На Полаччыне пачалося жніво
09.08.2017   //   Автор:   //   Главное, Заботы сельские   //   Нет комментариев   //   311 Views

Жніво пачалося! Гэтая радасная навіна абудзіла на мінулым тыдні ваколіцы Астроў­шчынскага  сельсавета.

У поле выехалі экіпажы камбайнаў, каб сабраць ураджай збожжавых і зернебабовых да апошняга зярнятка. Кіраўнік гаспадаркі Аляксандр Ярахновіч расказаў, што ў іх гаспадарцы сёлета адказная ўборачная кампанія пачалася ўрачыста. Святочны настрой камбайнерам стварылі работнікі мясцовага клуба, якія прыехалі ў поле, упрыгожылі камбайны, спявалі душэўныя песні з пажаданнямі ўдзельнікам жніва моцнага здароўя, высокіх намалотаў і прапанавалі дырэктару ДП «Астроўшчына» перарэзаць сімвалічную чырвоную стужку перад пачаткам жніва-2017.

Учора разам з лепшым экіпажам камбайна «КЗС-1218» прадпрыемства «Астроўшчына» ў складзе камбайнера Леаніда Станкевіча і памочніка камбайнера Міхаіла Мароза мы вялі гутарку пра першыя вынікі працы ў полі. Вопытныя механізатары пачалі жніво з уборкі пшаніцы ва ўрочышчы Латкоўшчына пло­шчай 25 гектараў. Працавалі два дні, у першы намалацілі 43 тоны. «Гэты вынік — добры. Ураджай вырас нядрэнны, але на многіх палях збожжа яшчэ не саспела. Калі будзе надвор’е — перспектывы сёлетняй уборачнай абна­дзейваюць. Магчыма, у нас будуць экіпажы-тысячнікі», — разважаў Леанід Станкевіч.

Звычайна яго прадказанні збываюцца. Таму што абапіраецца Леанід Ільіч на вялікі працоўны вопыт, які назапасіў за 17 гадоў працы на палях ДП «Аст­роўшчына». Гляне вопытным вокам на поле і скажа, якія бу­дуць намалоты. Ужо некалькі ўборачных запар ён працуе ў пары з Міхаілам Марозам. «Надзейны памочнік на камбайне — палова поспеху. Мы абодва — прафесіяналы, механізатары першага класа, тэхніку ведаем дасканала. Калі якая праблема з камбайнам здараецца ў полі — адразу рэагуем, ведаем, у чым прычына. У любы момант памочнік можа сесці за руль камбайна — гэта важна ў дасягненні поспеху. Мы падчас працы ў полі разумеем адзін аднаго без слоў», — нахвальваў калегу Леанід Станкевіч. Іх экіпаж апошнія гады напрацягу ўборачных заўсёды ў ліку лепшых у Полацкім раёне. На пытанне, ці цяжка ўтрымліваць лідарскія пазіцыі, працавітыя мужчыны адказалі: «Пра гэта не думаем. Працуем адказна, стараемся. Хочацца не толькі хутка, але і якасна ўбраць ураджай».

Перад пачаткам уборкі хлеба камбайнерам уручылі пакет дакументаў, дзе даведзены заданні, нагадалі пра абавязковае захаванне правілаў тэхнікі бяспекі. Працаўнікі палёў настроены на сур’ёзную працу з ранку да позняга вечара. Кіраўніцтва гаспадаркі забяспечыла ім умовы працы, двухразовае харчаванне. «Скардзіцца няма чаго. Працуй, зарабляй грошы! Канешне, не ўсё, але вельмі многае залежыць ад стаўлення да працы», — падсумаваў нашу размову Леанід Станкевіч.

Перадавік жніва не толькі першы на працы, ён яшчэ і дбайны гаспадар, добры сем’янін. З жонкай Марынай выхавалі дачку і сына. Віялета падарыла дзядулю з бабуляй унучку Стэфанію, 10-гадовы Стас кожны дзень просіць бацьку ўзяць яго з сабой у поле. У сям’і Станкевічаў амаль два дзясяткі гадоў пануюць мір і згода. На такіх моцных сем’ях і працавітых людзях трымаецца беларуская вёска.

Оставить комментарий