У Дзень памяці прападобнай Еўфрасінні Полацкай рушыў па Полацку Хрэсны ход

Духовность

З верай у душы, з’яднаныя адзі­ным імкненнем уславіць імя той, што здзейсніла велічны духоўны подзвіг і вяла людзей за сабою шляхам асветы, дарогай святой Еўфрасінні ішлі ў Дзень яе  памяці людзі. Рушыў па Полацку Хрэсны ход, сімвалічна злучаючы Сафійскі сабор, у якім Прападобная пачала сваё высокае духоўнае служэнне, і Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр. У яго, быццам прытокі ў вялікую, паўнаводную раку, уліваліся Хрэсныя хады ад розных храмаў Полацкай епархіі.

Учора раніцай у храмах Полаччыны ўзносіліся малітвы, а над Полацкам гучала ўрачыстая музыка званоў. Пасля літургіі ў Сафійскім саборы шляхам, па якім калісьці ішла святая заступніца зямлі беларускай, прайшлі разам духавен­ства, кіраўнікі абласной і раённай улады, прадстаўнікі дэпутацкага корпусу, гарадоў-пабрацімаў, прадпрыемстваў і ўстаноў, грамадскіх арганізацый, паломнікі, вернікі, палачане… Ішлі з вялікім душэўным уздымам, з малітвай, многія неслі абразкі. І нават дожджык, які пачынаўся некалькі разоў, здаваўся цёплым і жыццядайным. Зямное і нябеснае, надзённае і ўзвышанае з’яднала ў той дзень прападобная  Еўфрасіння.


Людская рака запоўніла двор абіцелі, па традыцыі ўпрыгожаны з нагоды ўрачыстай падзеі аерам, бэзам і краскамі. Да прысутных са словамі пропаведзі звярнуўся Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Павел. Ён распавёў пра асобу Еўфрасінні Полацкай, пра яе подзвіг служэння Усявышняму, зазначыўшы, што ўвесь яе зямны шлях быў прысвечаны тром галоўным асновам хрысціянскай дабрадзейна­сці — веры, надзеі і любові, якіх, на жаль, нам так не хапае ў сённяшнім жыцці. Таксама ён звярнуўся ў малітве да Прападобнай з просьбай абараніць нас і нашу краіну ад бедстваў і нягод: «Каб мір, згода і дабрабыт былі заўсёды на гэтай благаславёнай зямлі, у кожным доме і ў кожнай душы».


З Днём памяці святой Еўфрасінні прысутных і ўсіх па­лачан павіншавалі таксама старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў і старшыня Полацкага раённага выканаўчага камітэта, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Мікалай Шаўчук.
«Як карані дрэва сілкуюць ягоную крону, так і любоў, ушанаванне сваіх вялікіх продкаў ро­бяць з нас сапраўдных патрыётаў, кансалідуюць нашу нацыю. Усё жыццё Прападобнай было жыццём дзеля святой права­слаўнай царквы, дзеля ўсіх палачан. Невыпадкова мы імкнемся да яе, каб выказаць падзяку і ўшанаванне», — зазначыў Уладзімір Цярэнцьеў.


А Мікалай Шаўчук шчыра пажадаў усім міру, дабрабыту і выказаў спадзяванне, што  Гасподзь Бог будзе ахоўваць кожнага з нас і наш святы горад, усіх, хто прыходзіць да нас з добрымі на­мерамі.


«Дзякуючы плённай працы і штодзённым малітвам наша кра­іна і наш Полацк будуць пра­цвітаць. У нас ёсць будучыня», — выказаў упэўненасць, падсумоўваючы сказанае, Мітрапаліт Павел.


Усе, хто далучыўся да свят­кавання, вярталіся дадому, несучы ў сэрцы веру і агеньчык светлай надзеі, а яшчэ — упэў­ненасць у тым, што дзякуючы малітвам Прападобнай мы здолеем дасягнуць поспехаў ва ўсіх распачатых добрых справах.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *