Палачане развітваліся з зімой і сустракалі прыгажуню-вясну.

Культура

Адшумела, адгуло свята «Масленіца» ў старажытным Полацку. У мінулую суботу вялікай дружнай сям’ёй палачане развітваліся з зімой і сустракалі прыгажуню-вясну. Адзначалі свята на пло­шчы Свабоды адпаведна з існуючымі добрымі традыцыямі: удзельнічалі ў конкурсах «Лепшая маладзёжная гульнёвая пляцоўка свята», «Лепшая лялька-сімвал свята», «Блінныя фантазіі» і «Масленічны прызавы слуп». Настрой на плошчы панаваў узвышаны, дарослыя і дзеці жартавалі, весяліліся, радаваліся, што адыходзяць зімовыя халады, і надыходзіць доўгачаканая вясна…

Колькі станоўчых эмоцый падарылі палачанам удзельнікі конкурсу «Блінныя фантазіі»! Старшыня Полацкага райвыканкама Мікалай Шаўчук шчыра прызнаўся, што гатовы паставіць самыя высокія адзнакі ўсім, хто рыхтаваўся да Масленіцы: «Мала таго, што гаспадыні прадэманстравалі свае талент і фантазію, дык яшчэ і стварылі атмасферу на конкурсе — шчырую, цёплую, сямейную, дамашнюю… Дзякуй за гэта!».

Кулінары з прадпрыемстваў і арганізацый Полацка і Полацкага раёна прадэманст­равалі розныя варыянты прыгатавання галоўнай стравы Масленіцы — бліноў. Гаспадыні Полацкай універсальнай базы прадставілі на суд журы і палачан блінныя пірог і канверцікі з ікрой, повары з ААТ «Полацк-Шкловалакно» прыдумалі кожнай са страў цікавыя назвы: «Макавае задавальненне», «Залоўкіна радасць» і іншыя, прадпрыемства «Полацкгаз» прэзентавала блінны домік, вырабіла ролы з бліноў, дзяўчаты і хлопцы з ААТ «Полацкі камбінат хлеба­прадуктаў» прывезлі на свята не толькі вялікія горкі з бліноў, але і рэкламавалі галоўны прадукт, які выкарыстоўваецца для прыгатавання кругленькага пачастунка, — муку першага гатунку! Полацкі ліцэй сельгасвытворчасці прывёз дзіцячыя блінчыкі і блінныя мяшочкі, Полацкая дзяржаўная гімназія №1 здзіўляла рознымі начынкамі для бліноў, ААТ «Гасцінічны комплекс «Славянскі» вырабіў з бліноў вялікую раку і прыгожыя кветкі, Полацкі хіміка-тэхналагічны каледж здзівіў рознакаляровым блінным рулетам, каляровымі карункавымі блінамі. А як добра падрыхтаваліся да свята работнікі дашкольных устаноў адукацыі №№ 2, 12, 15, 25, 26, 28!

 

Прыгатаваныя імі бліночкі, у большасці, прызначаліся для малечы, і, гледзячы на іх, так лёгка ўяўляліся юныя палачане, якія за абедзве шчакі ўплятаюць гэтую блінную прыгажосць! Полацкі хлебазавод парадаваў бліннымі кампазіцыямі «Цудоўны настрой», «Дружба народаў», «Белая вежа», майстрыхі з Полацкай цэнтральнай бальніцы дзяліліся сакрэтамі прыгатавання дзіцячых бліночкаў і самай смачнай начынкай, педагогі СШ №10 прыгатавалі бліночкі ажурныя, бананавыя, яблычныя, іх калегі са школы №8 прывезлі на свята дранікі. Журы і шматлікія палачане, якія прайшліся па кулінарным радзе, не хавалі свайго захаплення, рабілі фотаздымкі кулі­нарных шэдэўраў.


Прыцягнуў увагу і конкурс «Лепшая лялька-сімвал свята». Вялікія і маленькія гераіні Масленіцы выклікалі захапленне, радасць і нават здзіўленне! У кожнай вырабленай лялькі свае твар і вобраз, але ўсе яны былі па-свойму прыгожыя. Палачане і палачанкі фатаграфаваліся з маладзіцамі з ласкавымі імёнамі: «Сударушка», «Мара-Марона», «Дуня-Румяная» і іншымі. Многія з іх дасягалі росту больш за метр, а некаторыя (ААТ «Полацкі малочны камбінат») —  і за два!


Шматлікія прадпрыемствы і арганізацыі Полацка сталі спонсарамі яшчэ аднаго цікавага конкурсу пад назвай «Масленічны прызавы слуп». Сёлета сярод прызоў быў нават жывы певень, які ў былыя часы заўсёды першым вешалі на слуп на такім свяце. Жадаючых паказаць свае сілу і спрыт было нямала. Смельчакі ўздымаліся на слуп, а натоўп балельшчыкаў іх дружна падбадзёрваў. Адзін з удзельнікаў конкурсу зрабіў нават фота-сэлфі, за што атрымаў шквал апладысментаў.


Пакуль праходзілі вышэйназваныя конкурсы, многія дарослыя і дзеці з задавальненнем удзельнічалі ў розных зімовых забавах.
На галоўнай сцэне свята ўшанавалі пераможцаў конкурсаў. Дыпломамі арганізатараў свята заахвоцілі ўсе сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы г.Полацка за лепшыя калектыўную, гульнёвую, эксклюзіўную, каларытную, сучасную, масавую пляцоўкі і за крэатыўны падыход да арганізацыі пляцоўкі.


У конкурсе «Блінныя фантазіі» ў розных намінацыях перамаглі і атрымалі дыпломы ААТ «Гасцінічны комплекс «Славян­скі», яслі-сад №2, яслі-сад №12, Полацкая ўніверсальная база, ААТ «Полацкі камбінат хлеба­прадуктаў», Полацкі дзяржаўны хіміка-тэхналагічны каледж, ААТ «Полацкі малочны камбінат», сертыфікаты ўдзельнікаў атрымалі ўсе, хто пёк да свята бліны.
У конкурсе лялек дыпломы ўручылі за перамогу Полацкаму дзяржаўнаму ліцэю будаўнікоў, Полацкаму раённаму Цэнтру культуры, Полацкаму раённаму цэнтру дзяцей і моладзі, Полацкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэме, Полацкаму раённаму вузлу паштовай сувязі, ААТ «Полацкі малочны камбінат», яслям-саду №28, яслям-саду №16, СШ №16, прыз глядацкіх сімпатый заваявала лялька, вырабленая вучнямі і настаўнікамі СШ №10 імя У.М.Азіна.


Кульмінацыяй свята стала традыцыйнае спальванне чучала Масленіцы. Гледзячы на агонь, палачане прыгаворвалі «Бывай, Масленіца! Прыходзь, вясна!».



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *