Па выніках полацкага раённага спаборніцтва сярод аператараў машыннага даення ў перадавікі выйшла Наталля Радзько з ААТ «Новыя Гараны»

Заботы сельские Люди

Па выніках раённага спаборніцтва сярод аператараў машыннага даення за ліпень у перадавікі выйшла Наталля Радзько з фермы Н.Гараны №1 ААТ «Новыя Гараны». Павін­шаваць працавітую жанчыну з працоўнай перамогай па традыцыі прыехаў старшыня Полацкага райкама прафсаюза работнікаў агра­прамысловага комплексу Аляксандр Дабраслаўскі.

З пераможцай прафсаюзны лідар сустрэўся па месцы яе жыхарст­ва — у аграгарадку Новыя Гараны. Наталля Васільеўна захварэ­ла, праходзіла курс лячэння. Аляксандр Міхайлавіч зычыў ёй добрага здароўя на доўгія гады і аптымізму. Адпаведна з умовамі спабор­ніцтва жанчына атрымала Падзячны ліст і грашовы па­дарунак.
— Хоць і разумею, што трэба палепшыць здароўе, палячыцца, але ўсе думкі пра ферму. Сваю працу вельмі люблю, з калегамі склаліся добрыя зносіны, — расчулена гаварыла жанчына.
У гаспадарцы «Новыя Гараны» яны з мужам Яўгенам жывуць не вельмі даўно. Да гэтага працавалі ў «ПС-Карпекі», а яшчэ раней — азы прафесійнага майстэрства яна спасцігала на радзіме — у Літве. З-за хваробы Наталлі і сямейных абставін давялося пераехаць на новае месца жыхарства.
Тут яны абжыліся, гаспадарка выдзеліла дом, галоўнае — у іх ёсць праца. Яўген працуе па­стухом, сёлета яму дапамагаў 15-гадовы сын Дзіма. З 1 верасня хлопец вучыцца ў Полацкім ліцэі сельгасвытворчасці. У гаспадарцы працуе на трактары і сын Ва­дзім. Нядаўна ў Наталлі Васільеўны нарадзіўся першы ўнучок Мацвей. Прыемныя сямейныя па­дзеі радуюць лепшую працаўніцу, цешаць душу. Наталля гаварыла пра тое, што вельмі ўдзяч­ная мужу і дзецям за вялікую дапамогу па хатняй гаспадарцы, за разуменне таго, што ўсе свае сілы яна аддае працы.
Па выніках ліпеня пераможца надаіла ад сваёй групы з 36 кароў амаль 30 тон малака, сярэдні ўдой на карову за месяц склаў 800 кілаграмаў — гэтыя лічбы — лепшыя ў раёне. Як жа іх дасягнуць?
На думку Наталлі Радзько, сакрэт поспеху любога жывёлавода ў тым, што, калі ты абраў гэтую прафесію, трэба любіць жывёлу, падыходзіць да яе заў­сёды з увагай, ласкай. Яна, напрыклад, каб каровы былі спакойныя і ўраўнаважаныя, каб больш давалі малака, спявае для іх. Бывае на ферме падчас дойкі яны ўключаюць музыку і шчыра вераць, што яна станоўча ўплывае на агульную атмасферу, на настрой працуючых і на паводзіны жывёлы.
Працоўная перамога стала для Наталлі прыемным сюрпрызам. Яна выконвае свае абавязкі, як заўсёды, — старанна, з поўнай аддачай сіл. Жанчыне падабаецца працаваць у іх калектыве: усе дружныя, працавітыя, мэтанакіраваныя. Ніхто не скардзіцца, што пачы­наецца працоўны дзень у 4 гадзіны раніцы і заканч­ваецца позна вечарам. «Каб атрымаць аддачу ад каровы — трэба яе даглядаць, добра карміць, своечасова лячыць і абавязкова — любіць!» — зрабіла выснову працаўніца.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *