Яшчэ два вадзіцелі ў Полацкім раёне, занятыя на адвозцы збожжа ад камбайнаў, перавезлі па тысячы тон каштоўнага грузу!

Заботы сельские

Яшчэ два вадзіцелі, занятыя на адвозцы збожжа ад камбайнаў, перавезлі па тысячы тон каштоўнага грузу! З нагоды гэтай добрай навіны мы накіраваліся ў чарговы раз ўшаноўваць пераможцаў раённага спаборніцтва сярод вадзіцеляў, якія працуюць на ўбо­рачнай-2017.

На сустрэчу з вадзіцелямі-лідарамі ў філіял «Гараны-Агра» ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў» і філіял «Мілк-Агра» ААТ «Полацкі малочны камбінат» паехалі старшыня Полацкага раённага аб’яднання прафсаюзаў Святлана Янічак, старшыня Полацкага райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Аляксандр Дабраслаўскі і карэспандэнт нашай газеты.
Першы наш прыпынак — у філіяле «Гараны-Агра». Сёлета менавіта гэтая гаспадарка — лідар на жніве ў Полацкім раёне. Тут ужо ўшаноўвалі першы экіпаж-тысячнік камбайнераў і ва­дзіцеля. І вось яшчэ адзін кіроўца Аляксандр Меліхаў сваёй адказнай працай праславіў родную гаспадарку. Мы і старшыня прафкама філіяла Галіна Кароўчанка сустрэліся з ім на зернетаку.

Аляксандр Дабраслаўскі ўручыў герою ўборачнай кампаніі традыцыйныя Падзячны ліст, грашовую прэмію, а таксама кепку і майку з прафсаюзнай сімволікай. Святлана Янічак шчыра павіншавала перадавіка, падарыла вымпел з сімволікай Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі і выказала падзяку за высокія паказчыкі ў працы, за старанне, імкненне як мага хутчэй убраць вырашчанае багацце з палёў філіяла. Аляксандр Віктаравіч працуе на «МАЗе-551605» другі год, сёлета адвозіць ура­джай ад двух замацаваных за ім камбайнаў. У кузаў загружае за раз каля 12 тон збожжа, за дзень перавозіць 140-150 тон. Ён выказаў задаволенасць сёлетняй ураджайнасцю пшаніцы, жыта і аўса. У мінулым годзе Аляксандр таксама адвозіў збожжа ад камбайна, за час уборачнай добра зарабіў: грошай хапіла на новую агароджу каля дома. Перадавік з жонкай і 6-гадовай дачкой жы­вуць у аграгарадку Гараны ў доме, які выдзеліла гаспадарка. Сёлетнюю «ўборачную» заработную плату плануе патраціць на школьныя форму і пісьмовыя прылады для сваёй дачушкі, якая пойдзе ў першы клас.

Трэці тысячнік

Вадзіцель філіяла «Мілк-Агра» ААТ «Полацкі малочны камбінат» Канстанцін Яшын стаў трэцім у Полацкім раёне, які перавёз тысячу тон залатога збожжа.
Павіншаваць працавітага хлопца, акрамя прыехаўшых у гаспадарку гасцей, пажадалі дырэктар філіяла Віталь Кузякоў і старшыня прафкама Святлана Ігнацюк.
Канстанціна Сяргеевіча мы напаткалі на зернетаку, куды ён на сваім «МАЗе-555142» прывёз свой чарговы груз. І зноў у адрас перадавіка гучалі віншаванні, на памяць аб сустрэчы і знамянальнай падзеі на жніве-2017 у яго застануцца вымпел, кепка, майка з прафсаюзнай сімволікай і грашовая прэмія.
Вадзіцель-тысячнік працуе ў гаспадарцы ўжо 15 год, як вярнуўся з арміі, так і круціць баранку. Але на ўборачнай малады мужчына працуе ўпершыню. Ганарыцца тым, што мае прамое дачыненне да забеспячэння харчовай бяспекі краіны. Штодзень на працу вадзіцель прыязджае з Глыбоцкага раёна, з Ломашаў. Здалёк? Ды не, ад Ломашаў да Начы ўсяго 5 кіламетраў! Напярэдадні нашай сустрэчы за дзень зрабіў 15 рэйсаў — больш за ўсе папярэднія дні. Кузаў яго жалезнага сябра ўмяшчае 6 тон аўса або 9 тон пшаніцы. Мы падлічылі, колькі яму давялося зрабіць рэйсаў, пакуль перавёз тысячу тон, — лічба атрымалася ўнушальная. Сваёй працай вадзіцель задаволены, ганарыцца яго поспехамі і сям’я — жонка з дачкой, якая перайшла ў трэці клас.
Мы спыталіся ў дырэктара філіяла наконт харчавання хлебаробаў. Даведаліся, што ў час масавых палявых работ працуе свая сталовая, повар штодзень прыязджае з гарпасёлка Ветрына. У дзень харчуюцца каля 20 чалавек — працуючыя ў полі і на зернетаку. Усе хлебаробы задаволены абедамі і падвячоркамі, таленавітаму повару перадаюць вялікае «дзякуй». Што датычыцца кошту абедаў, то згодна з калектыўным дагаворам, сума аплаты залежыць ад выканання нормы выпрацоўкі. Большасці хлебаробаў, хто шчыруе на роднай зямлі ад зары да зары, плаціць за абеды не давядзецца.

Суп і каша  — ад повара Наташы

Дзве працавітыя Наталлі адказваюць у фі­ліяле «Гараны-Агра» ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў» за якасць і смак абедаў для працаўнікоў філіяла, занятых на жніве.
Штодзень загадчыца вытворчасці сталовай Наталля Папкова і повар Наталля Малашук прыходзяць на працу ў 7.30 раніцы, каб да 12 гадзін паспець прыгатаваць абед для 60 працуючых у полі і на зернетаку. Гаранцам з паварамі пашанцавала: жанчыны любяць сваю поварскую справу, у кожную страву ўкладаюць душу і добра разумеюць адказнасць, бо ўпэўненыя: як чалавек падсілкуецца — так і працаваць будзе. У Наталлі Папковай калісьці бацька працаваў у гэтай жа гаспадарцы слесарам, яна памятае, як ён, стомлены, прыхо­дзіў з працы, і апетыт у яго быў адменны. Таму і для тых, хто сёння працуе ў філіяле, жанчыны гатуюць смачную, багатую калорыямі ежу, і порцыі прапаноўваюць немаленькія.

Тры дзясяткі чалавек прыходзяць і прыязджаюць абедаць у сталовую ў вёсцы Арцюхі, другой палове абеды і падвячоркі адвозіць у поле Вольга Анісковіч. Сёлета для выязных абедаў гаспадарка набыла новыя тэрмасы, дакупіла посуд. «Што ў меню камбайнераў?» — спыталіся мы ў добразычлівых павароў. Абедзве Наталлі наперабой пералічвалі: кашы, халодныя і гарачыя баршчы, зразы, катлеты, жаркое, курынае філе, стэйкі, дранікі з мясам, клёцкі…



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *