Як на Полаччыне Купалле адзначалі + ФОТА

Культура

У гэты дзень увечары на беразе ракі Заходняя Дзвіна ў вёсцы Экімань было наладжана свята з песнямі, вогні­шчам і  гульнямі, усе жадаючыя палачане змаглі пазнаёміцца з таямніцамі свята Купалля.

IMG_1986Фото А.Марцинкевича

Па народнай традыцыі Купалле адзначаецца ў перыяд летняга сонцастаяння — у час найвышэйшага росквіту прыродных сіл. «На Купалу, кажуць, сонца грае рознымі ўзорамі: і сінімі, і жоўтымі, і малінавымі. Не ўсім дадзена гэта пабачыць. Калі чалавек шчаслівы — ён пабачыць, а калі не — то не пабачыць», — сцвярджалі нашы продкі.

IMG_2021Фото А.Марцинкевича
Анімацыйная праграма, якую прадстаўлялі фальклорны гурт «Варган» Полацкага дзяржаўнага ўнівер­сітэта і народны тэатр гістарычнага строю «Полацкі звяз», з’яўляецца вынікам даследчай працы, праведзенай іх удзельнікамі па вывучэнні традыцый і абрадаў беларусаў Па­дзвіння. Купальская дзея, якую пабачылі госці свята, была адаптавана для ўспрыняцця сучасным чалавекам у межах гарадской прасторы. Дарэчы, анімацыйная праграма, якую прапанавалі калектывы шматлікім гасцям свята, ладзілася як інавацыйны турыстычны прадукт для шматлікіх катэгорый турыстаў.

IMG_1971Фото А.Марцинкевича
Што ж зрабілі юнакі і дзяўчаты, каб зацікавіць публіку? Назбіралі красак і зёлак, якія ў гэты дзень, як сведчылі нашы продкі, набываюць асаблівую, гаючую моц. З кветак дзяўчаты сплялі прыгожыя вянкі. Хлопцы загадзя падрыхтавалі дровы для купальскага вогнішча. Як сімвал Сонца прымацавалі да жардзіны кола.

IMG_1901Фото А.Марцинкевича
Загучалі аўтэнтычныя купальскія песні ў выкананні таленавітых дзяўчат з фальк­лорнага гурта «Варган». Усе дзяўчаты, якія прыйшлі на свята, плялі вянкі з летніх красак. Усе разам — дарослыя, моладзь і дзеці — ва­дзілі карагоды вакол вогні­шча. Як і ў старадаўнія часы, яны шчыра верылі, што полымя святочнага агню надзелена ачышчальнай сілай ад злых духаў і што ўсеагульнае выкананне абрадаў забяспечыць ім да­брабыт на цэлы год.

IMG_1976Фото А.Марцинкевича
На купальскае свята прыехалі госці з замежжа — ансамбль беларускай народнай песні «Купалінка» з г.Даўгаўпілса (Латвій­ская Рэспубліка), якія падзяліліся з палачанамі сваім пеўчым талентам.
Прадоўжылася свята дэгустацыяй абрадавых страў, развучваннем полацкіх танцаў і апусканнем вянкоў на ваду Заходняй Дзвіны. Кропкай святочнага вечара стала агнявое шоу.

IMG_2184Фото А.Марцинкевича
Нагадаем, што купальскі абрад рэалізоўваўся ў Полацкім раёне ў межах мясцовай ініцыятывы «Стымуляванне развіцця ўнутранага і міжнароднага турызму ў в.Экімань Полац­кага раёна з дапамогай захавання, папулярызацыі культурнай, прыроднай і гістарычнай спадчыны ўнікальных сельскіх тэрыторый і пазіцыянавання сучаснага патэнцыялу як эфектыўнага інструмента перспектыўнага ўстойлівага развіцця мясцовасці» Праекта ЕС/ПРААН «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь».

IMG_2152Фото А.Марцинкевича
Арганізатары і ідэйныя натхняльнікі мерапрыемства — сектар спорту і турызму аддзела адукацыі, спорту і турызму Полацкага райвыканкама — шчыра дзякуюць усім памочнікам за падрыхтоўку і правядзенне свята, якое прайшло з вялікім размахам на высокім узроўні. Вялікі дзякуй за падтрыманне ідэі фальклорнаму гурту «Варган» і народнаму тэатру гістарычнага строю «Полацкі звяз», а таксама гаспадару аграэкасядзібы «Акім і Ганна» Івану Балабкіну і гаспадыні аграэкасядзібы «Лука» Алене Пруднячонак.

ФОТА Андрэя Марцынкевіча



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *