Калектыў КУСГП «Палата» працуе з пазітыўным настроем.

Заботы сельские

Калектыў КУСГП «Палата» працуе з пазітыўным настроем. Дырэктар гаспадаркі Лідзія Батура распавяла, што сёлета кіраўніцтва Полацкага раённага выканаўчага камітэта аказала гаспадарцы адчувальную падтрымку: дзякуючы выдзеленым матэрыяльным рэсурсам на рамонт тэхнікі, на ўгнаенні і сродкі аховы раслін палатоўцы своечасова правялі вясеннюю пасяўную кампанію. За бюджэтныя сродкі адрамантавана і корма­ўборачная тэхніка.

Нядаўна ў «Палаце» з’явіліся неабходныя для па­спяховай працы на зямлі новыя касілка і здрабняльнік.

Кожны новы дзень уносіць у жыццё карэктывы, і сельская гаспадарка — не выключэнне з правілаў. У цэхе пад адкрытым небам (так вобразна можна назваць любое сельгаспрадпрыемства) здараюцца розныя, часам няштатныя, сітуацыі, і вось тут дапамога звонку вельмі важная. Лідзія Іванаўна праз нашу газету выказвае ўдзячасць кіраўніцтву Полацкага райвыканкама, а таксама сваім калегам — кіраўнікам больш моц­ных у матэрыяльным плане гаспадарак, якія маюць інвестараў, за гатоўнасць заўсёды прыйсці працаўнікам КУСГП «Палата» на дапамогу.

У спісе памочнікаў Лідзіі Іванаўны — Аляксандр Калтуноў, дырэктар філіяла «Гараны-Агра» ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў», Віктар Яноўскі, дырэктар прадпрыемства «Палімір-агра», Віталь Кузякоў, дырэктар філіяла «Мілк-Агра» ААТ «Полацкі малочны камбінат», Віктар Хвошч, дырэктар ААТ «Полацкі аграсервіс», Наталля Далгаполава, дырэктар філіяла «Банонь-Агра». Заўсёды Лідзія Батура можа разлічваць і на дапамогу Вісарыёна Нама, дырэктара ААТ «Новыя Гараны».


Палатоўцы задаволены ўвагай райвыканкама і імкнуцца аддзячыць за падтрымку сваёй штодзённай сумленнай працай з ранку да позняга вечара на карысць Полацкага раёна.
На адной з пашаў мы пазнаёміліся з калектывам фермы «Падбабовікі» і даведаліся, як жывёлаводы імкнуцца павяліч­ваць вытворчасць малака.
Для каровак на пашы ёсць усё неабходнае: вада і соль, абсталяванне для даення, працуюць уважлівыя даяркі Вольга Адамоўская, Дзіна Дзядкова, Раіса Дашчонак. За станам здароўя рагуль пільна сочыць вет­урач гаспадаркі Аляксей Казлоў.
Мы даведаліся, што для статка амаль з 200 галоў участкі на працягу сутак выгароджваюцца 13 разоў. Рэгулярна вядзецца падкос пашы для хуткага росту травы.
Галоўны заатэхнік гаспадаркі Вольга Аношка расказала, што перад працуючымі гэтай фермы пастаўлена задача палепшыць якасць малака да сорту «экст­ра» і павялічыць вытворчасць «белага золата». На пытанне, ці рэальна выканаць план па надою малака, даяркі дружна адказалі: «Імкнемся, працуем з захаваннем тэхналогій, каб не падвесці свайго дырэктара і ўвогуле — Полацкі раён!». І дадалі, што іх старанне, цёплае надвор’е, сакавіты зялёны корм і свежае паветра абавязкова акажуць станоўчы ўплыў на надоі малака — галоўнага козыра сяльчан, ад якога залежыць дабрабыт усёй гаспадаркі і кожнага працуючага.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *