Сёлетнюю ўборачную кампанію адзін з лепшых камбайнераў філіяла «Гараны-Агра» ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў» Сяргей Гарбаценка пачаў на новенькім камбайне.

Главное Заботы сельские

Сёлетнюю ўборачную кампанію адзін з лепшых камбайнераў філіяла «Гараны-Агра» ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў» Сяргей Гарбаценка пачаў на новенькім камбайне.

Дырэктар філіяла Аляксандр Калтуноў расказаў, што даверылі новую тэхніку фірмы «NEW HOLLAND» менавіта Сяргею Віктаравічу таму, што ён добрасумленны і адказны працаўнік. На якой бы тэхніцы ні працаваў — яна заўсёды была ў ідэальным стане.

На новым камбайне вытворчасці Бельгія працаваць зусім не проста, патрэбныя веды і вопыт. Сяргей Віктаравіч дасканала вывучыў інструкцыю да новага камбайна, уважліва слухаў спецыялістаў пастаўшчыка новай тэхнікі.
«Мядзведзяў і тых вучаць на матацыклах ездзіць, а я што, не здолею кіраваць за­межнай тэхнікай?» — жартаваў Сяргей Віктаравіч.Новенькі камбайн убіраў азімую пшаніцу ва ўрочышчы Базылёўка. Мы ўважліва разглядалі жоўценькі агрэгат, на якім блі­шчэла, пералівалася на сонцы фарба, і, набраўшыся храбрасці, папрасіліся пакатацца. Падняліся ў кабіну — і ахнулі! Поле відаць як на далоні! Сяргей Віктаравіч расказаў, што ў час працы ў кабіне цішыня — эфектыўная гукаізаляцыя дзвярэй зводзіць да мінімума чутнасць вонкавага шуму. Сама кабіна — вялікая, светлая, плошча шклення больш за 6 метраў квадратных.

Тэмпературу ўнутры кантралюе разумная тэхніка. Камбайнер круціў руль, націскаў на кнопкі джойсціка і сачыў за лічбамі на невялікім электронным табло. Шматфункцыянальны рычаг кіравання аб’ядноўвае ў сабе пад’ём і апусканне жаткі, кіраванне бакавым выроўваннем, карэкціруе вышыню зрэза, рэгулюе частату вярчэння матавіла. Нас уразіла магутнасць рухавіка — 390 кВт (530 к.с.)! Камбайн, нібы карабель, плыў па полі. І таксама паслухмяна нахіляліся перад матавілам сцябліны пшаніцы. Дырэктар гаспадаркі паведаміў, што фірма «NEW HOLLAND» — лідар па вытворчасці сярод камбайнаў ва ўсім свеце.
Менавіта мадэль камбайна, якую сёлета ў лізінг набылі гаранцы, — вылучаеццца сярод іншых хутка­сцю працы. Для гэтага агрэгата па­трэбныя вялікія плошчы. Шырыня жаткі — 11 метраў, бункер ёмістасцю 12500 літраў ён можа выгрузіць за 100 секунд.Сваю задаволенасць новай тэхнікай выказала і галоўны аграном філіяла «Гараны-Агра» Тамара Макарава. Расказала, што камбайн працуе хутка і вельмі якасна: у бункеры збожжа су­светнага класа!За некалькі дзён жатвы-2017 камбайнер Сяргей Гарбаценка разам з памочнікам — сынам Ігарам — выйшлі ў лідары раённага спаборніцтва па ўборцы збож­жавых культур. З мінулага аў­торка яны намалацілі ўжо 782,9 тоны збожжа.«Працуем з добрым настроем. Ураджай вырас нядрэнны, толькі б надвор’е не падвяло!» — вы­казаў пажаданне вопытны камбайнер.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *