І ўздоўж аўтамабільных трас, якія вядуць у сёлетнюю сталіцу Дня беларускага пісьменства, размешчаны святочныя банеры

Главное

Свята, якое аб’ядноўвае тры падзеі — Дзень беларускага пісьменства,  500-годдзе беларускага кнігадрукавання і 1155-ты Дзень нараджэння Полацка, — зусім хутка. І не ўбачыць гэтага, не адчуць проста немагчыма…

Ужо сёння, нібыта паштоўкі-запрашэнні, «разляцеліся» птушачкамі па ўсім горадзе святочныя абвесткі — банеры — да кожнай з трох падзей. І ўздоўж аўтамабільных трас, якія вядуць у сёлетнюю сталіцу Дня беларускага пісьменства, яны таксама размешчаны. І не заўважыць іх немагчыма! Такім чынам, усе, хто тут праязджае, даведваюцца, што за значная падзея хутка адбудзецца ў Полацку. Дарэчы, плакаты цікава разглядаць: тут і выява постаці знакамітага беларускага першадрукара Францыска Скарыны, і галоўны атрыбут свята — кніга, і шчырыя ўсмешкі юных чытальнікаў… А які цудны слоган мы заў­важылі на банеры, што побач з аўтамабільным кальцом на скрыжаванні вуліц Петруся Броўкі і Багдановіча: «Асалода чытання»…

І тут жа фотаздымак дзетак, якія гартаюць кніжныя старонкі. Гледзячы на гэткае замілаванне, хочацца таксама ўзяць у рукі любімую кнігу і далучыцца да друкаванага беларускага слова, ад­чуць яго непаўторны смак і душой зрабіць крок у чароўны свет, які адкрываецца за роўненькімі радкамі літар.
Так, у свяце, да якога плённа і рупліва рыхтуюцца палачане, ёсць месца і лірыцы, і рамантыцы, і падарожжу праз стагоддзі, і, канечне, светлым, добрым марам.
А падрыхтоўка да сустрэчы гасцей і пачатку святочных мерапрыемстваў, можна лічыць, увайшла ў сваю фінальную стадыю. І няхай на праспекце Францыска Скарыны, які будзе цэнтрам асноўных святочных падзей, разам з водгукамі рэпетыцый музычных і тэатралізаваных відовішчаў яшчэ чуюцца і гукі газонакасілак, і гудзенне спецыяльнай тэхнікі — усе мы бачым, які аб’ём работы паспелі ўжо зрабіць.

Як папрыгажэлі фасады жылых дамоў, адміністрацыйных будынкаў, аб’ектаў гандлю і культуры, як пасвятлеў сквер, дзе ўстанавілі новыя сметніцы, замянілі, дзе была ў гэтым патрэба, тратуарную плітку. З пачуццём задавальнення едзем па вуліцах, дзе было абноўлена дарожнае пакрыццё. З цікавасцю назіраем, як завяршаюцца дарожныя работы на вуліцы Зыгіна…


Вельмі хочацца, каб, нягледзячы на даждлівае надвор’е, нейкія невырашаныя пытанні і планы, якія пакуль не рэалізава­ліся, у нас атрымалася адкрыць свае сэр­цы насустрач светламу святу, прасякнутаму глыбокім духоўным сэнсам і любоўю да сваёй роднай зямлі. Давайце ўзгадаем, што атмасфера, у якой адбываецца любая падзея, у першую чаргу залежыць ад агульнага настрою. Жадаю ўсім вам, паважаныя чытачы, адчуць гэты настрой і зберагчы.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *