У Полацкім раёне ўжо 1 сакавіка пачнецца дзяржаўны тэхнічны агляд глебаапрацоўчых і пасяўных агрэгатаў.

Заботы сельские

Хуткае набліжэнне вясны найбольш моц­на адчуваюць сельскія працаўнікі, занятыя на рамонце сельскагаспадарчай тэхнікі.  У Полацкім раёне ўжо 1 сакавіка пачнецца дзяржаўны тэхнічны агляд глебаапрацоўчых і пасяўных агрэгатаў. Гле­дзячы на каляндар, рамонтныя брыгады гаспадарак імкнуцца працаваць як мага хутчэй, але якасна. Вопытныя механізатары разумеюць, што нават невялікая паломка тэхнікі ў полі можа выбіць іх з працы, а значыць — згубіцца каштоўны час у перыяд адказнай пасяўной кампаніі.
Першым будзе трымаць экзамен па падрыхтоўцы тэхнікі да вясны філіял «Гараны-Агра» ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў», які ўзначальвае Аляксандр Калтуноў. Ён трымае на кантролі працу ў мехмайстэрні, садзейнічае набыццю запчастак, клапоціцца пра стварэнне спрыяльных умоў працы рамонтнікаў. У мінулы панядзелак мы завіталі на мехдвор гаспадаркі і парадаваліся за сяльчан, якія ўжо выставілі некалькі адзінак адрамантаванай і пафарбаванай тэхнікі ў лінейку гатоўнасці. Галоўны інжынер Сяргей Кукла паведаміў, што сёлета падрыхтоўка да вясны ідзе адпаведна з планам. Набываць запчасткі дапамагае кіраўніцтва ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў». Сяргей Апанасавіч за доўгія гады працы ведае сваю задачу «назубок», умела кіруе механізатарамі, якія заняты рамонтам тэхнікі. Многія з працаўнікоў палёў у зімовы час бяруць адпачынкі, большасць ужо вярнуліся. Спецыяліст расказаў, што ў іх гаспадарку пачала паступаць новая тэхніка. Ужо працуе новенькі «Амкадор-320», чакаецца паступленне двух трактароў «МТЗ-3522», касілак, прычэпаў, кормараздатчыкаў і іншых агрэгатаў.

Токар Уладзімір Серафімовіч гаспадарыць у сваёй майстэрні. Тут у яго цёпла, ёсць неабходнае абсталяванне, матэрыялы для працы. Для гэтага спецыяліста, які мае працоўны стаж болей за 25 год, у працы няма ніякіх цяжкасцяў. Ён здольны вытачыць, адрэстаўрыраваць любую дэталь. «Для мяне не існуе складаных задач. Бывае, што часу трэба больш аддаць, каб вытачыць нешта, а так балты розныя ці яшчэ якую дробязь раблю хутка. У мяне ёсць свой прынцып у працы: хутчэй зрабіць тое, што неабходна, каб ніхто ад мяне не залежыў, не чакаў. Калі трэба — магу затрымацца на працы, асабліва ў час пасяўной ці ўборачнай. Прыемна адчуваць сябе патрэбным, карысным для людзей», — шчыра прызнаўся Уладзімір Уладзіміравіч. І дадаў, што ўвогуле ён — шчаслівы чалавек, таму што справай жыцця выбраў тую, што падабаецца. Свае ўменні ён паспяхова выкарыстоўвае і ў побыце. Напрыклад, адрамантаваць уласнае аўто, вытачыць для яго патрэбныя дэталі, для гэтага спецыяліста — звычайная з’ява, як і зрабіць нешта карыснае дома. Яны з жонкай жывуць у вёсцы Гаравыя, на працу ў Гараны яго падвозіць транспарт гаспадаркі.

Зваршчык Руслан Усцюжанцаў быў у добрым настроі. «Сёння апошні культыватар рамантуем. А так сваімі сіламі давялі да ладу 4 культыватары, дыскатары — вялікі  і  малы», — расказаў спецыяліст. Ён працуе ў гаспадарцы дванаццаты год, жыве ў агра­гарадку Гараны, сваю працу любіць і зада­во­лены, што ім з калегам Яўгенам Нікалаевым заўсёды хапае працы. Вось зараз рыхтуюць агрэгаты да вясны, потым пач­нецца рамонт кормаўборачнай тэхнікі, камбайнаў, і бягучы рамонт ёсць заўсёды.

Галоўны інжынер філіяла Сяргей Кукла шмат добрых слоў выказаў у адрас калег-прафесіяналаў. У большасці выпадкаў спецыялі­сты і механізатары самі здольныя «паставіць на ногі» трактары і прычапное абсталяванне. Да паслуг спецыялістаў у сервісны цэнтр звяртаюцца пры неабходнасці адрамантаваць нешта складанае, напрыклад, рухавік. Да сёлетняй вясны тэхніку рыхтуюць 5 спецыялістаў: два зваршчыкі, токар, трактарыст і слесар. Рамантавалі культыватары, прычапное абсталяванне, чызель, мянялі рэдуктары…

— Усе гаспадаркі Полацкага раёна, якія ўваходзяць у інтэгрыраваную структуру ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў», сёлетняй вясной атрымаюць новую тэхніку, — унёс удакладненні намеснік начальніка Полацкага райсельгасхарчу па механізацыі Уладзімір Янкоўскі. — Абласное кіраўніцтва ўскладае на гэтыя структуры вялікія надзеі, таму філіялы атрымаюць сур’ёзную тэхнічную падтрымку. Уладзімір Васільевіч паведаміў, што з раённага бюджэту на арганізацыю сельскагаспадарчых работ падчас пасяўной кампаніі 2017 года (на рамонт тэхнікі і паліва) будуць выдаткаваны грашовыя сродкі ў суме 250 тысяч рублёў.— Задавальняе, што большасць гаспадарак Полацкага раёна не разлічваюць на дапамогу, імкнуцца самі, за свае сродкі набываць запчасткі і праводзіць неабходныя рамонты, — падкрэсліў Уладзімір Васільевіч. — Зараз у лідарах па рамонце тэхнікі гаспадаркі «Палімір-Агра», «Гараны-Агра», «ПС-Карпекі», «Вясна-энерга», «Блізніца», «Мілк-Агра», «Банонь-Агра», «Новыя Гараны», «Полацкі аграсервіс». Наколькі якасна сяльчане падрыхтаваліся да пасяўной — вызначыць дзяржтэхагляд, які будзе праходзіць у сакавіку. Ужо ў першы дзень вясны кампетэнтная камісія наведае мехдвор філіяла «Гараны-Агра», потым гатоўнасць тэхнікі прадэманструюць «Новыя Гараны», «ПС-Карпекі» і па чарзе — усе гаспадаркі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *