Намесніка дырэктара ДП «Астроўшчына» Валянціна Васілеўская больш 30 год працуе ў гэтай гаспадарцы

Люди

Адзін з працоўных дзён у ДП «Астроўшчына» пачаўся з прыемнага ўрачыстага моманту: спецыялісты гаспадаркі, бухгалтары і эканамісты сабраліся ў кабінеце дырэктара Аляксандра Ярахно­віча, каб павіншаваць з юбілеем намесніка дырэктара па вытворчасці Валянціну Віктараўну Васілеўскую. Далучыліся да віншаванняў і прыехаўшыя госці: намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Полацкага райвыканкама Наталля Тышкевіч, галоўны ветурач Полацкага раёна Віктар Булыка, дырэктар Полацкай раённай племянной станцыі Наталля Гарчакова.
Калегі і госці сышліся ў адной думцы: муж і жонка Васілеўскія і гаспадарка «Астроўшчына» — паняцці непадзельныя. Супругі-ветурачы прыехалі на працу больш за 30 год таму і засталіся тут на ўсё жыццё.

Яны разам вучыліся ў Горацкай сельгасакадэміі, расказвалі, што ў маладосці жылі па суседству ў Пастаўскім раёне, але пазнаёміліся, калі былі ўжо студэнтамі, пачуцце з назвай «каханне» між імі ўспыхнула маланкай, на 5-м курсе маладыя згулялі вяселле. Пасля заканчэння вучобы яны тры гады працавалі ў Брагінскім раёне, пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС пераехалі ў чысты ад радыяцыі рэгіён будаваць новае жыццё.

Пісьменны спецыяліст, працаздольная, неабыякавая, адказная, прадпрымальная, энергічная — гэтыя якасці ўласцівыя Валянціне Віктараўне. А яшчэ яна — любая жонка для Валерыя Іванавіча, які зараз працуе ў гаспадарцы галоўным ветурачом, і клапатлівая маці для дарослых сыноў Максіма і Сяргея. Віноўніца ўрачыстасці да ўсяго яшчэ і любімая бабуля для чатырох унукаў: траіх дзяўчынак і хлопчыка.

Адкуль у Валян­ціны Віктараўны такая прага да шчаслівага ў сям’і і працы жыцця? На гэтае пытанне імянінніца-выдатніца (так яе назвалі ў дзень нара­джэння з-за дзвюх пяцёрак у лічбе, якая вызначае ўзрост) адказала сціпла: «Імкнуся заўсёды заставацца чалавекам».

Абраўшы аднолькавую прафесію, супругі Васілеўскія крочаць поруч па жыцці ўжо 34 гады. Жывуць без сакрэтаў адзін ад аднаго, разам абмяркоўваюць вытворчыя праблемы, вырашаюць сямейныя пытанні. Быў час, калі Валерый Іванавіч узначальваў гаспа­дарку «Астроўшчына». Валянціна Віктараўна ставілася да пасады мужа з разуменнем, імкнулася быць яму надзейнай памочніцай.
«А ведалі б вы, якія смачныя стравы гатуе наша імянінніца! Такіх людзей называюць «Кулінар ад Бога!» — расказвалі гасцям калегі віноўніцы ўрачы­стасці. Адкуль такі талент? «Сам па сабе прыйшоў. Многаму навучылася ў людзей», — адказала імянінніца.

Момант увагі і радасці, ці, як зараз модна гаварыць «Хвіліна славы», скончыўся хутка. А добразычлівасць і шчырасць, з якой віншавалі яе людзі, надалі Валянціне Віктараўне яшчэ больш упэўненасці ў сваіх ведах і сілах, дабавілі жадання працаваць яшчэ лепш на карысць гаспадаркі, якая даўно стала для яе роднай. Калі нахлыне сумная хвілінка, юбілярка зноў і зноў перачытае Ганаровыя граматы ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, Полацкага райкама прафсаюза работнікаў АПК, віншавальныя паштоўкі, успомніць свой юбілей, усміхнецца і сама сабе скажа: «Жыццё працягваецца!».

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *