Мікалаю Макаравічу Пятрэнку прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін горада Полацка» ў 1995 годзе

Люди

«Па рацэ далёкай ручнікі плылі», — гэты радок з верша беларускай паэтэсы Веры Вярбы нагадвае пра аднаго з палачан, славу пра якога праплыўшыя па рацэ жыцця ручнікі разнеслі па ўсім свеце. Лёс гэтага верша і лёс гэтага чалавека звязаны непарыўна.

CMYK_001064-44

Усё сваё жыццё Мікалай Макаравіч Пятрэнка прысвяціў педагагічнай дзейнасці, скончыўшы перад самай Вялікай Айчыннай вайной Мінскі педагагічны інстытут. Павярніся жыццё па-іншаму — і не прыехаў бы ён на Полаччыну, і не стаў бы Ганаровым грама­дзянінам горада Полацка. Колькі шанцаў было ў смерці забраць яго падчас вайны, калі ён моцна паранены ляжаў у шпіталі, калі апынуўся ў палоне ў канцлагеры і двойчы няўдала збягаў…

Смерць зазірнула яму ў вочы, калі той у ліку тысяч іншых вязняў павінен быў патануць, але адышла прэч, пачуўшы музыку ў яго душы. Не навучы бацька свайго сына граць на домры, магло і не стацца таленавітага самадзейнага кампазітара, песні на музыку якога гучалі на нацыянальным радыё. Абяры юнак іншую прафесію — і не было б Заслужанага настаўніка БССР. Не было б расфарміравання ўстаноў, дзе пасля вайны працаваў Мікалай Макаравіч, можа, і не надарылася б яму больш трыццаці гадоў працаваць у Полацкім педвучылішчы. Але лёс склаўся так, а не інакш, і сучаснае пакаленне палачан можа ганарыцца сваім папярэднікам.

Калі Мікалай Макаравіч Пятрэнка прыехаў працаваць на Полаччыну, яму было каля 40, а за плячыма — гады педагагічнай працы, музычнай самаадукацыі, а таксама дзве песні, адна з якіх прагучала на Беларускім радыё. І вось на полацкай зямлі нара­дзілася песня, якая стала візітнай карткай Мікалая Пятрэнкі, па-сапраўднаму народнай песняй — «Ручнікі» на словы паэткі Веры Вярбы. Ад аматарскіх выканаўцаў песня трапіла да прафесійных калектываў. Яна была ў рэпертуары народных хораў Беларусі, Украіны, славутыя «Песняры» вазілі яе ў ЗША, гучала яна ў Бельгіі, Канадзе. Пасля «Ручнікоў» было яшчэ больш за дзве сот­ні песень, самадзейны кампазітар супрацоўнічаў з Пятрусём Броўкам, Піменам Панчанкам, Нілам Гілевічам, Навумам Гальпяровічам і іншымі літаратарамі, яго творы былі прысвечаны Францыску Скарыну, Зінаідзе Тусналобавай-Марчанка, Таццяне Марыненка.

Мікалай Пятрэнка шматразова станавіўся лаўрэатам конкурсаў самадзейных кампазітараў, а яго песні друкавалі на старонках шматлікіх песенных зборнікаў. У творчым багажы Мікалая Макаравіча ёсць цыклы песень пра Полацк, Дзвіну, Прыдзвінскі край, але менавіта «Ручнікі» прыйшліся даспадобы беларусам, якія спявалі песню, не ведаючы сапраўднага аўтара. Менавіта прыпісванне аўтарства песні народу сведчыць пра арганічнае спалучэнне верша і музыкі, пра сапраўдны талент яе стваральнікаў.

І гэтым сваім талентам М.М.Пятрэнка шчыра дзяліўся са сваімі вучнямі: выкладаў музыку і беларускую мову і літаратуру ў Полацкім педвучылішчы. Любоў да ўсяго беларускага выкладчык прывіваў навучэнцам, праводзіў работу па адраджэнні і прапагандзе нацыянальнай мовы і культуры сярод моладзі, калег, жыхароў горада. Гэтаму спрыяла яго назначэнне на пасаду намесніка старшыні Полацкага таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны. Амаль не было суботы ці нядзелі, калі б у педвучылі­шчы не праводзіўся які-небудзь вечар. І не было, бадай, такога вечара, на якім бы не прысутнічалі дырэктар П.К.Пацэй ці яго намеснік па навучальнай частцы М.М.Пятрэнка.

Мікалай Макаравіч часта выступаў з лекцыямі і гутаркамі перад настаўнікамі, вучнямі і іх бацькамі, працаваў на курсах беларускай мовы. Назапашаны за гады працы вопыт, а таксама імкненне распаўсюджваць беларускае слова дапамаглі яму перакласці на родную мову тры падручнікі для педагагічных вучылішчаў, скласці і вы­даць дапаможнік для настаўнікаў, некалькі праграм па беларускай мове для педвучылішчаў. За дасягнутыя поспехі ў навучанні і выхаванні яго неаднаразова ўзнагароджвалі Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР. За прафесіяналізм у 1966 г. Мікалаю Макаравічу Пятрэнку было прысвоена званне Заслужанага настаўніка БССР.

Аб тым, якім высокакваліфікаваным выкладчыкам быў М.М.Пятрэнка, могуць расказаць яго вучні (а колькі іх было за працяглую педагагічную дзей­насць!). Мікалай Макаравіч не толькі вучыў іх беларускай мове, але і раскрываў перад імі ўсю прыгажосць роднай літаратуры і культуры. Яго ўрокі, цікавыя, творчыя, яркія, з’яўляліся са­праўднай школай педагагічнага майстэрства і жыцця. Ён умеў заахвоціць сваіх навучэнцаў думаць, разважаць, рабіць высновы. М.М.Пятрэнка вельмі любіў родную мову, добра яе ведаў і заў­сёды размаўляў толькі па-беларуску.

На ніве любові да роднай мовы і старажытнага Полацка знайшлі адзін аднаго два таленавітыя чалавекі: верш мясцовай паэткі і калегі Надзеі Ярмак пра полацкі Курган Бессмяротнасці самадзейны кампазітар Мікалай Пятрэнка паклаў на музыку. Гэты творчы саюз на хвалі нацыянальнага адраджэння ў 1993 г., калі ў Полацку адкрылася нацыянальная гімназія, стварыў гімн першай такога кшталту навучальнай установы ў горадзе.

У новы час плён беларускамоўнага патрыёта не страціў сваёй актуальнасці, і ўдзячныя нашчадкі пацвердзілі гэта ў 1995 годзе прысваеннем Мікалаю Макаравічу Пятрэнку звання «Ганаровы грамадзянін горада Полацка».

С.В.ГАЎРЫЛАВА,  вядучы  навуковы
супрацоўнік  Краязнаўчага  музея.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *