Палачане на «Славянскім базары ў Віцебску» + ФОТА

Культура

Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» ў гэтым годзе юбілейны, сёлета яму споўнілася 25 год. Кожны дзень шматлікіх гасцей валошкавай сталіцы чакалі сюрпрызы і прыемныя нечаканасці. Свята тут панавала ў кожным куточку, паўсюль лілася музыка і чуліся вясёлыя спевы. Літаральна на кожным кроку можна было сустрэць нешта незвычайнае. Весяліўся народ ды дзівіўся: якое свята разгулялася!

З усіх абласцей, раёнаў і гарадоў нашай сінявокай прыехалі творчыя калектывы, самадзейныя артысты, майстры-рамеснікі, каб пазнаёміць са сваім родным краем фестывальную сталіцу.

Канешне, адправіліся здзіўляць Віцебск і палачане. У нядзелю нашы артысты абаранялі ў конкурсе брэндаў гарадоў і раёнаў Віцебскай вобласці сваё падвор’е. А нашай Полаччыне ёсць што паказаць. На падворку было прадстаўлена культурнае жыццё нашага старажытнага горада і раёна. Тут і духоўнасцю ахутаныя дні, і турыстычныя брэнды, і шматлікія іміджавыя праекты. Кожны, хто завітаў да палачан, мог пазнаёміцца з першадрукаром Францыскам Скарынай, творчасцю рамеснікаў Полацкага раённага Цэнтра рамёстваў і нацыянальных культур, прыняць удзел у бяспройгрышнай латарэі ад Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, які прапаноўваў пагуляць і набыць цудоўныя вырабы наведвальнікаў цэнтра. Дарэчы, апошнія карысталіся попытам. А яшчэ на гасцінным полацкім падворку госці з радасцю бавілі час за забавамі: «Хадулі па-багатырску», «Танец з каромыслам». Ды спяшаліся сфатаграфавацца з добрай полацкай козачкай і настольніцай-самабранкай.

Абарона полацкага брэнда, удзел у якой прынялі творчыя калектывы Полацкага раённага Цэнтра культуры і яго структурныя падраздзяленні, прайшла на «ўра». Полаччына ўмее здзіўляць. Багатырскі СДК у конкурсе культарганізатараў паказаў забаўляльную праграму для дзяцей «Воўк і сямёра казлянят на новы лад», добрыя казачныя героі адразу заваявалі прыхільнасць маленькіх гасцей фестывалю.

Вітае Полаччына
І гэта яшчэ не ўсе сюрпрызы, з якімі ў валошкавую сталіцу прыехалі палачане. На плошчы Свабоды творчую візітку Полаччыны ў межах абласнога конкурсу брэндаў гарадоў і раёнаў Віцебскай вобласці прадставілі шматлікія калектывы.

Першым на сцэну выйшаў Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь тэатр «Пілі­грым» Полацкага ГПК, які «перанёс» гледачоў у далёкае мінулае слаўнага Полацка.

Пасля моцнага і пранікнёнага пачатку візіткі на сцэне з’явіўся са шчырай «Прывітальнай» народны ансамбль народнай песні і музыкі «Радзімічы» (ГПК), а за ім — ансамбль песні «Фертинка» (Багатырскі СДК) і артысты раённага Цэнтра культуры. Выступленне народнага ансамбля беларускай песні «Нявіда» (Фарынаўскі цэнтр культуры і вольнага часу) завяршылася нечаканасцю: на сцэну з імправізаванай залы падняліся бравыя хлопцы ў ваеннай форме і так пусціліся ў скокі, што аж дух захоплівала. Аказалася, што гэта ваеннаслужачыя в/ч 55719 Полацкага гарнізона. Яркім быў і фінал творчай прэзентацыі Полаччыны: на сцэну выйшлі ўсе калектывы-ўдзельнікі свята, і загучала цудоўная песня ў выкананні Святланы Красікавай (дырэктара ГПК), а потым гасцінныя і ветлівыя палачане пачаставалі шматлікіх гледачоў духмяным хлебам.

Госці фестывалю шчыра ўзнагародзілі палачан апладысментамі, бясконца чулася «Брава!», «Малайцы!». Палачане пакарылі валошкавую сталіцу сваімі творчымі талентамі.

Што ў вас тут?
Адправіліся са своёй прадукцыяй у Віцебск і прадпрыемствы гандлю. Так, ААТ «Полацкбыт» прапаноўвала набыць прадукцыю ўласнай вытворчасці.
Прадавец Таццяна Башун зазначыла, што асаблівым попытам карыстаюцца пасцельная бялізна і падушкі, вельмі ж іх якасць падабаецца пакупнікам. Заглядвалі госці фестывалю, каб набыць прыгожае жаночае адзенне, і ў палатку ТДА «Унікум».

А тыя, хто стаміўся, пакуль знаёміўся з падворкамі, творчасцю майстроў-рамеснікаў, шматлікімі гандлёвымі пляцоўкамі, не супраць былі завітаць у палаткі Полацкага райпо. Асаблівым попытам тут карысталася ўся прадукцыя грамадскага харчавання, вельмі добра бралі бліны, ролы з вяндлінай, халодныя напоі.

IMG_6170
Упершыню на «Славянскі базар у Віцебску» сваю прадукцыю прывезла ТАА «Рэсттрэйд». Каб знайсці палатку з надпісам «Дионис», шмат часу не спатрэбілася, бо там самыя вялікія чэргі. Чым жа так прываблівала шматлікіх гасцей фестывалю гэтая гандлёвая сетка? Першае, што кінулася ў вочы, — вялізныя патэльні. На іх смажылася бульба, побач — гарачыя свіныя шашлычкі, каўбаскі, курыныя крыльцы, рабрынкі і карэйка. А яшчэ да ўсяго гэтага прапаноўвалі купіць гародніну і халодныя напоі. Нягледзячы на вялізныя памеры патэльняў, тое, што гатавалася ў іх, разляталася ў імгненне вока. Што ж, стала ў чаргу, каб пакаштаваць тое, што прапаноўваюць палачане. Прыемна здзівіла, што доўга марнаваць час не прыйшлося, хаця і чарга была ўнушальных памераў. Дзяўчаты за лічаныя хвіліны абслугоўвалі пакупнікоў. Пакуль стаяла ў чарзе, канешне, разглядала, як прыгожа аформлена сама пляцоўка ТАА «Рэсттрэйд»: і герб Полацка тут, і панарама горада. Літаральна дзве хвілінкі —
і ўжо чую ад ветлівых прадаўцоў: «Што для вас?».

IMG_6206
Была на пляцоўцы ТАА «Рэсттрэйд» і свая «разынка»: тут гучалі жывая музыка і лірычныя песні. Працуюць на прадпрыемстве людзі творчыя, і каб яшчэ больш прыцягнуць увагу гасцей фестывалю, яны падрыхтавалі такі сюрпрыз для пакупнікоў.

Дарэчы, ТАА «Рэсттрэйд» — лепшае па арганізацыі гандлю на «Славянскім базары». І вельмі радуе, што Полаччына так умее сустракаць і частаваць гасцей. А каб усім хапіла полацкіх прысмакаў, на «Славянскім базары ў Віцебску» працавала дружная каманда ў складзе 19 чалавек з ТАА «Рэсттрэйд».
Палачане ўмеюць і свае таленты паказаць, і гасцей сустрэць. Гэта яны зноў даказалі на «Славянскім базары ў Віцебску».

 Фота Валянціна Ліпко 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *