Першыя тысячнікі Полаччыны прымалі віншаванні

Заботы сельские

Нарэшце дачакаліся мы першых тысячных намалотаў ураджаю-2016. У сераду на мехдвары філіяла «Гараны-Агра» ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў» ушаноўвалі першых у Полацкім раёне тысячнікаў: экіпаж камбайнераў, які намалаціў тысячу тон залатога збожжа, і вадзіцеля, занятага на перавозцы ўра­джаю. Учора мы знаёміліся з яшчэ адным экіпажам-тысячнікам з гэтай жа гаспадаркі.

Герояў урачыстасці — старшага камбайнера Пятра Каркліня, кам­байнера Сяргея Іванова, вадзі­целя Аляксандра Меліхава, старшага камбайнера Генадзя Івашкевіча і камбайнера Міхаіла Быліну  — шчыра віншавалі з працоўнай перамогай намеснік старшыні Полацкага райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Мікалай Баратынскі, яго намеснік Наталля Крывец, старшыня Полацкага раённага аб’яднання прафсаюзаў Святлана Янічак, старшыня Полацкага райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Аляксандр Дабраслаўскі, дырэктар філіяла «Гараны-Агра» Аляксандр Калтуноў, старшыня прафкама Ала Баркун і галоўны аграном гаспадаркі Тамара Макарава.
— Гэтыя Ганаровыя граматы, якія мы ўручаем, дорага кашту­юць: у іх укладзены ваша адказная праца па падрыхтоўцы тэхнікі да ўборачнай, шчыраванне ў полі з ранку да вечара ў складаных умовах надвор’я, высокі прафесіяналізм. Вашымі працоўнымі поспехамі і прафесіяй хлебароба абавязкова будуць ганарыцца вашы ўнукі! — выказаў упэўне­насць Мікалай Баратынскі.
Аляксандр Дабраслаўскі зычыў першым тысячнікам моцнага здароўя, аптымізму, сямейнага дабрабыту. Па традыцыі ён уручыў пераможцам жніва майкі з сімволікай Беларускага рэс­публіканскага камітэта прафсаюза работнікаў АПК, Падзячныя лісты і падарункі ў грашовай форме ад Полацкага райкама прафсаюза работнікаў АПК. Святлана Янічак падзякавала працавітым мужчынам за добрасумленную працу і ад Полацкага раённага аб’яднання прафсаюзаў уручыла ім Граматы і падарачныя сертыфікаты.

62251 (1)
Пераможцы жніва прабывалі ў добрым настроі. Вадзіцель Аляксандр Меліхаў працуе ў філіяле «Гараны-Агра» шосты год, але прымаў удзел у перавозцы збожжа ўпершыню. І адразу — тысяча тон, першая ў раёне! Перамога прыйшла неспадзявана. Гэтую радасць ён раздзеліць з жонкай Аленай і 5-гадовай дачушкай Ганначкай.
Для Пятра Каркліня сёлетняя ўборачная склалася неадна­значна. І надвор’е падводзіла, і тэхніку рамантавалі. Але з самага пачатку гарачай пары было жаданне намалаціць тысячу тон. Працавалі сумленна. Любімая культура Пятра Эдуардавіча — пшаніца, але ў бункеры пабывалі і жыта, і авёс. Пераможца жніва — бацька траіх дзяцей, яму ёсць для каго зарабляць і каму паказваць прыклад адказнага стаўлення да працы.
Камбайнер Сяргей Іваноў пераехаў у Гараны з Шумілінска­га раёна. На новым месцы ў пасяўной удзельнічае трэці раз, у мінулым годзе ўжо быў тысячнікам. «Канешне, прыемна быць першым», — не хаваў радасці пераможца.
Генадзь Івашкевіч і Міхаіл Быліна — таксама ў мінулым годзе былі тысячнікамі. Сёлета з-за няўстойлівага надвор’я тэмпы іх працы знізіліся, але ўраджай­насць — высокая, выпала некалькі пагодлівых дзянькоў — і атрымалася дасягнуць другімі ў раёне тысячнага намалоту. Абодва перадавікі — добрыя сем’яніны, працуюць дзеля дабрабыту блізкіх людзей.
Урачыстыя моманты скончыліся, у прыўзнятым настроі лідары ўборачнай вярнуліся за штурвалы хлебных караблёў, каб павялічыць вагу раённага хлебнага каравая.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *