На Полаччыне прайшло раённае свята «Зажынкі»

Главное Заботы сельские

Раённае свята «Зажынкі» з малебнам, песнямі, захаван­нем беларускіх народных традыцый прайшло ў аўторак у сельгаспрадпрыемстве
«Банонь-Агра».

Ва ўрочышча Банонь плошчай 5 гектараў, дзе каласілася залатое азімае жыта і ў лінейку гатоўнасці да пачатку жніва выстраіліся камбайны і тэхніка для адвозу зерня, прыехалі свяшчэннаслужыцелі з Полацка, кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў Полацкага раёна на чале са старшынёй Полацкага райвыканкама Мікалаем Шаўчуком і шматлікія артысты з Руднянскага і Багатырскага сельскіх Дамоў культуры, з Полацкага раённага Цэнтра культуры.
Вітаючы камбайнераў «Баноні-Агра» і кіраўнікоў гаспадарак, Мікалай Шаўчук зазначыў, што на гэтым тыдні афіцыйна пачынаецца ўборачная кампанія- 2016. Полацкі раён пачынае жыць па законах уборкі, а гэта значыць — працаваць з ранку да ночы і практычна цэлыя суткі дзеля таго, каб убраць вырашчаны ўраджай да апошняга каласка.
Айцец Аляксей, свяшчэннаслужыцель царквы Пакрава Прасвятой Багародзіцы г.Полацка, шчыра павіншаваў удзельнікаў жніва, пажадаў ім здароўя, сілы — душэўнай і цялеснай. Святар адзначыў, што нашы продкі заўсёды пачыналі кожную добрую справу з малітвы. І разам з пеўчымі з царквы пачаў малебен, прысвечаны ўборачнай-2016, з традыцыйных слоў «Благаславен Бог наш…». Потым усе ўдзельнікі ўрачыстасці прыклаліся да святых абраза і крыжа.
Свята прадоўжылі артысты. Беларуская вясёлая песня «Полацкі каравай» неслася далёка па наваколлі, узняла гледачам настрой. А потым усе з цікавасцю знаёміліся з народнымі звычаямі, якія перадавалі нашы продкі з пакалення ў пакаленне, каб хлебная ніва шчодра адорвала ўдзельнікаў жніва багатым ураджаем. Па традыцыі кіраўніку раёна са шчырымі пажаданнямі добрага ўраджаю ўручылі хлебны каравай. Давялося паўдзельнічаць у аднаўленні традыцый не толькі артыстам. Дзяўчаты ў прыгожых народных строях сярпамі зжалі першыя каласкі, звязалі з іх паясы-абярэгі для кіраўнікоў гаспадарак і запрасілі апошніх распачаць жніво-2016, узяць у рукі косы. Кіраўнікі гаспадарак і старшыня Полацкага райвыканкама Мікалай Шаўчук — усе як адзін — не разгубіліся, пачалі касіць спелае жыта заўзята, зрабілі прыгожыя, роўныя пракосы. І гэта, як сведчыць народная мудрасць, — добрая прыкмета: уся ўборачная павінна быць роўнай і шчодрай!
Па традыцыі першы сноп новага ўраджаю — сімвал багатага жніва, упрыгожаны каляровай стужкай, — атрымаў кіраўнік раёна, а таксама з удзячнасцю за добрую касьбу артысты ўручылі снапы кіраўнікам гаспадарак. І зноў загучала беларуская кранальная песня…
Для кожнага з экіпажаў камбайнаў дырэкцыя ААТ «Банонь-Агра» падрыхтавала жніўныя пачастункі: невялікія клункі з хлебным квасам, кавалкам каравая і саламянай лялькай-абярэгам ад усялякіх няшчасцяў, каб здароўе, надвор’е і тэхніка не падводзілі. Сёлета хлебаробам «Баноні-агра» належыць убрац­ь плошчу 505 га — столькі займаюць збожжавыя культуры. З іх 81 га — авёс, 98 га — ячмень, 197 га — пшаніца, 105 га — жыта, 24 га — зернебабовыя, дадаткова належыць уборцы 91 га рапсу. Як адзначыла галоўны аграном гаспадаркі Вольга Махаева, ураджай сёлета вырас добры — цяпер уся надзея на працавітых хлопцаў. Ва ўборцы хлеба будуць заняты маладыя і вопытныя хлебаробы: камбайнер Ілля Баюс з памочнікам Аляксандрам Захаронкам, Віктар Какошка з памочнікам Андрэем Храпуненка, вадзіцелі Уладзімір Баюс, Іван Казлоўскі, Сяргей Голубеў нясе адказнасць за наяўнасць у полі вады, з прэсам будзе праца­ваць Сяргей Канцыял, на «Амкадоры» — Юрый Несцераў. Усе хлопцы чакалі ўборачнай і гатовы паказаць высокі клас майстэр­ства, толькі б надвор’е добрае было!
Дырэктар гаспадаркі «Банонь-Агра» Наталля Даўгаполава выказала ўпэўненасць, што дружнай талакой яны з падначаленымі здолеюць убраць хлеб у вызначаныя тэрміны. З мінулага года іх гаспадарка ўвахо­дзіць у інтэграванае аб’яднанне ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў». Гэтая акалічнасць дазваляе пры неабходнасці разлічваць на дапамогу, надае сяльчанам упэўненасці ў заўтрашнім дні, і таму працуюць яны з імпэтам.
Свята «Зажынкі» дало афіцыйны старт уборачнай-2016, бо зачакаліся камбайны і залатое поле…



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *