«Нізкі паклон табе, родная Полаччына!»

Культура

Ёсць нейкія нябачныя сілы, якія на ўсё жыццё звязваюць нас з пэўным месцам на зямлі, месцам, куды мы абавязкова вяртаемся — у рэальнасці, у марах, у творчасці. У жыцці беларускага пісьменніка Алеся Савіцкага, які пайшоў з жыцця 6 кастрычніка мінулага года, такім месцам быў Полацк, горад, дзе ён нарадзіўся і вырас, горад, які падчас апошняй вайны зрабіў з 17-гадовага юнака сапраўднага абаронцу Радзімы, горад, куды Алесь Савіцкі прыязджаў штогод.

Полацк і людзі, якія ў той час жылі і працавалі, дапамаглі Савіцкаму вызначыць свой лёс, які ён звязаў з мастацкім словам. Потым былі вучоба ў Маскве, творчыя камандзіроўкі па ўсім Савецкім Саюзе, пераезд у Мінск… Але Полацк ніколі не пакідаў сэрца Алеся Ануфрыевіча, і яскравы доказ таму — яго кнігі.
Пра рэчышча Заходняй Дзвіны і вусце Палаты, пра полацкае замчышча і гарадскія вуліцы Алесь Савіцкі пісаў неяк па-асабліваму, з уласцівай толькі яму непаўторнай шчырасцю і любоўю, большасць з герояў яго твораў мелі «полацкую прапіску».
Вось невялікі ўрывак з рамана «Самы высокі паверх», прысвечанага пасляваеннаму аднаўленню Полацка: «Самае прыгожае неба ў жніўні. Не ведаю, як у іншых месцах, але ў нас над Дзвіною — у жніўні, і менавіта ў гэты вось час дня: спякота сышла, а з ёю і туманная пара, што звычайна вісіць жнівеньскім ранкам над дзвінскімі берагамі; неба сіняе-сіняе, быццам толькі што памытае чыстай вадою, бліскучае, густое і блізкае; і чым болей глядзіш на яго, тым бліжэй і бліжэй здаецца яно, і ўсё вакол, нават паветра, пачынае сініць, і ад гэтай звонкай яснай сіні вада ў рацэ робіцца празрыстаю, далі набліжаюцца і нізкія бярозкі, што растуць на ўзвалах за лазнякамі, нібыта тонуць і прападаюць у густой сінечы-смузе».
А вось такім Полацк сустрэў Алеся Савіцкага ў снежні 45-га, калі той, прайшоўшы шляхамі вайны аж да самага Берліна, вярнуўся на радзіму: «У родны горад прыехаў ранкам. Неба было хмарнае; сонца хавалася ў шэрай высі; падаў рэдкі сняжок. Вылез з вагона і разгубіўся. Нейкае скляпенне замест будынка вакзала, пні і шырокі аснежаны пустыр… Куды мы прыехалі? Полацк! Вось які ты стаў цяпер!».
Вайна на ўсё жыццё засталася ў памяці Савіцкага і яго роднага горада шурпатым рубцом, які нагадваў пра сябе час ад часу. Да тэмы вайны Алесь Ануфрыевіч у сваёй творчасці звярнуўся толькі амаль праз 30 год пасля яе заканчэння, калі змог пераадолець наступствы душэўнай траўмы, атрыманай падчас вайны. Не раз ён узгадваў, што, як толькі бачыў тыя лясы і тую зямлю, дзе кожная выспачка была паліта партызанскай крывёй, вочы засціла смуга, і туга сціскала сэр­ца. У 1983 го­дзе Алесь Савіцкі нарэшце скончыў трылогію, якая складалася з трох раманаў: «Верай і праўдай», «Літасці не чакай» і «Памерці заўсёды паспееш». У цэнтры твораў — сям’я старога рабочага-палачаніна Елісея Крупні. Яго дзеці працавалі ў Полацку: Захар — дырэктарам школы, Пахом — майстрам на ліцейна-механічным заводзе, Ціхан — сакратаром абкама. Вайна не абміне нікога з іх, кожны будзе мужна бараніць зямлю ад чужынцаў. Чытаючы раманы, мы не толькі сочым за лёсамі галоўных герояў, але і знаёмімся з тым, як жылі на Полаччыне ў час вайны.
Трывожным і хвалюючым дням той вайны прысвечаны і раман «Зямля не раскажа». У аснову аповеда пра галоўную гераіню Рэнату Мажэйка былі пакладзены рэальныя факты з біяграфіі маці Алеся Ануфрыевіча. Простая беларуская жанчына, без баявой зброі, толькі мужнасцю і веліччу чалавечага духу змагла ў гадзіну ваеннага выпрабавання абараніць жыццё сваіх дзяцей, жыццё партызан.
А.Савіцкі яскрава апісвае ў рамане жыццё горада падчас акупацыі, ён піша ў дэталях пра лагер ваеннапалонных, пра адбудову мастоў праз Палату і Заходнюю Дзвіну, пра нямецкія шпіталі ў будынках Кадэцкага корпуса і Доме Чырвонай Арміі, пра шыбеніцы на гандлёвай плошчы. Толькі перажыўшы ўсё гэта, Савіцкі так пранікнёна змог напісаць.
У гады вайны Алесь Савіцкі напісаў свой першы мастацкі твор. Гэта быў невялікі верш, прысвечаны маці. Будучы параненым і маючы шмат вольнага часу, на ложку ў партызанскім шпіталі Алесь Ануфрыевіч узгадваў родны дом, сваіх блізкіх і марыў пра мір. І, нарэшце, ён наступіў. У пасляваенны час выпадак звязаў Алеся Савіцкага з журналістыкай, і са студзеня 1946 г. ён — ужо супрацоўнік полацкай абласной газеты «Бальшавіцкі шлях». У 1948 г. на старонках газеты было надрукавана і яго першае апавяданне «Рыбацкае шчасце». Ужо тады стала зразумела, што літаратура — гэта прызванне Савіцкага. І ў хуткім часе пасведчанне супрацоўніка газеты ён змяніў на студэнцкі білет літінстытута, пасля заканчэння якога стаў аспірантам. Пра ўсё ўбачанае падчас камандзіровак ён пісаў у сваіх творах, дзе галоўным героем быў чалавек працы, з яго нялёгкім пошукам і змаганнем за сапраўднае і велічнае чалавечае шчасце. Амаль у кожнай кніжцы героі Савіцкага жывуць і працуюць у Прыдзвінскім краі — адны, як Лявон Бугрым з кнігі «Самы высокі паверх», будуюць дамы, другія, як Васіль Лоўгач з кнігі «Пасля паводкі», садзяць дрэвы і разводзяць кветкі, трэція, як Стэфа Шукан, працуюць на новым шклозаводзе ў Полацку.
Пісьменнік у сваіх кнігах стварыў запамінальныя вобразы лю­дзей працы, якіх чакала ў жыцці шмат выпрабаванняў, але галоўнае для іх — знайсці правільнае рашэнне, «быць мужным у горы, тады гора робіцца меншым, мужным у бядзе — тады бяда ніколі  не возьме верх над чалавекам, мужным у радасці — тады чалавек не забудзе падзяліцца рада­сцю са сваім сябрам. Толькі мужны дасягае мэты. Толькі яму адкрыта вялікая асалода змагання і пе­рамогі».
Да апошніх дзён Алесь Савіцкі быў адданы Полацку. У 2015 го­дзе летам ён прыязджаў у родны горад, сустракаўся з сябрамі і знаёмымі, удзельнічаў у рабоце літаратурнага форуму, право­дзіў сустрэчы з моладдзю. Наперадзе было шмат планаў, але, на жаль, ім не было наканавана збыцца. Любая Дзвіна назаўсёды прыняла прах Алеся Ануфрыевіча. Вобраз Дзвіны, які прайшоў праз усе яго творы, метафарычны: гэта вобраз ракі жыцця, якая мела шмат паваротаў, водмеляў, каменных і пясчаных перакатаў і свае глыбіні. Пісьменнік заўсёды быў ёй удзячны і прасіў усіх, хто гэта мог зрабіць, абавязкова па­кланіцца Дзвіне за ўсё, што меў ён у гэтым жыцці…

Ірына Воднева, загадчык
Краязнаўчага музея.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *