Пенсіянер Пётр Фёдаравіч Кухарэнка выратаваў рыбака

Главное

Пенсіянер Пётр Фёдаравіч Кухарэнка з вёскі Быстрыца Бабыніцкага сельсавета ў адну з субот снежня пайшоў раніцой на рыбалку. Возера Бабына для яго — родная стыхія. Ён нават і не памятае зараз, які рыбацкі стаж мае: ловіць рыбу зімой і летам, усё жыццё, колькі сябе памятае.

У той выхадны на возеры не было ні душы. Вопытны рыбак выбраў месца, дзе лёд больш моцны. Там былі старыя лункі, гатовыя, ужо падсілкаваныя. Разматаў вудачкі і раптам пачуў голас і ўсплёскі, якія даносіліся з іншага боку возера. На тым беразе, ведаў рыбак, бабры збудавалі хату, і ён пайшоў паглядзець, што адбываецца. Убачыў мужчыну, які праваліўся ў ледзяную ваду і клікаў на дапамогу. Пётр Фёдаравіч хутка вярнуўся за ледабурам, пакуль бег, у думках вырашыў, як будзе ратаваць.

Ад берага да месца, дзе тапіўся чалавек, было метраў дзесяць. Глыбіня ў тым месцы — 3-4 метры. Пенсіянер спачатку хутка пайшоў да месца здарэння па лёдзе, але, калі прыблізіўся, — лёд пад ім затрашчаў. Тады выратавальнік лёг на лёд і папоўз. Да ахвяры заставалася метраў 6. Мужчына, які трапіў у бяду, моцна ўхапіўся за ледабур, Пётр Фёдаравіч пачаў яго цягнуць. Ад напружання лёд зноў затрашчаў, пенсіянер набраў вады ў боты, але выцягнуў чалавека на лёд. Разам яны паўзлі па мокрым лёдзе метраў 6.

Калі падняліся на ногі — гора-рыбак увесь дрыжаў ад пераахаладжэння, а потым — заплакаў. «На выгляд яму было гадоў пад 50, чалавек знаходзіўся ў шоку», — успамінае Пётр Фёдаравіч, які нават не паспеў  пазнаёміцца з выратаваным. Той хутка пабег да берага, дзе стаяла машына.Сабраўшы снасці, ён пайшоў дадому. Убачыўшы мокрага рыбака, жонка Майя Данілаўна пачала сварыцца, прыйшлося сказаць ёй праўду. Пётр Фёдаравіч адчуваў задавальненне ад таго, што выратаваў жыццё чалавеку. Ён зрабіў тое, што, на яго думку, павінен быў.

Падчас нашай размовы Пётр Фёдаравіч узгадаў эпізод са свайго дзяцінства. Калі ён быў у другім класе — таксама тапіўся ў ледзяной вадзе, яго выратавалі суседзі. «Быццам доўг аддаў», —задаволена гаварыў 71-гадовы ветэран.Два сыны Пятра Кухарэнкі, унукі, старэйшына вёскі Быстрыца Раіса Казачонак, старшыня Бабыніцкага сельскага Савета дэпутатаў Васіль Жалнерчык, усе суседзі нават не здзівіліся, што Пётр Фёдаравіч зрабіў такі смелы ўчынак. «Як заўсёды — першым пайшоў у бой!» — пракаментаваў тое, што здарылася, малодшы сын. Для яго бацька быў і застаецца дастойным прыкладам адважнага, безадмоўнага чалавека. Жонка ахарактарызавала мужа як дбайнага гаспадара. Сёлета ў іх на падворку былі свінні, ёсць козы, два сабакі, 6 катоў, качкі і адзіны на вёсцы конь. Для суседак Пётр Фёдаравіч даўно стаў першым і надзейным памочнікам.«Канешне, хацелася б пазнаёміцца з тым чалавекам, магчыма, ён захварэў, не ведаю, колькі часу ён прабыў у ледзяной вадзе. Я жадаю яму доўгіх гадоў жыцця», — сказаў нам на развітанне Пётр Фёдаравіч.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *