Віншаванне cтаршыні Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Мікалая Шарснёва з Днём беларускага пісьменства

Главное

Віншаванне cтаршыні Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Мікалая Шарснёва

Паважаныя сябры!
Віншую вас з Днём беларускага пісьменства, які адзначаецца на старажытнай полацкай зямлі. Сімвалічна, што менавіта з Полацка, які завецца «бацькам гарадоў беларускіх», у 1994 годзе пачыналася гэта свята. Ганарова сустракалі Дзень беларускага пісьменства і Орша, Паставы, Глыбокае, аддаючы павагу роднаму слову і багатай нацыянальнай культуры.
Сёлетняя ўрачы­стасць — выключна адметная. Яна спалучае і 500-годдзе беларускага кнігадрукавання, і
1155-годдзе горада Полацка. Падзея мае, са­праўды, сусветнае значэнне.
Сын полацкага купца Францыск Скарына атрымаў выдатную адукацыю, акрамя роднай беларускай, валодаў польскай, чэшскай, стараславянскай, яўрэй­скай, грэчаскай і лацінскай мовамі. У 1517 годзе ў Празе заснаваў друкарню і выдаў «Псалтыр» і іншыя кнігі Старога Запавету.
Імя яго ўшанавана ў роднай Беларусі: адкрыты помнікі ў Полацку, Мінску і Лідзе, яго імем названы гімназіі ў Полацку і Мінску, універсітэт у Гомелі, заснаваны дзяржаўныя ўзнагароды — медаль і ордэн імя Ф.Скарыны.
Віцебшчына падаравала свету нямала слынных імёнаў: Еўфрасіння Полацкая, Васіль Цяпінскі, Сімяон Полацкі, Спірыдон Собаль, Уладзімір Караткевіч, Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, Жарэс Алфёраў. Уклад нашых землякоў у скарбонку нацыянальнай культуры і навукі цяжка пераацаніць.
У гэтыя дні ўсе шляхі вядуць у Полацк, дзе пройдуць дзясяткі цікавых і адметных мерапрыемстваў: міжнародны «круглы стол» беларускіх і замежных літаратараў «Дыпламатыя слова: Францыск Скарына ў сусветнай гуманітарнай прасторы», навукова-практычная канферэнцыя «Полацкія чытанні», фінал рэспубліканскага творчага конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка», урачыстае адкрыццё памятнага знака «Полацк — калыска беларускай дзяржаўнасці» і шмат іншага.
Нашы гісторыя і сучаснасць арганічна паяднаны. Мы павінны рабіць усё, каб захаваць унікальную спадчыну для нашчадкаў. Няхай святло роднага слова дае сілы і ўпэўненасць у заўтрашнім дні!
Жадаю вам здароўя, шчасця, міру і згоды, плённай працы і поспехаў!



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *