На Полаччыне дадзены старт масаваму жніву

Заботы сельские

Дачакаліся! Нарэшце і на нашу полацкую зямлю прыйшоў час жніва. Палі нагадваюць збожжавае мора, якое, здаецца, у любы момант можа хлынуць на бальшак. Шчодрая і сціплая зямелька ўзгадавала буйныя каласы, якія перашэптваюцца паміж сабой і ківаюць ад лёгкага ветрыка сваімі прыгожымі галоўкамі. На мінулым тыдні на палі Полацкага раёна выехалі першыя камбайны — уладары гарачай уборачнай пары.

А ў сераду на бягучым тыдні на Полаччыне дадзены старт масаваму жніву. Яго пачатак адзначылі ўрачыста, традыцыйным беларускім абрадам «Зажынкі». У раённым мерапрыемстве прынялі ўдзел старшыня Полацкага райвыканкама Мікалай Шаўчук, кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў Полацкага раёна, дырэктары перапрацоўчых прадпрыемстваў г.Полацка, свяшчэннаслужыцель Полацкай епархіі айцец Аляксей і хлебаробы з гаспадаркі «Палата».


Святочная дзея разгарнулася ва ўрочышчы Бараватка, дзе камбайны ў той дзень пачалі ўборку азімага жыта. У полі пахла свежай саломай і новым зернем.
Прыехаўшыя на палатоўскую зямлю артысты з Полацка і вёскі Багатырскай узнялі настрой усім прысутным. Яны ўпрыгожылі стужкамі і паветранымі шарамі імправізаваную святочную пляцоўку і камбайны. Вядучыя свята жадалі хлебаробам і кіраўнікам гаспадарак цёплага надвор’я, моцнага здароўя і высокіх ура­джаяў.

Старшыня Полацкага райвыканкама Мікалай Шаўчук заклікаў не губляць ніводнай хвіліны добрага надвор’я, працаваць у полі ад расы да расы, а сушыльныя комплексы павінны функцыянаваць кругласутачна. Кіраўніцтва Полацкага раёна, прадпрыемствы-інвестары шэрагу гаспадарак гатовыя прыйсці на дапамогу працаўнікам вёскі. Уборка хлеба — іх адвечная турбота, але правесці ўборачную кампанію ў сціслыя тэрміны гатовы дапамагчы і гараджане.


Святочны малебен правёў айцец Аляксей. Ён у сваёй прамове падкрэсліў: таго, хто рупліва працуе на хлебнай ніве, Гасподзь абавязкова ўзнагародзіць добрым здароўем, надвор’ем без дожджу і высокім ураджаем. Святар заклікаў прысутных з любоўю ставіцца адзін да аднаго, да зямлі. Па традыцыі ён акрапіў святой вадой тэхніку і механізатараў.
Хлебны каравай і ўпрыгожаны каляровымі стужкамі сноп з каласоў новага ўраджаю пад апладысменты прымаў старшыня
Полацкага райвыканкама Мікалай Шаўчук.


Удзельнікі фальклорнага гурта «Голас Спадчыны» Багатыр­скага СДК узялі сярпы і са жніўнай песняй нагадалі, як убіралі хлеб нашы продкі. Канцэрт прадоўжылі прыгажуня-Каласуня і артысты народнай шоу-групы «Крэатыў», народнай студыі эст­раднай музыкі «Тандэм» Полацкага раён­нага Цэнтра культуры.


Галоўны аграном КУСГП «Палата» Уладзімір Батура расказаў, што механізатарам іх гаспадаркі належыць убраць збожжавыя і зернебабовыя на плошчы 498 гектараў. Для па­спяховага правядзення ўборачнай кампаніі ўся тэхніка ў стане гатоўнасці. Мы пажадалі гасцінным гаспадарам вялікага хлеба і добрага надвор’я!



1 комментарий по теме “На Полаччыне дадзены старт масаваму жніву

  1. Прекрасного Вам Уражая. Будте здоровы
    Фройндескрайс Полоцк. Фридрихсхафен
    Мюллер

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *