У Полацкай мастацкай галерэі адкрылася выстава работ вядомага беларускага майстра Вячаслава Паўлаўц

Культура

Полацкая мастацкая галерэя ўсё часцей становіцца месцам, куды можна прый­сці не толькі дзеля таго, каб палюбавацца творамі мастацтва, але і далучыцца да працэсу творчасці, паспрабаваўшы свае здольнасці з дапамогай пэндзля і фарбаў. А ў выніку — больш глыбока зразумець вытокі нараджэння шэдэўраў.

Адкрыццё выставы работ вядомага беларускага майстра акварэльнага мастацтва Вячаслава Паўлаўца стала чарговым крокам на шляху збліжэння гледача і творцы. А яшчэ яно паклала пачатак новаму праекту, які стаў своеасаблівым працягам біенале «Вада + фарба», падчас якога прыхільнікі акварэльнага жывапісу атрымалі ўнікальную магчымасць пазнаёміцца з творчасцю мастакоў з 11 краін свету.
Вячаслаў Паўлавец працуе ў часопісе «Мастацтва». Разам з ім на адкрыццё выставы прыехалі яго калегі — галоўны рэдактар Алена Каваленка, рэдактар Алеся Пілявец і фатограф выдання Сяргей Ждановіч. Жонка мастака Таццяна Паўлавец падрыхтавала музычнае прывітанне, віртуозна выканаўшы на скрыпцы папулярныя творы вядомых кампазітараў.


Таццяна Явіч, намеснік дырэктара Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка, павіншавала мастака з адкрыццём выставы, а прысутных — з пачаткам новага цыклу творчых падзей у Мастацкай галерэі. Яна зазначыла: «Стартуе новы праект «Вада + фарба +», які будзе прысвечаны нашай любімай акварэлі. Ён прадоўжыцца да Міжнароднага дня музеяў, які адзначаецца 18 мая. Сёння не проста адкрываецца выстава, але будзе таксама праведзены майстар-клас, падчас якога Вячаслаў Паўлавец паспрабуе прыадчыніць для ўсіх жадаючых сакрэты свайго майстэрства».
Ларыса Лысенка, загадчыца Мастацкай галерэі, прызналася, што апошнім часам у ліку наведвальнікаў экспазіцый усё больш тых, хто імкнецца не проста ўбачыць, але і зразумець філасофію мастака і працэс нараджэння шэдэўра. Яна, як гасцінная гаспадыня, запрасіла прысутных да ўдзелу ў творчым эксперыменце пад кіраўніцтвам мэтра акварэлі.
…Папера, пэндзаль, фарбы і вада. З іх дапамогай у той вечар кожны жадаючы змог далучыцца да вялікай таямніцы нараджэння мастацкага твора, выкарыстоўваючы фірменныя прыёмы Вячаслава Паўлаўца. Так палачане ўнеслі свае яскравыя фрагменты ў паўнаводную «Каляровую плынь» (менавіта так называецца адкрытая экспазіцыя).
Выстава працуе ў Мастацкай галерэі да 26 лютага. Далучайцеся!



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *