На пачатку верасня каля Сафійскага сабора будзе ўсталяваны памятны знак «Полацк — калыска беларускай дзяржаўнасці».

Главное

На пачатку верасня каля Сафійскага сабора будзе ўсталяваны памятны знак «Полацк — калыска беларускай дзяржаўнасці». Як ён будзе выглядаць, распавядаюць аўтары праекта Уладзімір Піпін і Армен Сардараў.

Каб знайсці найлепшае архітэктурна-мастацкае вырашэнне помніка, Міністэр­ства культуры, Віцебскі абласны і Полацкі раённы выканаўчыя камітэты правялі конкурс эскізных праектаў, на які было пададзена 10 заявак. Пасля іх разгляду журы аддало перавагу працы мінскага скульптара Уладзіміра Піпіна, які выкладае спецыяльныя дысцыпліны ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў і плённа сумяшчае педагагічную дзейнасць з творчасцю. Яго скульптурныя кампазіцыі ўсталяваны ў Оршы, Магілёве, Мсціславе, Гродна, польскіх гарадах Ломжа і Сувалкі, трохфігурны рэльеф на тэмы беларускіх народных святаў
упрыгожвае Палац Незалежнасці ў Мінску.


Нарадзіўся Уладзімір Анатольевіч у Оршы, а таму да віцеб­скай зямлі мае асаблівыя пачуцці. Магчымасць рэалізаваць такі знакавы праект у самым старажытным горадзе Беларусі скульп­тар успрымае як вялікую адказнасць і асаблівы гонар.
Што ўяляе сабой прапанаваная ім кампазіцыя? Гэта шматгранны метафарычны вобраз сусветнага гучання: з аднаго боку — калыска, з якой пачынаецца жыццёвы шлях, з другога — ладдзя, што плыве з мінулага ў будучыню па хвалях часу.
На шчытах, злучаных паміж сабой у адзіную звязку, будуц­ь адлюстраваны партрэтныя выявы знакамітых гістарычных асоб — ад першага полацкага князя Рагвалода і яго дачкі Рагнеды да легендарнага Усяслава Чарадзея і вялікай асветніцы Еўфрасінні Полацкай. На адваротным баку плануецца размясціць ключавыя даты станаўлення беларускай дзяржаўнасці, тэксты з летапісаў, магчыма, цытаты сучасных аўтараў.
Зараз ідзе працэс узгаднення зместу надпісаў, адначасова прапрацоўваюцца дэталі парт­рэтаў. Уладзімір Піпін лічыць неабходным шліфаваць і адточваць вобраз да дасканаласці. Ён заглыбляецца ў гістарычны кантэкст, чытае адпаведную літаратуру, кансультуецца з аўтарытэтнымі экспертамі і ўлічвае іх рэкамендацыі. Адзін з кансультантаў — пісьменнік-палачанін Уладзімір Арлоў, чые «Таямніцы полацкай гісторыі» вытрымалі шмат перавыданняў, а кніга «Айчына. Маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкі» стала адным з сучасных бестселераў.
Над праектам скульптар працуе разам з доктарам архітэктуры Арменам Сардаравым — дэканам архітэктурнага факультэта БНТУ, вядомым беларускім навукоўцам і педагогам. Нядаўна аўтары наведалі Полацк, каб яшчэ раз адчуць атмасферу горада і пабыць на месцы ўсталявання помніка. Спачатку меркавалася, што гэта будзе пляцоўка з заходняга боку Сафійскага сабора, там, дзе ў ХI ст. знаходзіўся галоўны фасад храма. Але пасля паўторнага агляду тэрыторыі
ўзнікла новая прапанова — вынесці кампазіцыю на бераг ракі.
— Заходняя Дзвіна, — тлумачыць Армен Сардараў, — не проста водная артэрыя. Па ёй праходзіў вялікі шлях з варагаў у грэкі, які ў многім паўплываў на гістарычны лёс краіны. З Візантыі прыйшло хрысціянства ў праваслаўным абрадзе, варагі прынеслі шмат якія пачаткі палітычнага ладу. Сафійскі сабор у Полацку быў пабудаваны і як знак рэлігіі, веры, і як сімвал дзяржаўнасці, здабыцця духоўнай каардынаты. Усё тут сплялося ў адной кропцы. А напоўнены глыбінным сэнсам вобраз калыскі-ладдзі якраз увасабляе гэты рух часу, звязвае сэнс падзей.
Набліжэнне памятнага знака да ракі дапаможа не толькі падкрэсліць сувязь са старажытным гандлёвым шляхам, але і стварыць дадатковыя кропкі агляду з маста праз Дзвіну і супрацьлеглага берага ракі, па-іншаму арганізаваць прастору і турыстычны маршрут. І полацкая зямля, і наогул Віцебшчына, упэўнены Армен Сардараў, маюць велізарны патэнцыял для развіцця турызму дзякуючы ўнікальнаму спалучэнню цудоўнай прыроды, багатай гісторыі і самабытнай культуры.
Аўтары рады, што ім удалося знайсці поўнае паразуменне з прадстаўнікамі мясцовай улады і Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. Канчатковую версію скульптурнай кампазіцыі зацвердзіць Рэспубліканскі мастацкі савет па манументальным і манументальна-дэкаратыўным мастацтве. Адкрыццё памятнага знака будзе адной з цэнтральных падзей праграмы Дня пісьменства, што пройдзе ў Полацку ў першыя выхадныя верасня. Галоўнымі тэмамі агульнанацыянальнага свята стануць
1155-годдзе беларускай дзяржаўнасці і 500-годдзе беларускага кніга­друкавання.

Ларыса Малашэня



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *