Кіпіць праца на палях філіяла «Вясна-энерга» РУП «Віцебскэнерга».

Заботы сельские

Кіпіць праца на палях філіяла «Вясна-энерга» РУП «Віцебскэнерга». Для гаспадаркі, якая забяспечвае нас агароднінай, майскія дні — самая гарачая пара. Нашы землякі рупліва працуюць, каб увосень на сталах палачан былі бульба ды морква, буракі і капуста.

– Сёлета мы са­дзім агародніну пазней, чым звычайна, халоднае надвор’е ўнесла карэктывы ў тэрміны пасадкі, — расказвае галоўны аграном філіяла Ганна Грышкевіч. — Ура­джай пачынаецца з сяўбы, і народная мудрасць «Што пасееш — тое і пажнеш» даказана жыццём. Мы, агароднінаводы, у сваёй працы павінны ўлічыць усе нюансы: якое насенне сеем і ў якую глебу, як праведзена хім­апрацоўка, якія былі культуры-папярэднікі. З-за змянення кліматычных умоў некаторыя расліны могуць не даць той ураджай, на які мы разлічваем.На полі ішла руплівая праца.

З новенькім глебаапрацоўчым культыватарам «КГП-6.2», атрыманым восенню ад інвестара ў якасці падарунка за высокі ўраджай збожжавых, працаваў вопытны механізатар Аляксандр Яцэвіч. Мужчына выказаў задавальненне ад таго, як працуе агрэгат.

Ён ужо дасканала вывучыў яго перавагі: культыватар — універсальны, прызначаны для апрацоўкі ржышча, забараноўвання арганічных угнаеннняў, глыбокага рыхлення да 35 сантыметраў, перадпасяўной падрыхтоўкі глебы.

Аляксандр працаваў з добрым настроем, рыхтаваў глебу для пасадкі бульбы.Тое, што менавіта яму даверылі новенькі агрэгат, мужчына ўспрыняў за гонар. Ён мае пэўны вопыт працы на рознай сельскагаспадарчай тэхніцы, з юнацкіх гадоў працуе на зямлі.

Сам — з Полацка, жонка Таццяна ў філіяле «Вясна-энерга» — заатэхнік-селекцыянер. Аляксандр — шматдзетны бацька, мае двух сыноў і дачку. У 6 гадзін раніцы працаўнік ужо на полі.Сёлета ў філіяле вырашылі садзіць бульбу двух сартоў: традыцыйную «Саціну» і новую «Каралеву Ганну».Вопытны механізатар Аляксей Кокін працуе з агароднінай ужо 5 год, але бульбу садзіць яму давялося ўпершыню.

Але ён не засмуціўся, іх дружнай брыгадзе ў складзе Міхаіла Стасючонка, які «наразае» барозны, Уладзіміра Нората і Віктара Рыка, якія працуюць на адвозцы, любыя задачы па плячы.На другім полі філіяла ішла пасадка капусты. Сёлета гэтую культуру запланавалі пасадзіць на плошчы 20 гектараў.

Праца ішла шпарка. Адна група жанчын з працаўніц цяплічнага камбіната працавала на расадасаджалцы, другая побач падсаджвала расаду ўручную. Адначасова вялося падсілкоўванне раслін. Праца ішла пад кіраўніцтвам вядучага агранома філіяла Святланы Русінскай.

— Святлана Анатольеўна — вельмі адказны працаўнік. Яна, я, намеснік дырэктара Яўген Набебін і дырэктар Сяргей Фамін — наша дружная каманда, мы працуем у адной звязцы, разам вырашаем усе пытанні. Муж Святланы Русінскай Іван таксама працаўнік нашага філіяла, — расказала Ганна Грышкевіч.Калі філіял набыў новую расадасаджалку, значна павялічылася ўраджайнасць агародніны. «Добрую расаду трэба высадж­ваць з дапамогай спецыяльнай тэхнікі, — упэўнена Ганна Генрыхаўна.

— У агрэгаце ёсць настройкі пад розныя культуры. У пасадцы ўсё мае значэнне: на якую глыбіню садзіць саджанц­ы, на якой адлегласці адзін ад ад­наго, каб атрымаць добры ўра­джай. Трэба рабіць пасадку так, каб потым было зручна дагля­даць культуры».Гледзячы на тое, як старанна працуюць агароднінаводы, не ўзнікла сумненняў у тым, што восенню палачане і новапалачане будуць з бульбай і капустай. А яшчэ — з пекінскай капустай, брокалі і каляровай, таксама з морквай, цыбуляй, фасоляй, кабачкамі і гарбузамі. Гэтыя культуры таксама вырошчвае і рэалізуе філіял «Вясна-энерга»..



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *