Ах, бярозка белая…

Главное Культура

З самага ранку гуло свята ў аграгарадку Завозер’е. «Завозерская беразуха» сабрала шматлікіх гасцей з Полацка і Полацкага раёна і мясцовых жыхароў. Святочная дзея разгарнулася ў цэнтры аграгарадка, імправізаваная сцэна і глядацкія трыбуны знаходзіліся як раз у бярозавым парку.

Чаму менавіта «Бера­зуху» адзначалі ў Завозер’і? Старажылы гэтых мясцін сцвярджаюць, што на тэрыторыі Гомельскага сельсавета заўсёды раслі і растуць самыя прыгожыя бярозы, ад якіх можна атрымаць смачнейшы сок…
Завозерцы і госці сабраліся на свята народнага майстэр­ства, вясковай абраднасці, трады­цыйных ведаў і добрасуседства, каб вярнуцца да вытокаў вясковых традыцый, узгадаць пра свае духоўныя карані.
Галоўнай гераіняй свята была Яе Вялікасць Бярозка. Гэтае дрэва самае ўшанаванае ў беларусаў. Яно шчаслівае, таму што ахоўвае ад усяго дрэннага і злога, яно прыгожае — белы бярозавы ствол стварае адчуванне далікатнага святла. Здаўна лічыцца, што бяроза здольная вылечыць ад хвароб і пакут. Пры кантакце
з гэтым дрэвам у чалавека быццам уліваецца цёплая і ціхамірная радасць жыцця…
Удзельнікі свята з задавальненнем праходзілі праз «Прывітальную бярозавую браму» з думкамі пра здароўе і шчасце, завязвалі на бярозавыя галінкі рознакаляровыя стужкі з самымі запаветнымі жаданнямі, вадзілі святочныя карагоды вакол бярозы. Дзеці гулялі ў шашкі, зробленыя з бярозы, паспрабавалі свае сілы ў гульні «Гарадкі».
На свята прыехалі фальклорныя калектывы амаль з усяго Полацкага раёна. Гледачы віталі апладысментамі жаночую вакальную групу з Астроўшчыны, ансамбль народных інструментаў «Карусель» Дзіцячай школы мастацтваў Полацкага раёна, народны фальклорны гурт «Галасы Спадчыны» Багатырскага СДК, дзіцячы гурт Дзіцячай школы мастацтваў з аграгарадка Гомель. Свае выступленні госці прысвячалі завозерскаму святу і Году культуры. Стваралі святочны настрой пад прыказкі і прымаўкі таленавітыя вядучыя Сёмік і Сёмуха.


Напэўна, самым відовішчным на свяце быў жартоўны інтэрактыўны рынг «Бярозавыя баталіі», падчас якога вызначаліся некалькі бярозавых волатаў. Цікавасць у гасцей свята выклікалі школа беларускіх танцаў, выстава-дэгустацыя дамашніх нарыхтовак з бярозавага соку «Бярозавы FRESH», этнабатл «Танцуй, не ляніся, пакуль лапці не зваліліся!» (танцы у лапцях), бярозавая аптэка, фотавыстава «Бярозанька-сяброўка». Вельмі хочацца пахваліць юных жыхароў Завозер’я за вялікае жаданне падзяліцца сваёй творчасцю з дарослымі: выстава драўляных вырабаў навучэнцаў Завозер­скай дзіцячага сада-сярэдняй школы заслугоўвае самай лепшай адзнакі! Хацелася спыніцца і ля столікаў з вырабамі майстроў Цэнтра рамёстваў і нацыянальных культур Полацкага раёна. Гасцей свята вельмі парадаваў фальклорны калектыў «Галасы Спадчыны», які прыехаў у Завозер’е з мэтай паказаць інтэрактыўны тэатралізаваны абрад «Вяселле па-багатырску». Як цудоўна артысты спявалі! Яны прапаноўвалі дзецям і дарослым паўдзельнічаць у гульнях, танцах, жартавалі, варажылі на шчасце «маладых» і ўсіх, хто завітаў на свята.


«Завозерская беразуха» пакінула добрыя ўспаміны ва ўсіх, хто ў выхадны дзень зрабіў сабе падарунак і завітаў у аграгарадок «Завозер’е». Старшыня Гомельскага сельскага Савета дэпутатаў Наталля Архарава ўдзячная ўсім, хто адгукнуўся на запрашэнне паўдзельнічаць у свяце, усім творчым лю­дзям, мясцовым і прыез­джым, хто дапамог парадаваць вяскоўцаў. Смак бярозавага соку, якім частавалі гасцей, а таксама духмяны водар бярозавых венікаў і незабыўны карагод «Завозерская закрутуха» доўга будуць жыць ва ўспамінах да­рослых і дзяцей.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *