і таму я захапілася гэтым прадметам. Калі ўпершыню ўдзельнічала ў гарадскім этапе алімпіяды, заняла чацвёртае месца. Напэўна, гэта падштурхнула працаваць больш мэтанакіравана, з’явілася жаданне даказаць настаўніку і, у першую чаргу, самой сабе, што магу лепей!».

— Асэнсаванае жаданне займацца мовай у навучэнцаў узнікае ў старэйшых класах, а раней — агульнае моўнае становішча гэтаму не спрыяе, — разва­жае Таццяна Уладзіміраўна. — Таму даводзіцца падштурхоўваць дзяцей, накіроўваць.

Падрыхтоўка да алімпіяды патрабуе ад вучняў шмат часу, асаблівай працаздольнасці, умення канцэнтравацца. Але — памятаеце? — гэта таленавітыя дзеці, і яны ўмеюць арганізаваць свой дзень так, каб мець магчымасць паспець усё. Для Арыны вельмі важная падтрымка бацькоў, якія разам з ёй радуюцца поспехам, кажуць шчырае «Малайчынка!». Аднакласнікі таксама цікавяцца яе справамі, а, здараецца, і па дапамогу звяртаюцца.

Сваю будучыню Арына Танана плануе звязаць з інфармацыйнымі тэхналогіямі, але яна ўпэўнена, што ніякія веды не бываюць лішнімі: «Усё, што я ведаю, застанецца са мной назаўсёды і дапаможа ў жыцці». А яе настаўніца Таццяна Ула­дзіміраўна жадае Арыне і іншым сваім вучням яшчэ не раз зведаць асалоду перамогі і лічыць, што адукаваныя людзі патрэбныя ў розных галінах, і, калі яны будуць ісці з роднай мовай па жыцці, — гэта цудоўна!

ШухлевКанстанцін Віктаравіч ШУХЛЕЎ, дырэктар СШ №18 імя Еўфрасінні Полацкай:
— Хацелася б адзначыць, што наша школа — гэта вялікі творчы калектыў педагогаў і навучэнцаў, які заўсёды імкнецца быць першым і лепшым ва ўсім. Акрамя нашых дасягненняў па беларускай мове і літаратуры ў школы шмат іншых перамог рэспубліканскага ўзроўню: па зімовым шматбор’і «Здароўе», у выставе «Калядная зорка», у конкурсах «Лёд. Кветкі. Фантазіі» і «Гэты твой свет заўтра», прысвечаным 70-годдзю з дня стварэння ААН, праекта «Экомир-2015», у конкурсе «Спроба пяра» і шмат іншых.

Такі поспех магчымы дзякуючы самаадданай працы калектыву педагогаў і зорнаму патэнцыялу нашых дзяцей.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *